Фота Настассі Храловіч

Усякі пасажыр, чыё жыццё вымушана праходзіць у аўтобусе паміж беларускай і літоўскай сталіцамі, ведае, што на гэтым маршруце дзве трасцы. Першая — ашмянскія кантрабандысткі, другая — авіяпадарожныя.

Пра першых варта пісаць асобна, Сяргей Пясэцкі прысвяціў бы ім трагікамічны нарыс. Зазначу толькі што ў дзвюх трацінах выпадкаў абаяльнае «мужчіна, сігарет не возьмёце?» заканчваецца дадатковай гадзінай тырчання на літоўскай мяжы з разборам мытнікамі салона на панелькі і кілімчыкі з мэтай выяўлення сховаў, зладжаных бабулямі. З чаго яны жывуць – не ведаю, бо кожны рэйд суправаджаецца канфіскацыяй тавару і неаспрэчнай ідэнтыфікацыяй парушальніц. Сам факт наяўнасці гэтага бізнесу, з улікам невялічкай маржы ды неабходнасці адкатаў, – загадка, вартая Уорэна Бафета.

Што да другіх, дык яны -– мы ўсе. Кожны з нас хаця б раз у жыцці ляцеў у Хургаду, Стамбул, Мадрыд ці Нью-Дэлі праз Маскву, Вільню, Варшаву ці Кіеў.

Акалічнасць, што падаецца другаснай, стварае не толькі асобны побыт, яна падрывае нашую ідэнтычнасць. Дык дзякуй табе, «Белавія», што ў кожнага з нас чатыры дамы! Прычым Мінску ў пераліку тых дамоў няма!

Фота РІА Новості

Фота РІА Новості

Што такое дом сёння, у ХХІ стагоддзі?

Сто гадоў таму дом быў месцам, куды мужык прыводзіць каня пасля працы на полі; дзе жанчына мае разоры; дзе расце любімая груша, а па восені ападаюць з дрэў яблыкі. Пяцьдзясят гадоў таму дом быў месцам — пераважна тыповай гарадской панелькай, – дзе свежаспечаны перасяленец з вёскі глядзеў на сваім чорна-белым тэлевізары праграму «Время». Сёння зусім іншая рэальнасць. Сёння для большасці гараджанаў жыццё праходзіць паміж інтэрнэтам і бізнес-пералётамі. Франкфурцец вяртаецца з Хургады ў Франкфурт. Дортмундзец — у Франкфурт ці Берлін. Масквіч ляціць з адпачынку ў Маскву. Украінец – у Кіеў. І кожны раз, як шасі самалёта кранае ўзлётна-пасадачную паласу, па душы разліваецца асалода – нарэшце прыляцеў! Можна абняць каханую, можна адпачыць пасля вандроўкі.

У нас момант, калі шасі самалёту кранае УПП, азначае, што наперадзе яшчэ шма-а-ат мітусні. Ноч у аўтобусе. Мытня, мяжа, і ўсё гэта з валізамі, чорт бы іх пабраў!

Мы, беларусы, прызвычаіліся вяртацца праз Вільню, Кіеў ці Варшаву. Сталіцы дзяржаваў, якія не ёсць Беларуссю. Бо так танней.

Настолькі танней, што гэткі трып робіцца вартым пакутаў, якія абавязкова суправаджаюць бадзянні па зімовай Маскве, катаванне, імя якому — пераезд з Шарамецева ў Дамадзедава (ды і само Дамадзедава ёсць відавочным катаваннем)!

Зразумела, гэта не таму што мы такія дурныя ці збяднелыя! Да вандроўкі праз далёкія і часцяком варожыя (згадайма мянтоў у Шарамецева ці простую спробу падсілкавацца ў Маскве не за $50) краіны штурхае зухаватая дбайнасць мясцовых авіяцыйных уладаў.

Гэта замкнёнае кола: яны не пускаюць сюды еўрапейскіх лоўкостараў, каб жыла і квітнела «Белавія». «Белавія» тым часам у сваіх цэнах і іх супастаўленні з сэрвісам і геаграфіяй маршрутаў абурэла настолькі, што карыстацца яе паслугамі можа хіба толькі дзяржаўны чыноўнік, якому квіткі на іншыя кампаніі не кампенсуе бюджэт.

Складанасці з пераездам адпужваюць большасць замежных турыстаў, якім непрыкольна аддаваць за трып з Мадрыда столькі, колькі каштавала б злятаць у Парыж чатыры разы.

Краіна застаецца без наведнікаў, а мы, небаракі, зноўку знаходзім сябе ў перапоўненым аўтобусе на Вільню.

На першым, уязным, складніку праблемы засяроджвацца не буду: для таго ў нас ёсць спецыяльныя ведамствы з велізарнымі бюджэтамі. Скажу толькі, што адзін (!) танны хостэл на Рэвалюцыйнай зрабіў для заахвочвання цікаўнасці замежнікаў да нашай краіны болей за ўсе гламурныя відосы пра «Беларусь, кей турыстык атрэкшан» з кастурбаватай англійскай і якой сотняй праглядаў на ютубе.

Дык думайце, хлопцы.

Жадаеце развіваць турызм — дамагайцеся зніжэння airport costs і зрабіце так, каб тут апынуліся WizzAir, AirBaltic, AirBerlin і тузін іншых cheap solutions. Апынуліся без радка «flight operated in cooperation». Зрабіце, каб пералёт у любую еўрапейскую сталіцу адсюль каштаваў 100 еўра і не вымагаў трох перасадак на SkyScanner.

Мая цікаўнасць — выключна антрапалагічная. Паўтаруся, дом у ХХІ стагоддзі — гэта месца, дзе прызямляецца самалёт, які вязе цябе з адпачынку ці бізнесу.

На сёння «Белавія» і ўся нашая авіяінфраструктура працуе на заахвочванне наземнага турызму ў Кіеў, Вільню і Варшаву.

Дык калі вы не дбаеце пра нашыя кішэні, падбайце пра свае прыбыткі! Ці нармальна, што ў Мінску стварылася паўнавартасная індустрыя абслугоўвання еўрапейскіх лоўкостараў, ёсць прыватныя кампаніі, напрыклад, http://sheddi.ru/, гатовыя даставіць цябе ў Вільню на аўтобусе непасрэдна ў аэрапорт? Ці вы не ведаеце пра прычыны загружанасці начных рэйсаў у Вільню і матываванасць такіх рэйсаў Ecolines, што стартуюць а трэцяй ночы, каб толькі даставіць пасажыраў пад вылет AirBaltic?

Мне цяжка зразумець нюансы самапазіцыянавання «Белавіі».

Чаму ў кампаніі, якая працуе на беларускім рынку па беларускіх законах, цэны ўказаныя ў еўра, а не ў беларускіх рублях? Дзе беларуская мова ў бартавым часопісе? Што, Samsung — больш беларускі брэнд за «Белавію»? Дык чаму ягоныя буклеты болей беларускія? А?

У нас ужо з’яўляюцца канкурэнтныя брэнды ў харчаванні — пасля таго як загнулася летуценная ідэя Мінгандлю супрацьставіць «Макдональдсу» «Беларускае бістро» з мокрымі дранікамі ў меню, пасля таго як прыйшлі BurgerKing, Papa Johns і вось-вось з’явіцца KFC, астатнія рэстаратары бюджэтнага сегменту трымаюць цэны, бо ведаюць: галодным ёсць куды ісці. А вандроўным ісці няма куды. Неба закрытае. Краіна пад іржавымі крыламі.

Сфера авіяцыі, прынцыповая для міжнароднага іміджу, застаецца ў савецкім мінулым, калі адзінае, што могуць прапанаваць табе на борце, — ветлівасць сцюардаў.

І зноўку: грамада, што раз на месяц сядае ў аўтобус на Вільню, проста каб некуды паляцець, заўсёды застанецца правінцыйнай.

І зноўку: па постіндустрыяльных паняццях цяпер нашыя сталіцы — Вільня, Масква, Кіеў і Варшава. І зноўку: мне сорамна, што літоўцы глядзяць на нас як на дзікуноў праз тое, што мы вымушаныя шопіцца ў «Акропалісе» і лётаць праз Вільню. Маўляў, гэтыя беларусікі нават самалёты не засвояць!

Я хачу лятаць у Барселону з Мінска за 100 еўра ў абодва бакі і не бачу перашкод для гэтага.

Пратэкцыянізм у стратэгічных кірунках вядзе да заняпаду гэтых кірункаў, а не да іх развіцця. Зрабіце нарэшце Мінск перакрыжаваннем сусветных маршрутаў, а ягоны аэрапорт — лагістычным цэнтрам, супастаўляльным са Стамбулам ці Франкфуртам.

Аўтобусы ў Вільню павінныя вазіць тых, хто едзе туды на экскурсію ў радзівілаўскі палац, а не небарак, што супраць волі вымушаныя адчуваць Літву сваім другім домам. Будзьце нарэшце патрыётамі!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?