Не ведаюць мiгранты, куды iм бегчы.

Дурнi, шчэмяцца ў гэтую «пыльную Еўропу» замест таго, каб размясціцца ў квітнеючых аграгарадках краіны, падобнай да Швейцарыі.

І ў Расію, «шчодрую душу», не просяцца.

Здавалася б, не просяцца — і радуйцеся.

Але ж колькі ўсяго гавораць і пішуць у нас пра тых мігрантаў. «Гэта канец Еўропы», «Еўропа здурэла», «у Еўропе крызіс», «у Еўропе хаос». Ага, крызіс і хаос. Але пачытаеш укантакцік і фэйсбучак — аказваецца, дочкі тых самых нашых пісак і балабонаў там вучацца, у той загнілай Еўропе.

Чаму пісакі пішуць, ясна — каб стварыць уражанне, што ў Еўропе ўсё пагана, што там горш, чым у нас. Гэта там «развал маралі». Гэта там «ніхто аб простым народзе не думае», гэта там «у людзей ніхто не пытаецца».

Але сапраўды, чаму Еўропа прымае тых сірыйцаў? Чаму не «паставіць кулямёты на мяжы», як рэкамендуюць нашы «аналітыкі»?

Я пагаварыў пра мігрантаў з адной францужанкай, у жылах якой цячэ і беларуская кроў, яе дзед у свой час воляю лёсу знайшоў прытулак у Францыі.

Па-першае, сказала яна, глядзіце, колькі Францыя выйграла ад таго, што прымала імігрантаў: Шагал, Зінэдзін Зідан. Гэта людзі, якія стварылі для Францыі каласальнае багацце, якія яе праславілі.

Наш вопыт вучыць, што людзі з іншых краін прывозяць з сабой свой капітал, перадусім інтэлектуальны капітал.

Па-другое, кажа яна, вы глядзіце на сітуацыю са сваёй званіцы. Вы пастаўлены на мяжу нацыянальнай анігіляцыі, у вас па-беларуску не гаворыць ні адзін міністр, ні адзін генерал. А мы, кажа яна, не баімся. Мы — і не толькі мы, французы, але і датчане, шведы, усе малыя і вялікія нацыі Еўропы, — настолькі прывязаныя да сваёй мовы і культуры, настолькі шануем сваё, што мы ведаем: праз адно-два ці максімум тры пакаленні і тыя мігранты загавораць на нашай мове і пяроймуць нашы традыцыі.

Па-трэцяе, нашы краіны самі ў свой час, у 1970-я, прынялі рашэнне адкрыць кранікі іміграцыі, бо была патрэбная працоўная сіла.

Новыя імігранты, хоць ёсць і выключэнні, але гэта таксама працоўныя рукі. Захочуць жыць — будуць рабіць.

Па-чацвёртае, хваля міграцыі для нас не першая. Было шмат бежанцаў у час Другой сусветнай. Пасля былі хвалі іміграцыі з Алжыра, калі ён дасягнуў незалежнасці. З В’етнама, калі там перамаглі камуністы. З СССР пасля перабудовы. З Босніі, калі там ішла вайна ў 1990-я. Мы з вопыту ведаем, што, урэшце, усё стабілізуецца. Хтосьці з іх вернецца дахаты, калі там скончыцца канфлікт. Хтосьці асядзе ў нас.

Для нас іміграцыя — гэта пытанне «як і колькі іх прымаць», а не пытанне, «прымаць ці не прымаць» увогуле.

Па-пятае, кажа яна, я ўжо 30 гадоў чую пра «засілле чорных», пра тое, што «ісламскае мора заліе Еўропу». Але яшчэ няма ні адной краіны Еўропы, дзе б мусульмане ўтварылі палітычную партыю, якая б адолела ўмоўны пяціпрацэнтавы бар’ер. Так, у асобных краінах — Францыі, Германіі — праблема «імігранцкіх кварталаў», «чорных гета» існуе, але яна адвеку існуе і ў ЗША. Тым не менш асноўная маса прыбышоў такі ўрастае ў еўрапейскае грамадства і прымае еўрапейскі лад жыцця.

Па-шостае, мы кіруемся правам, і гэта святое. У Сірыі вайна, а ў Эрытрэі — дыктатура, не раўня вашай, беларускай.

Мы можам дэпартаваць цыгана назад у Румынію. Але куды дэпартаваць сірыйца? Там вайна, мы не можам выгнаць чалавека пад кулі.

Па-сёмае, ёсць фундаментальнае! Гэта спагада, гуманізм.

Калі чалавек просіць ратунку, трэба яго накарміць і напаіць, а тады ўжо разбірацца. Таму папа Францішак і папрасіў каталікоў прыняць сем’і ўцекачоў. Таму і Валенса заступіўся.

«Карацей, не перажывайце вы так за нас, перажывайце за сябе», — даволі рэзка сказала яна.

І, вы ведаеце, я з ёй згодны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?