Менш за ўсіх пашанцавала Таццяне Караткевіч — ад яе старанна падрыхтаванай прамовы засталіся толькі словы падзякі сваёй ініцыятыўнай групе.

Прамову ж прадстаўніка Лукашэнкі Міхаіла Орды у эфір пусцілі амаль цалкам, прыбралі толькі падзякі ініцыятыўнай групе і ЦВК.

Алесь Пілецкі на Еўрарадыё расшыфраваў поўныя версіі прамоваў, чорным выдзеленыя тыя словы, якія пачула краіна.

Караткевіч

Сёння я атрымліваю рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, як спрацавала мая каманда. Дзякуючы тым людзям, якія падпісаліся ў маю падтрымку. Шчыра, ад усяго сэрца я ім сёння дзякую.

Я ганаруся тым, што сёння з’яўляюся адзінай дэмакратычнай альтэрнатывай і прадстаўляю тых людзей, якія хочуць мірных пераменаў. Якія падпісаліся за маё вылучэнне. І тая большасць людзей, якія 11 кастрычніка аддадуць свой голас за мяне — яны ўсе выдатна ведаюць і разумеюць, што ўлада павінна мяняцца. Мяняцца мірна.

Самыя развітыя, багатыя краіны, гэта тыя, дзе людзі не займаюць пост прэзідэнта больш чым два тэрміны.

Беларусі сёння патрэбны новы кіраўнік дзяржавы. Новая каманда.

Апошнія пяць гадоў з гэтай старой камандай паказалі, што яны былі лішнімі. За гэты час якасць жыцця нашых грамадзян стала значна горшай. А калі ўзгадаць абяцанні Лукашэнкі пра тысячны заробак, то дзе ён? Давайце ўзгадаем і зазірнем у нашы кашалькі. Там значна менш грошай, чым было пяць гадоў таму. Прычына гэтага ў застоі, які прывёў да глыбокага эканамічнага крызісу. Прычына гэтага ў бяздзеянні ўладаў.

Даць гэтай уладзе яшчэ пяць гадоў, гэта значыць яшчэ больш пагоршыць наша становішча. Нам патрэбныя новыя лідары. Нам патрэбныя новыя ідэі. Нам патрэбныя новыя метады. Менавіта гэта патрэбна, каб Беларусь зрабіла крок наперад. Выйшла з крызісу. Забяспечыла эканамічнае развіццё і дабрабыт у беларускіх сем’яў.

Лукашэнка сёння стаміўся. Яму трэба адпачыць. Так будзе лепш для ўсіх.

Мірныя перамены, толькі так. Дзякуй за ўвагу.

Гайдукевіч

Вы ведаеце, я ганаруся, што з’яўляюся лідарам найбуйнейшай Ліберальна-дэмакратычнай партыі ў нашай краіне. Для мяне гэта вялікі гонар. Калі я збіраю подпісы, я ведаю, што мяне падтрымлівае ў Рэспубліцы Беларусь велізарная колькасць людзей. Гэта добра. Бо я за моцную Беларусь. Дэмакратычную, суверэнную, каб над нашай краінай было мірнае неба. Каб мы жылі ў спакоі, міры і згодзе, дарагія грамадзяне. Каб вы заўсёды памяталі як я гаварыў: парадак у краіне — гэта заможнасць у доме. Я за годную пенсію. За годны заробак. Я за моцную Беларусь. Квітнеючую і мірную. І я зраблю ўсё, што ад мяне залежыць у гэтай прэзідэнцкай кампаніі, каб людзі пачулі мяне ад вёскі да горада Мінска. Я спадзяюся, што гэтая прэзідэнцкая кампанія пройдзе ў такім духу і такім разуменні. І хай людзі вырашаюць, што яны хочуць, і што яны хочуць чуць. Гэта мы вызначым пасля прэзідэнцкай кампаніі. За Беларусь!

Улаховіч

Я ўпершыню ўдзельнічаю ў гэтай кампаніі. Дарослым чалавекам, з дарослымі амбіцыямі, ведаючым эканоміку. Я чалавек дасведчаны. Маю на ўвазе, у вытворчасці. Працаваў і кіраваў. Таму я іду ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, спадзяюся прынесці карысць Радзіме, на сённяшні дзень не такая ўжо і простая абстаноўка. Так, насамрэч, крызіс закрануў усіх. Шмат хто спрабуе патлумачыць, вырашыць невырашальнае. Будзем працаваць разам, будзем яго пераадольваць. Я рад, што сёння стаю перад вамі ў якасці кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Усё.

Орда

Наша ініцыятыўная група працавала ў гарадах, раённых цэнтрах, паселішчах, вёсках і ўсё, што мы ўбачылі, варта адзначыць — людзі ставяцца да гэтых выбараў неабыякава. Людзі разумеюць, што вырашаецца лёс краіны. Кандыдатуры Аляксандра Рыгоравіча аказаная, шляхам збору подпісаў, беспрэцэдэнтная падтрымка. І людзі падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі, паставілі свой подпіс за яго, як за мудрага і моцнага палітыка. Яны падтрымалі Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку, як нацыянальнага лідара, які ніколі не сыходзіў ад праблем і заўсёды быў адказным за сваю краіну і свой народ. Я дзякую за якасную працу ўсім членам ініцыятыўнай групы, дзякую членам Цэнтральнай выбарчай камісіі за працу. Дзякуй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?