Ад рэдактара
Ёсць тры факты.
1) У Беларусі выбарчыя камісіі ўзначальваюць асобы, падкантрольныя Аляксандру Лукашэнку. 2) Выбарцаў змушаюць галасаваць датэрмінова, што ўжо само сабой падазрона. 3) Падлік бюлетэняў пасля галасавання вядзецца такім чынам, што назіральнікі не могуць іх пералічваць.
У такіх выбарах немагчыма «перамагчы» таго, хто іх арганізоўвае. Гэта спектакль, а не выбары, кажуць Мікалай Статкевіч, Анатоль Лябедзька і Павел Севярынец.
Яны заклікалі Таццяну Караткевіч зняцца на адным з этапаў кампаніі, каб сваім удзелам не надаваць спектаклю легітымнасці.
Таццяна Караткевіч, з нейкіх прычын, здымацца не хоча.
Гэта што датычыць удзелу ці няўдзелу.
Аднак што датычыць праграмы, то праграма Таццяны Караткевіч – гэта праграма ўсёй апазіцыі.
Што ж прапануе апазіцыя? Прапануем Вашай увазе.
Прэзідэнт павінен накіраваць сваю працу ў першую чаргу на стварэнне ўмоў для павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзян Беларусі, што можа быць ажыццёўлена толькі на аснове эфектыўнай эканомікі. Пазітыўныя перамены немагчымыя без правядзення глыбокіх палітычных рэформаў і эканамічных рэформаў.
Праграма заснавана на пытаннях «Народнага рэферэндуму».
Сацыяльная палітыка: клопат пра людзей і сацыяльная справядлівасць
Галоўным прынцыпам сацыяльнай палітыкі павінен стаць прынцып роўных магчымасцяў, заснаваны на сацыяльнай справядлівасці і сацыяльнай салідарнасці моцных і слабых.
У сацыяльнай сферы неабходна вярнуцца да ўжо прадэклараваных у Канстытуцыі гарантыяў і ажыццявіць шэраг рэформаў:
Бясплатная дзяржаўная медыцына — забяспечыць доступ усіх грамадзян да якаснага медыцынскага абслугоўвання пры паралельным развіцці сістэмы страхавой і прыватнай медыцыны.
Бясплатная дзяржаўная вышэйшая адукацыя — адмяніць плату за вучобу ў дзяржаўных навучальных установах як супярэчную Канстытуцыі. Вярнуць студэнтам ільготы на праезд транспартам усіх відаў і іншыя льготы.
Пенсійная рэформа — не павышаць пенсійны ўзрост да нармалізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Плаціць поўныя пенсіі працуючым пенсіянерам. Распрацаваць сістэму накапляльных пенсій, спрыяць стварэнню прыватных незалежных пенсійных фондаў разам з дзяржаўнымі.
Адрасная сацыяльная дапамога — распрацаваць эфектыўную сістэму сацыяльнай дапамогі ў выглядзе адрасных грашовых выплат, асабліва грамадзянам з абмежаванымі магчымасцямі, у тым ліку на праезд у грамадскім транспарце і камунальныя плацяжы. Пашырыць удзел грамадскіх арганізацый у сацыяльнай дапамозе насельніцтву праз дзяржаўную сацыяльную замову.
Рэформа працоўных узаемаадносін — перагледзець кабальную кантрактную сістэму найму на працу, Адмяніць паборы дзяржавы з грамадзян, якія страцілі працу ў выніку эканамічнага крызісу. Аказаць эфектыўную дапамогу ў набыцці новай спецыяльнасці і ў адкрыцці ўласнай справы. Абарона правоў работнікаў павінна ажыццяўляцца не бутафорскімі, а незалежнымі прафсаюзамі на аснове эфектыўна дзейных калектыўных дамоваў.
Пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы — аднавіць «чарнобыльскія праграмы»: у поўным аб'ёме вярнуць ільготы пацярпелым грамадзянам і забяспечыць безумоўнае выкананне мер па пераадоленні наступстваў катастрофы. Стварыць не фармальную, а сапраўды эфектыўную сістэму медыцынскага абследавання ўсіх катэгорый пацярпелага насельніцтва — абследавацца павінны ўсе жыхары на рэгулярнай аснове з ужываннем сучасных методык і абсталявання
Дапамога сем'ям — аказваць актыўную падтрымку сем'ям з дзецьмі, стварыць сістэму падатковых ільгот у інтарэсах сям'і, садзейнічаць усім формам прадпрымальніцкай дзейнасці сем'яў. Распрацаваць праграму будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай індывідуальных жылых дамоў на ўласным зямельным участку.
Моладзевая палітыка — распрацаваць і рэалізаваць праграму моладзевай палітыкі, якая ўключае дзяржаўную падтрымку грамадскай і прыватнай ініцыятывы моладзі. Спрыяць атрыманню адукацыі за мяжой.
Бізнэс на службе сацыяльнай палітыкі — распрацаваць сістэму падтрымкі сацыяльна адказнага бізнэсу, стымуляваць інвестыцыі працадаўцы ў сістэму сацыяльнай абароны работнікаў свайго прадпрыемства.
Даступнае жыллё — распрацаваць доўгатэрміновыя горадабудаўнічыя планы кожнага населенага пункта з улікам натуральных дэмаграфічных працэсаў. Аптымізаваць усе этапы будаўнічага працэсу з мэтай прывесці кошт стандартнага метра жылля які даступны для сярэдняй беларускай сям'і.
Эканамічнае абнаўленне: развіццё прадпрымальніцтва і прамысловасці, прыцягненне інвестыцый
Толькі эфектыўная эканоміка, якая развіваецца на аснове прынцыпаў і падыходаў, ужо рэалізаваных у паспяховых краінах, можа стаць асновай павышэння ўзроўню і якасці жыцця грамадзян.
Дзяржаўныя фінансы — стабільная валюта і абарона укладаў, забеспячэнне незалежнасці нацыянальнага банка, стрымліванне інфляцыі, абсалютная захаванасць і таямніца прыватных укладаў, даступнасць банкаўскага крэдыту, спыненне растраты дзяржаўных сродкаў па запытах галіновых лабістаў.
Прыцягненне інвестыцый — стабільная падатковая сістэма і празрыстасць: увядзенне 5-гадовага мараторыя на заканадаўчыя змены ў падатковай сістэме, спрошчанае падаткаабкладанне, стварэнне стабільнай заканадаўчай базы, уключаючы Інвестыцыйны кодэкс, які будзе гарантаваць нязменнасць умоў заключэння дамовы з інвестарам. Канфіскацыйныя меры, высокія штрафныя санкцыі ў дачыненні да бізнэсу і сакрэтныя распараджэнні выканаўчых органаў будуць адменены.
Дзяржаўная дапамога — мадэрнізацыя стратэгічных прадпрыемстваў і прыярытэт у развіцці новых сектараў эканомікі: стратэгічныя прадпрыемствы будуць мадэрнізаваны з дзяржаўнай падтрымкай і стануць канкурэнтаздольнымі не толькі ў Расіі, але і ва ўсім свеце. Рашэнне аб мадэрнізацыі будзе прымацца не адным чалавекам, а антыкрызіснай камісіяй, якая ствараецца для працы з кожным праблемным прадпрыемствам. Дзяржава будзе садзейнічаць развіццю найбольш канкурэнтаздольных галін: інфармацыйных тэхналогій, экалагічнага турызму, транзіту і лагістыкі, ваенна-прамысловага комплексу, альтэрнатыўнай энергетыкі. Беларусь стане зборачным цэхам Еўропы і Еўразіі і апорнай пляцоўкай эканамічных абменаў паміж Усходам і Захадам.
Самастойнасць прадпрыемстваў — кіраўніцтву прадпрыемстваў будзе дадзена права на рызыку і дзелавую ініцыятыву, яны будуць вызваленыя ад выканання заданняў міністэрстваў і ведамстваў па нарошчванні выпуску неканкурэнтаздольнай прадукцыі і нямэтавага ўкладання сродкаў.
Развіццё энергетычнага сектара — будзе рэалізаваны агульнаеўрапейскі падыход: укараненне энергазберагальных тэхналогій і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі без экстэнсіўнага нарошчвання генерыруючых магутнасцяў. Асабліва небяспечнай і дарагой АЭС.
Стварэнне працоўных месцаў — канкурэнтная і інвестыцыйна прывабная эканоміка будзе садзейнічаць стварэнню новых працоўных месцаў і самазанятасці.
Развіццё навукі — беларуская навука павінна аднавіць згубленыя пазіцыі шляхам стымулявання ўцягнутасці ў сусветную навуковую кааперацыю і аказання мэтавай дзяржаўнай падтрымкі эфектыўных распрацовак.
Свабодны фінансавы рынак — выпуск у свабоднае абарачэнне акцый. Гэта створыць новыя магчымасці зберажэнняў, крэдыту і інвестыцый для грамадзян і прадпрыемстваў, будзе садзейнічаць зніжэнню крэдытнай працэнтнай стаўкі.
Развіццё іпатэкі і ўладкаванне малых гарадоў — камфортныя месца пражывання і працы, новыя прадпрыемствы і крыніцы заробку, развіццё іпатэкі, узровень даходаў павінен дазваляць сем'ям набыць уласнае жыллё ў сярэднім на працягу пяці гадоў.
Развіццё бізнэс-асяродку — стабільная валюта, стабільная падатковая сістэма, абарона укладаў, празрыстасць дзяржаўнай эканамічнай палітыкі, развіццё фінансавага рынку, зніжэнне дыктату дзяржавы ў дачыненні да дзейнасці прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці прывядзе да дынамічнага развіцця бізнэсу. Роўныя ўмовы для канкурэнцыі дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў.
Сельская гаспадарка — прыняць і рэалізаваць праграму рэфармавання сельскай гаспадаркі на аснове шматукладнасці, свабоднага развіцця ўсіх формаў уласнасці і стварэння рынку зямлі, з ахоўваннем эфектыўных калектыўных гаспадарак і падтрымкі фермераў.
Сучасная і эфектыўная дзяржава
Закон стане падмуркам беларускай дзяржавы. Беспярэчнае выкананне разумных законаў зробіць Беларусь багатай і стабільнай краінай. Але закон запрацуе толькі тады, калі мы створым баланс уладаў.
Канстытуцыйная рэформа — Беларусь павінна быць парламенцка-прэзідэнцкай краінай. Адзін чалавек не можа вечна кіраваць дзяржавай. Прэзідэнт будзе абірацца тэрмінам на 5 гадоў і не больш, чым на два тэрміны. У сучаснай краіне ўлада калектыўная, а не аднаасобная. Парламент з прадстаўнікамі кожнага рэгіёну павінен стаць на абарону інтарэсаў усіх беларусаў. Дэпутаты будуць мець рэальную ўладу на прыняцце рашэнняў.
Рэформа сістэмы мясцовага самакіравання — Беларусь падпіша Еўрапейскую Хартыю мясцовага самакіравання і будзе прытрымлівацца яе асноўных палажэнняў. У новай Беларусі жыхары самі выберуць мясцовых кіраўнікоў. Прамыя лакальныя выбары зробяць чыноўнікаў залежнымі ад людзей. Мясцовыя лідары, якія прыйдуць па ініцыятыве знізу, будуць разумець і вырашаць праблемы іх грамадзян, а не выконваць жаданні мінскіх чыноўнікаў.
Незалежнасць судовай улады — суддзі будуць адказваць толькі перад органамі судовага самакіравання, яны атрымаюць годную зарплату і сапраўдны імунітэт. Вяршэнства права зробіць Беларусь багацейшай, чым любая эканамічная рэформа.
Эфектыўны дзяржапарат — мы скароцім колькасць чыноўнікаў, але прыбярэм ад іх непатрэбныя функцыі і павысім іх зарплаты. Адкрыты конкурс стане адзінай формай найму на кіруючыя дзяржаўныя пасады. Таленавітыя кіраўнікі будуць мець магчымасць атрымаць адукацыю або павысіць кваліфікацыю ў найлепшых сусветных універсітэтах і прайсці стажыроўкі ў профільных установах за мяжой.
Электронны ўрад — бюджэты ўсіх узроўняў, уключаючы зарплаты службоўцаў, рашэнні судоў, інфармацыя аб тэндарах, конкурсах на дзяржаўныя пасады і ўся іншая інфармацыя, якая цікавіць грамадзян, будзе публікавацца ў інтэрнэце. Закрытай можа быць інфармацыя, якая знаходзіцца ў строга абмежаваным заканадаўствам вузкім спісе. У новай Беларусі прадпрымальнікі змогуць рэгістраваць бізнэс праз інтэрнэт, кожны беларус зможа атрымаць пашпарт і іншыя дакументы за 15 хвілін.
Грамадзянская супольнасць — мы створым спрыяльныя ўмовы для развіцця некамерцыйных арганізацый, а найбольш эфектыўныя змогуць атрымаць дзяржаўнае фінансаванне, праз удзел у тэндарах і конкурсах нароўні з дзяржаўнымі.
Замежная палітыка: адказнае суседства і нейтралітэт
Беларусь павінна будаваць раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны як са сваімі суседзямі, так і з астатнімі краінамі свету. Знешняя палітыка павінна грунтавацца на нацыянальных інтарэсах і садзейнічаць міру і бяспецы ў нашым рэгіёне.
Сапраўдны нейтралітэт — мы будзем рэалізоўваць па-сапраўднаму шматвектарную знешнюю палітыку без непатрэбных перакосаў ва ўсходні ці заходні бок. На тэрыторыі нашай краіны не павінна быць замежных ваенных баз. Беларусь не павінна ўваходзіць ні ў якія ваенныя блокі, якія могуць уцягнуць нас ва ўзброены канфлікт.
Адказнае суседства — мы будзем выбудоўваць аднолькава добрыя і ўзаемавыгадныя адносіны як з Захадам, так і з Усходам, няўхільна выконваючы ўзятыя на сябе міжнародныя абавязальніцтвы і патрабуючы гэтага ад нашых партнёраў. Мы заключым з Еўрасаюзам дамову аб супрацоўніцтве і партнёрстве і даб'емся бязвізавага рэжыму як мінімум з усімі суседзямі Беларусі. Мы будзем дамагацца адмены абмежаванняў у гандлі ў рамках Еўразійскай саюза, каб не дапусціць больш «мясных» або «малочных» войнаў.
Рэгіянальная бяспека — Беларусь будзе садзейнічаць міру і бяспецы ў рэгіёне, у тым ліку ўдзельнічаючы ў мірным урэгуляванні канфлікту ва Украіне. Пры гэтым мы зоймемся мадэрнізацыяй і ўмацаваннем нашых узброеных сілаў, якія павінны стаць гарантам бяспекі нашай краіны ва ўмовах нарастання міжнароднай нестабільнасці.
Адраджэнне нацыянальнай культуры — аснова беларускай дзяржаўнасці
Наша краіна не стане стабільнай дзяржавай, калі не будзе абапірацца на гістарычныя і культурныя традыцыі беларускага народа. Палітыка ўлады будзе накіравана на адраджэнне беларускай культуры і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці як асновы беларускай дзяржаўнасці і фактару нацыянальнай бяспекі.
Сфера культуры — прыярытэтная падтрымка. Будуць уведзены падатковыя льготы і створаны ўмовы для свабоднай рэалізацыі ініцыятыў грамадзянскай супольнасці і бізнэсу, накіраваныя на развіццё беларускай культуры і гістарычнай спадчыны, мовы і нацыянальных каштоўнасцяў, духоўных традыцый. З удзелам беларусаў замежжа будзе распрацавана праграма вяртання на радзіму нашых культурных каштоўнасцяў, якія знаходзяцца за мяжой. Настаўнік і работнік культуры ў дзяржаўнай ці прыватнай установе будуць мець заробак, не ніжэйшы за сярэдні па краіне.
Беларуская мова — наша багацце. Беларускай мове будзе гарантаваная адмысловая дзяржаўная падтрымка і годнае месца ў жыцці грамадства, якое адпавядае статуту дзяржаўнай мовы, у тым ліку ў галіне вышэйшай сярэдняй і дашкольнай адукацыі. Чыноўнік, дэпутат або кіраўнік дзяржавы будзе абавязаны валодаць абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.
Свабоды слова і друку — будуць знятыя існуючыя бар'еры для стварэння і свабоднай дзейнасці СМІ і журналістаў. Газеты і інтэрнэт-сайты не будуць баяцца крытыкаваць уладу і выкрываць выпадкі карупцыі і парушэння правоў грамадзян. Дзяржава створыць умовы для свабоднай канкурэнцыі айчынных СМІ, пры гэтым стымулюючы развіццё нацыянальнага інфармацыйнага рынку. Дзяржаўныя датацыі будуць абмежаваныя сферай вучэбнай, краязнаўчай, навуковай і дзіцяча-юнацкай літаратуры.
Беларусь — наш супольны дом. Усе канфесіі і нацыянальна-культурныя меншасці будуць карыстацца роўнымі правамі. Палітыка дзяржавы павінна быць такая, каб кожны жыхар краіны мог ганарыцца тым, што жыве ў вольнай беларускай дзяржаве, якая паважае годнасць кожнага грамадзяніна.
