Браты Сяргей і Аляксандар Скрабцы сёньня абвясьцілі бестэрміновую галадоўку пратэсту. Такім чынам Скрабцы зьбіраюцца дамагацца вызваленьня з турмаў палітвязьняў Аляксандра Казуліна, Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма.

«Мы доўга абмяркоўвалі з братам, ці варта пачынаць галадоўку. Вырашылі, што ўсё ж трэба. Асабліва цяпер, калі і ЗША і Эўрасаюз адзінагалосна патрабуюць вызваленьня беларускіх палітвязьняў. Наша краіна цяпер знаходзіцца ў цяжкім палітычным і эканамічным становішчы», – кажа былы дэпутат палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.

Пакуль галадаць будуць толькі яны удвух, але былы палітвязень упэўнены, што іхнюю акцыю пратэсту падтрымаюць і іншыя грамадзкія дзеячы. Сяргей Скрабец кажа, што сам асабіста прасіў Казуліна, каб спыніў галадоўкі, дзеля ягонага здароўя.

Для Сяргея Скрабца гэта ўжо сёмая ці восьмая галадоўка, ён сам ужо ня можа ўзгадаць дакладную лічбу. Апошні раз такім чынам ён пратэставаў яшчэ ў віцебскай турме. Перад самым вызваленьнем Скрабец у знак салідарнасьці з Казуліным адмаўляўся ад ежы цягам амаль 25 дзён. Па словах Сяргея, ягоны брат таксама мае досьвед галаданьня, але ўжо досыць даўні.

«Мы ня будзем рабіць з галадоўкі нейкае шоў. Ляжаць у пакоі, каб да нас прыходзілі журналісты і дыпляматы. Будзем галадаць актыўна, працягваць удзельнічаць у палітычным жыцьці краіны. Абавязкова прымем удзел у сьвяткаваньні Дня Волі», – кажа Сяргей Скрабец.

Зьміцер Панкавец

Спампаваць файл відэа на кампутар у добрай якасьці (11 Мб) можна па гэтай спасылцы

Стэнаграма відэаінтэрвію Сяргея Скрабца

«Сёньня Злучаныя Штаты Амэрыкі і Эўразьвяз запатрабавалі, каб нашыя ўлады адпусьцілі палітвязьняў. Аляксандар, Казулін, Андрэй Кім і Сяргей Парсюкевіч зараз знаходзяцца за кратамі. Мы падтрымліваем гэтае патрабаваньне, бо ў нашай краіне на сёньняшні час па‑ранейшаму няма грамадзянскіх свабодаў, усё грамадства запужанае, працягваюцца рэпрэсіі. Мы лічым, што ня толькі Эўразьвяз і Злучаныя Штаты павінны бароцца за нашу свабоду, але і мы самі беларусы таксама павінны гэта рабіць. Таму мы абвесьцілі сёньня галадоўку.

Тут вельмі цяжка гаварыць, даб’емся мы перамогі ці не. Але, вы ведаеце, калі мы галадалі ў парлямэньце, патрабавалі, каб пытаньне па выбарах, нашыя папраўкі былі ўнесеныя, то гэтае пытаньне ўсё‑такі было разгледжанае. Калі мы галадалі з Казуліным, каб пытаньне паднялі ў Савеце Бясьпекі ААН — таксама гэта было зроблена. Я таксама праводзіў галадоўку за кратамі, дабіваўся, каб разгледзелі пытане па прымяненьні да мяне амністыі, і гэта таксама было зроблена. Ня ўсе галадоўкі, я лічу, былі непасьпяховыя. Улада вымушана прыслухоўвацца да людзей, да грамадства. Калі мы знойдзем падтрымку ў простых людзей, то палітвязьні павінны апынуцца на свабодзе ў бліжэйшы час.

Першы час нескладана, але калі далей сіл будзе не хапаць, то будзем сядзець дома. Вы ведаеце, гэта будзе залежаць ад агульнага становішча. Мы плянуем прыняць удзел у акцыі на Дзень Волі, у іншых акцыях апазіцыі. Пакуль будуць сілы, мы будзем змагацца, бо самі па сабе дэмакратычныя перамены ня прыйдуць у нашую краіну. Для іх трэба нечым ахвяраваць».

Відэа: Алесь Бондар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0