Дзе гадуюцца тыя дзяўчаты, якія праз жыцьцё носяць у сабе свой каштоўны дар, даючы сьвету раз‑пораз залатыя дарункі? Але ж не залатыя, а зусім наадварот. І ад гэтага захоплівае дух!

Калісьці Марына Капілава тлумачыла сваю філязофію бачаньня мэталу: ня сквапнае золата, а перадусім шчодрая латунь, цёплая медзь, мядовыя адценьні ручнога мэталу, які так любіць чалавечы дотык.

У маім успрыняцьці творчасьці Марыны сышліся разам любоў да Менску, да гісторыі, да літаратуры. Бацька Марыны Капілавай, журналіст і пісьменьнік Аркадзь Капілаў, напісаў кнігу «Замкавая 2/7» пра жыхароў даваеннага Менску, пра горад, які па вайне ўжо не адрадзіўся. Вельмі менская кніга. А Марына расла побач. Ды яшчэ значна раней у камяніцах гораду жыхары зацеплівалі масяндзовыя ліхтары, прыбіралі ў шапы цынавы (алавяны) посуд, і вярталіся са сваіх цэхаў людвісары — так называліся рамесьнікі, што мелі справу з агнём, адліваючы і апрацоўваючы рэчы зь медзі, бронзы ды латуні. Усё гэта запісана ў старых кнігах. Адкуль гэта пачула Марына?

А ўсё астатняе — ейны сьвет. У ім няма месца вэрхалу і мітусьні. На ім няма плямаў сытасьці. Часам здаецца, што варта заплюшчыць вочы, і ўсё зьнікне, ці раптам падзьме вецер… Але рухомы матэрыял мае вагу, і таму вобразы затрымліваюцца даўжэй. Яны тут: Прынцэса, Анубіс, Котка, Сіямкі, Багамол, Аматар хурмы…

Абраньніцай мусіць пачувацца кабета, што набудзе сабе ўпрыгожваньні Марыны Капілавай. Гэта ня проста пярсьцёнкі ды завушніцы з бліскучымі каменьчыкамі. Гэта мэтал, на якім вецер пакідае свае адбіткі.

…проста ў свой час яна прачнулася і сышла са сьпіны Адзінарога ў сьвет, пакінуўшы таго ў чаканьні..

Выстава твораў мастачкі і скульптаркі Марыны Капілавай «Сёе‑тое» цяпер і да 20 сакавіка ў галерэі «Падземка» (пр.Незалежнасьці, 43). Пасьпяшайцеся. Яны чакаюць.

Вольга Бабкова

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0