Спадзеў А.Фядуты, што ў шэрагах «новай хвалі» апазыцыі лёгка знайсьці новых лідэраў, наіўны. Піша Юры Хадыка.

Зь цікавасьцю прачытаў у нумары «НН» за 14 красавіка артыкул А.Фядуты «Зьмена вех…». У першую чаргу таму, што ў ім выказаны шэраг цікавых ідэяў, якія лунаюць у паветры, у палітычным паветры Беларусі. А па-другое, таму што ён утрымлівае і некалькі спрэчных, калі не памылковых прапановаў.

Нельга не пагадзіцца з аўтарам, што А.Лукашэнку, які трапіў у цяжкое становішча пасьля «ашаламляльнай перамогі», нельга заганяць у кут. Гэты тэзіс, акрамя агульнагуманных, хрысьціянскіх меркаваньняў, патрабуе і палітычнага абгрунтаваньня.

Выбух народнага пратэсту паказаў, што ППРБ ня толькі не паслабіў, але ўзмацніў палітычную палярызацыю ў грамадзтве. Таму сумнавядомы тэзіс пра стабільнасьць ёсьць толькі прапагандысцкім штампам. Ён прызначаны для таго, каб схаваць тое небясьпечнае напружаньне, якое назапашваецца ў глыбінях сацыяльных пластоў і здольнае ў пэўны час выклікаць тэктанічныя зрухі ў грамадзтве. Адначасна брутальная фальсыфікацыя вынікаў галасаваньня ўзмацніла міжнародную ізаляцыю рэжыму, што хутка і выклікала зьяўленьне «чорнага сьпісу» неўязных беларускіх чыноўнікаў.

У саюзьніках менскага Чырвонага дому засталіся толькі Масква ды шэраг парыяў кшталту Кубы і Ірану. Характэрна, што першым зь перамогаю А.Лукашэнку павіншаваў У.Пуцін. Але адначасна галава «Газпрому» А.Мілер сувора папярэдзіў пра падвышэньне цаны на газ для Беларусі ўтрая. Такі скачок цэнаў пагражае спляжыць усю нашу гаспадарку. Патлумачыць яго нельга ніякімі рынкавымі меркаваньнямі. І да 19 сакавіка Масква мела цалкам дастатковую кампэнсацыю за танны газ.

Пагроза рэзкага падвышэньня цэнаў – гэта ўдар пугаю, мэта якога – паскорыць інтэграцыю. Гэтае замежнае слова ў маскоўскім разуменьні эквівалентнае паглынаньню Беларусі. Хоць бы па пуэртарыканскай мадэлі. У гэтай невялічкай карыбскай краіне дзьве афіцыйныя мовы – ангельская і гішпанская. Заканадаўчая ўлада належыць Кангрэсу ЗША, а выканаўчая – губэрнатару. Грашовая адзінка – амэрыканскі даляр, а ў эканоміцы пануюць амэрыканскія фірмы.

Пуэрта-Рыка лічыцца краінай, якая «добраахвотна далучылася» да ЗША. Яе тубыльцаў яшчэ можна неяк зразумець. Яны ахвяравалі сувэрэнітэтам, але далучыліся да эканамічнага і ваеннага гіганта. Яны забясьпечылі сабе мірнае і даволі заможнае існаваньне ва ўмовах райскай трапічнай прыроды. Да таго ж яны, як і амэрыканцы, у большасьці імігранты. Хаця і не добраахвотныя. Але Беларусь у выніку «добраахвотнага далучэньня» да Масквы не атрымае ні багацьця, ні трапічнай прыроды. Толькі вечную разруху, вайсковыя канфлікты ды процістаяньне з Захадам. А ў пэрспэктыве і з Усходам.

Здаецца, А.Лукашэнка разумее небясьпечнасьць маскоўскай палітыкі. Паціху прыглушаецца антыбеларуская прапаганда ў дзяржаўных СМІ. Сам прэзыдэнт старанна пазыцыянуе сябе як патрыёт Беларусі. Можна спадзявацца, што пачуцьцё ўласнай годнасьці ды прага да ўлады не дазволяць яму стаць на шлях, на які яго падштурхоўвае Крэмль. Каб узмацніць свае ўнутрыпалітычныя пазыцыі, ён імкнуўся разграміць апазыцыю з дапамогаю неверагодных лічбаў народнай падтрымкі. Лічбы гэтыя спн.Ярмошына яму намалявала. Але падтрымкі ня выйшла.

Таму А.Фядута мае рацыю. Над А.Лукашэнкам навісла пагроза прымусовай здачы сувэрэнітэту для выратаваньня ўласнага жыцьця. Аляксандар Язэпавіч параўнаў «ашаламляльную перамогу» 19 сакавіка зь перамогаю Напалеона на Барадзінскім полі. Пасьля той перамогі ў Банапарта былі адныя толькі паразы.

Але ж сувэрэнітэт – справа ня толькі Аляксандра Рыгоравіча. Гэта справа і апазыцыі, і ўсяго беларускага народу. Адсунуць пагрозу страты незалежнасьці можна толькі разам. Таму ня мае рацыі А.Фядута, калі патрабуе ад апазыцыі ня ўмешвацца ў меркаваныя перамовы кіраўніцтва РБ з Захадам, якія могуць стаць паратункам для ўлады А.Лукашэнкі. На гэтых перамовах Лукашэнка, на думку аўтара, будзе бараніць незалежнасьць, а Захад – дэмакратыю. Трэці – лішні. Памылковая схема. Ня ў стане Захад пабудаваць дэмакратыю ў Беларусі безь беларускай дэмакратычнай апазыцыі. І Лукашэнка адзін ня здолее абараніць сувэрэнітэт. Захад (ва ўсякім разе ЭЗ) ахвотна пагадзіўся б з аншлюсам Беларусі, каб пазбыцца галаўной болі, якую чыніць яму ППРБ.

Таму роля апазыцыі ў магчымых перамовах А.Лукашэнкі з дэмакратычным сьветам павінна быць самая актыўная. Яна павінна рыхтавацца да іх і дамагацца іх, паколькі яе сувязі зь міжнароднымі арганізацыямі і ўрадавымі коламі дэмакратычных краінаў больш трывалыя і лепшыя, чым у апошняга эўрапейскага дыктатара. Апазыцыя павінна прасіць Захад пазьбягаць эканамічных санкцыяў у сувязі зь непазьбежным падвышэньнем коштаў на энэрганосьбіты. Патрабаваць пакласьці ў падмурак перамоваў даўно сфармуляваныя АБСЭ прынцыпы дэмакратызацыі беларускага палітычнага рэжыму. А пасьля пачатку перамоваў парупіцца аб усталяваньні ўсебаковых эканамічных сувязяў з дэмакратычным сьветам.

Мяркую, што такая работа – а не разгортваньне вулічнай дэмакратыі – найважнейшая задача апазыцыі. Ва ўсялякім разе на бліжэйшы год. Таму зусім непрымальныя наіўныя заклікі А.Фядуты да «зьмены твару» апазыцыі. Гэтая ўлюбёная ідэя аўтара – проста вынік некрытычнага засваеньня эўрапейскага досьведу. У краінах са сталымі дэмакратычнымі традыцыямі і складзенай ужо палітычнай культурай сапраўды лідэры партыяў, якія пацярпелі паразу на выбарах, сыходзяць у адстаўку. Але для гэтага патрэбна, каб былі выбары, а не пародыя на іх. І каб у партыі была доўгая «лава запасных», добра падрыхтаваных да няпростай ролі лідэра.

Відавочна, што гэтага зараз у нас няма. Можна працягнуць параўнаньне мінулых выбараў з Барадзінскай бітваю. Уявім сабе, што б было з Расеяй, калі б М.Кутузаў пасьля нарады ў Філях бразнуў дзьвярыма. Ці малодшыя афіцэры перасталі падпарадкоўвацца старшым. Спадзеў А.Фядуты, што ў шэрагах «новай хвалі» апазыцыі будзе лёгка знайсьці новых лідэраў, наіўны. Безумоўна, партыі мусяць шырока адчыніць дзьверы для новых валянтэраў. Стварыць умовы і дапамагчы арганізавацца ахвотным у нейкую структуру, дзе патэнцыйныя лідэры маглі б прадэманстраваць свае здольнасьці. Калі ўжо ім недастаткова «новых» лідэраў у асобах А.Мілінкевіча і А.Казуліна, што ёсьць палітычны факт, а не палітычная хімэра.

Наагул, чытаючы экспрэсіўныя развагі А.Фядуты пра «новы твар» апазыцыі, міжволі прыгадаў славуты заклік несьмяротнага Мао. Чым скончыўся выкліканы ім «агонь па штабох» у часы культурнай рэвалюцыі ў Кітаі, добра вядома. Каля дваццаці год вялізарная краіна залізвала раны. Таму мааісцкія заклікі кепска патыхаюць. Зьмена лідэраў павінна адбывацца натуральным і дэмакратычным шляхам. Гэтаму і вучацца дзейныя партыі і аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. Але я перакананы, што ні апошняя выбарчая кампанія, ні падзеі 19–25 сакавіка не стварылі падставаў для экстраардынарнай зьмены існага кіраўніцтва.

Юры Хадыка – прафэсар фізыкі, намесьнік старшыні Партыі БНФ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0