У Мінскай вобласці школьнік дапамог затрымаць педафіла.
Як паведамляе УУС Мінскага аблвыканкама, у канцы жніўня 11-гадовы вучань адной са школ Заслаўя расказаў бацьку аб тым, што на працягу апошніх некалькіх дзён у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» з ім перапісваецца незнаёмы мужчына. Мала таго, падазроны чалавек прапанаваў хлопчыку сустрэцца.
Бацька хлопчыка — аператыўны супрацоўнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС зразумеў, што размова можа ісці аб сур'ёзным злачынстве. Падчас сустрэчы ва ўмоўленым месцы мужчына быў затрыманы. Ім аказаўся 28-гадовы нідзе не працуючы жыхар Мінска. Мужчына не змог выразна растлумачыць мэты сустрэчы з малалетнім дзіцем.
Вывучэнне мабільнага тэлефона затрыманага і іншыя аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы паказалі, што на працягу некалькіх месяцаў мужчына перапісваўся з некалькімі малалетнімі хлопчыкамі. Увайшоўшы ў давер, ён прапаноўваў некаторым з іх сустрэцца ў малалюдных месцах, абяцаючы за гэта перавесці на іх рахункі ў інтэрнэт-гульнях віртуальныя грошы — так званыя «бонусы».
Папярэдне ўстаноўлена, што як мінімум у дачыненні да аднаго з малалетніх хлопчыкаў мужчына пры сустрэчы ўчыніў гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару.
Упраўленнем СК па Мінскай вобласці ў дачыненні да затрыманага расследуецца справа па ч. 3 арт. 167 КК. Праводзяцца далейшыя следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы.
Начальнік упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі УУС Мінскага аблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Алег Сільвестровіч наведаў школу, дзе вучыцца хлопчык, які дапамог затрымаць небяспечнага злачынцу. У прысутнасці аднакласнікаў падзякаваў яму за садзеянне міліцыі і ўзнагародзіў каштоўным падарункам — мабільным тэлефонам.