У Сербіі абвешчана пра адстаўку ўраду. В.а. прэм’ер-міністра Ваіслаў Каштуніца папрасіў прэзыдэнта Барыса Тадзіча правесьці датэрміновыя выбары ў траўні.

Сваё рашэньне Каштуніца матываў адсутнасьцю адзінства наконт пытаньня блякаваньня збліжэньня Сэрбіі з Эўрасаюзам, пратэстуючы супраць рашэньня большасьці чальцоў ЭС прызнаць незалежнасьць Косава.

Міністар замежных спраў Славеніі, што цяпер старшынствуе ў Эўрасаюзе, выказаў надзею, што перамогу на выбарах у Сэрбіі атрымаюць сілы, што выступаюць за збліжэньне з ЭС.

На мінулым тыдні прэм’ер-міністар Ваіслаў Каштуніца падаў у адстаўку ў сувязі з тым, што яму не ўдалося дабіцца адзінства ва ўрадзе па пытаньні наконт дачыненьняў з ЭС.

Пасьля таго, як шэраг краін-сябраў ЭС прызналі незалежнасьць Косава, Каштуніца заявіў, што Сэрбіі ня варта будаваць з Эўрасаюзам больш цесныя дачыненьні. Аднак іншыя чальцы кааліцыйнага ўраду выступілі за тое, каб працягнуць курс на далучэньне да ЭС.

"Ва ўрадзе ўжо няма адзінай палітыкі ў дачыненьні да Косава, і яно ня можа нармальна функцыянаваць. Гэта – канец ураду", - заявіў Каштуніца, абвяшчаючы пра адстаўку.

За збліжэньне з Эўрасаюзам выступілі прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі, якую ўзначальвае Тадзіч, і лібэральнай партыі "Г17 Плюс".

Сам Барыс Тадзіч мяркуе, што Бялград можа абараніць сваё права на Косава, калі Сэрбія далучыцца да Эўрасаюзу.

Нагадаем, што Косава абвясьціла незалежнасьць 17 лютага. Незалежнасьць яе прызналі большасьць краін ЭС і ЗША, не прызналі Расея, Кітай, Грузія, Гішпанія, Кіпр, Румынія, Славакія ды інш.

Паводле Рускай службы Бі-Бі-Сі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0