Сілы бяспекі ў Егіпце па памылцы забілі 12 чалавек, сярод якіх былі турысты з Мексікі, прыняўшы іх за ісламістаў, якія дзейнічаюць у Заходняй пустыні блізу лівійскай мяжы.
Паводле паведамлення МУС Егіпта, яшчэ прынамсі 10 чалавек атрымалі раненні ў выніку стральбы, адкрытай вайскоўцамі. Сярод пацярпелых ёсць як грамадзяне Егіпта, так і турысты з Мексікі.
Інцыдэнт адбыўся, калі чатыры джыпы з мексіканскімі турыстамі заехалі ў «забароненую» зону.
Егіпецкае МУС займаецца расследаваннем інцыдэнту.
За дзень да гэтага джыхадысцкая групоўка, звязаная з «Ісламскай дзяржавай», абвясціла, што яе баевікі знаходзяцца ў Заходняй пустыні.
Гэты рэгіён папулярны ў турыстаў, але ў апошні час ён стаў вядомы і як база ісламістаў.