Кітайцы назіраюць за падзеннем індэксу Shanghai Composite — мінус 40% з чэрвеньскага піку. Фота: indiatimes.com
Кітай анансаваў доўгачаканы план па павелічэнні эфектыўнасці раздзьмутых дзяржаўных кампаній — «карпарацый-зомбі», піша Bloomberg.
План пакуль цалкам не акрэслены, але вядома, што ён будзе скіраваны на актывізацыю прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў праз прыцягненне знешняга капіталу, пераход да змяшанай дзяржаўна-прыватнай уласнасці.
Напрамкі рэформ уключаюць умоўны падзел кампаній на датацыйныя і арыентаваныя на прыбытак, прыцягненне інвестыцый у самыя розныя галіны, ад энергетыкі і транспарту да тэлекамунікацый, рэарганізацыю Дзяржаўнай камісіі па наглядзе і кіраванні актывамі (SASAC), вялікія перамены ў далёка не самай эфектыўнай энергетычнай галіне.
Рэформы дзяржпрадпрыемстваў могуць павялічыць рост эканомікі як мінімум на 0,33% на год — нават такая нібы невялікая лічба будзе адчувальнай для ўсяго свету.
Выдаваць план не спяшаюцца, бо рэформы закрануць дзясяткі тысяч прадпрыемстваў, а «разварушванне» мае стаць найбуйнейшым за дзесяцігоддзі. План быў анансаваны пасля таго, як кітайская прамысловасць спрацавала заўважна горш за прагнозы ў жніўні, а тэмпы росту інвестыцый за першыя восем месяцаў году сталі самымі павольнымі з 2000 года. ВУП Кітая ў першым і другім кварталах бягучага года вырас толькі на 7% — гэта мінімум за 6 год.
