9 верасня судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда на выязным пасяджэнні ў Лунінцы вынесла прысуд 43-гадоваму мясцоваму жыхару, які забіў жонку і цешчу.

Як паведаміў БелаПАН намеснік начальніка аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Аляксандр Жэшка, які падтрымліваў дзяржаўнае абвінавачанне, 23 студзеня прыблізна ў 21.00 мужчына прыйшоў дамоў нецвярозым і пагражаў жонцы забойствам, дэманструючы нож. Затым ён пайшоў, праз гадзіну вярнуўся з бейсбольнай бітай і зноў пагражаў забіць жонку. Ноччу яго дома не было. Раніцай 24 студзеня мужчына ўзяў у сваім аўтамабілі паляўнічую стрэльбу і прыкладна ў 7.30 зайшоў у кватэру. У прыхожай ён убачыў жонку і яе маці.

Спачатку мужчына стрэліў у цешчу, затым у жонку, якая паспела выбегчы на лесвічную пляцоўку. Абедзве жанчыны памерлі на месцы здарэння. 

Судовая калегія па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда прызнала мужчыну вінаватым у пагрозе забойствам (арт. 186 КК), забойстве дзвюх асоб (п. 1 ч. 2 арт. 139 КК) і прыгаварыла да 24 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У выглядзе кампенсавання маральнага ўрону з яго спагнана 200 млн. рублёў на карысць цесця. 

«У судовым пасяджэнні абвінавачаны сваёй віны не прызнаў, заяўляючы, што не пагражаў забойствам жонцы і стрэліў у яе і цешчу з-за неасцярожнасці», — паведаміў Жэшка. 

Раней мужчына судзімы не быў, прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці, у тым ліку як сямейны скандаліст.

Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. 

Як раней паведамляў БелаПАН, у сямейнай пары двое дзяцей: 18-гадовая дачка, якая жыве асобна ад бацькоў, і 12-гадовы сын. У момант забойства хлопчык гуляў на вуліцы з сабакам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?