Фота sb.by

Фота sb.by

За кіламетр ад Наваградка, паблізу вёскі Грабнікі, закладваецца падмурак першага ў краіне ветрапарку, піша «Савецкая Беларусь».

Яшчэ ў 2011 годзе ў Наваградку была збудаваная ветраэнергетычная ўстаноўка. Яе магутнасць склала 1,5 МВт — дагэтуль аналагаў ёй у Беларусі не было. Спецыялісты старанна назіралі і аналізавалі працу ветрака. І прыйшлі да высновы: энергазахавальны праект цалкам апраўдаў і акупіў сябе.

Больш за тое, ён даў энергіі на 20% больш, чым разлічвалі спачатку. Таму ў адпаведнасці з Дзяржпраграмай інавацыйнага развіцця на 2011—2015 гады і было прынята рашэнне аб будаўніцтве першага ветрапарку.

«Гэта сумесны беларуска-кітайскі праект, — распавёў галоўны інжынер Лідскіх электрычных сетак прадпрыемства «Гроднаэнерга» Віктар Сарока. — Нашы даўнія дзелавыя партнёры не толькі даставяць неабходнае абсталяванне з Шанхая і акажуць дапамогу ў яго мантажы, але і правядуць навучанне персаналу. Для абслугоўвання ветрапарку з'явіцца 10 новых працоўных месцаў. А пакуль што мы праводзім бетанаванне падмуркаў. Дарэчы, адна канструкцыя важыць 200 тон (усяго іх будзе пяць). Для таго каб надзейна яе зафіксаваць, спатрэбіцца каля 500 тон бетону і каля 40 тон стальной арматуры. І калі цяпер мы вымушаны «пераганяць» дарагую электраэнергію з Новалукомля, Белаазёрска і нават Смаленска, то пасля увядзення у эксплуатацыю ветраэнергетычнага парку энергазалежнасць раёна будзе паменшаная ў некалькі разоў».

Плануецца, што ўстаноўку абсталявання завершаць у маі 2016 года.

Вышыня адной ветраэнергетычнай устаноўкі — 80—88 метраў, а размах яе крылаў дасягае 45 метраў. На сваю намінальную магутнасць яна выходзіць пры хуткасці ветру 10 м/с, а яе лопасці пачынаюць круціцца пры 3 м/с. У выпадку ж перавышэння нормы парывістага ветру ўстаноўка тут жа складзе лопасці і спыніцца. Для гэтага дастаткова трох секунд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0