Трыкатажнікі

Кінеш погляд на Берасьце — сталіца трыкатажнікаў. Трыкатажнікі — гэта фірмы, што спэцыялізуюцца на пашыве жаночай вопраткі. Высокаэфэктыўная вытворчасьць паўстала без падтрымкі дзяржавы, і на гэты момант дзяржава зайздросьціць. Адныя словы «найсьвятлейшага» чаго вартыя: «Трэба асушыць гэтую трыкатажную багну». Радавацца трэба, а не зласловіць. Бо гэтыя фірмы даюць неблагі заробак швачкам, мадэльерам, эканамістам, гандлярам. Замест таго, каб заахвоціць і паспрыяць вырабу яшчэ і мужчынскай вопраткі, робіцца наадварот. Каб ніхто ня быў незалежным і заможным, бо забітымі і запалоханымі лёгка кіраваць. Тое ж тычыцца і вырабу мэблі, і сталярак, і тых, хто вырабляе эўравокны і дзьверы, і тартакоў, і іншага.

Сельская гаспадарка

Ні для каго гэта не таямніца, што прадпрымальныя людзі скупляюць ялавічыну, цяляціну, сьвініну і плоцяць жывымі грашыма, па рынкавых цэнах. Здавалася, добра ўсім. Аж не.

Усё часьцей зьяўляюцца перашкоды: то ты мусіш атрымаць дазвол у сельсавеце на продаж уласнай жывёлы. А табе скажуць: здавай у калгас. Як не, то бык калгасны карову не пакрые, а то аштрафуем (заўжды зной¬дзецца, за што), ці сена не дамо, ці яшчэ чаго. А адтуль атрымаем грошы, можа, праз тыдзень, а, можа, і праз паўгоду. Ды старыя ў горад не наезьдзяцца, на той самы кірмаш. Дзе кампэнсацыя за нэрвы і прыніжэньні? Нам сьцьвярджаюць, што сельгасэканоміка неэфэктыўная, але ж параў¬найце закупкавыя цэны ў селяніна: ялавічына — 1870, цяляціна — 4100, сьвініна — 4500 жывою вагою, малако — 550. І ўсё гэта прадаецца. Хіба нерэнтабэльна?

Бо ж ва ўсіх вышэйпададзеных лічбах няма субсыдыяў — адна свабодная праца! Пра фэрмэраў лепей зусім маўчаць. Энэрганосьбіты, вытворчыя прылады, тэхніка — усё праз банк і паперкі. Гэта пры тым, што працавітаму чалавеку на вёсцы да ветру часам бракуе часу схадзіць. Цяпер пра жытло, якое будуецца на вёсцы. Сабекошт яго складае ад 20000 у.а. і вышэй. У дадатак яно нізкай якасьці і патрабуе ўнутранага аздабленьня. Ды і мала прыстасаванае да патрэбаў селяніна. Гэта пры тым, што капіталёвыя цёплыя дамы з усімі хлявамі, аборамі і плотам каштуюць да 5000 у.а. Людзі просяць: дайце нам жывымі грашыма. Але ж не.

За эфэктыўным гаспадараньнем далёка езьдзіць ня трэба. Заедзьце на Століншчыну, Лунінеччыну, у Давыд‑Гарадок, Мотыль. Умеюць людзі вырошчваць і насеньне, і агуркі, і памідоры, і кветкі, умеюць і кіўбасы вырабляць, і грошай ня просяць.

Будматэрыялы

Нашая будаўнічая вытворчасьць прадукуе высокай якасьці матэрыялы: цэмэнт, блёкі, жалезабэтонныя вырабы, дахоўку. І калі яшчэ рост цэнаў на іх абгрунтаваны (вялікая энэргаёмістасьць), то вартасьць спадарожных рэчаў, як, напрыклад, гіпсакардон, лякі, фарбы, розная драбяза, шпалеры, сантэхнічныя прылады, катлы (газавыя і іншыя), нічым не абгрунтаваныя. У той самай Польшчы ўсё гэта таньнейшае ў два разы, пры сусьветных цэнах энэрганосьбітаў і заробках вышэйшых за нашыя ў тры разы.

Нерухомасьць

Да сумнавядомага ўказу пра зямельныя надзелы, надзел у нас каштаваў ад 2000 —15000 у.а. Яго можна было свабодна набыць. Цяпер вы і не пытайцеся без наяўнасьці як найменей 10000 у.а., гэта пры тым, што законна (паводле ягонага закону) аформіць пакупку амаль немагчыма. Вось добра зрабіў — перамог «спэкуляцыю». Надзелы існуць непрыватызаваныя, прыватызаваныя і такія, што былі набытыя. Калі непрыватызаваныя забіраюцца, і потым яны дзіўным чынам усплываюць, то што рабіць з двума іншымі — невядома. Рэквізаваць і прадаваць супраць волі? Але гэта ўжо ёсьць рэвалюцыйная бальшавісцкая экспрапрыяцыя. Надышоў час камунікацый: вада, каналізацыя, газ, электрычнасьць. Усе яны цягнуцца цэнтралізавана і за дзяржаўны кошт. Усе камунікацыі забудоўнікі зрабілі б за свае грошы.

Будаўніцтва вытворчых плошчаў для прадпрымальнікаў увогуле ператвараецца ў пакутлівае блуканьне. Нават пры наяўнасьці вялікіх сродкаў, ён ня вольны наймаць людзей і плаціць ім. Неабходна наймаць фірму, а ўжо фірма высмакча ўвесь водар. Пераважная большасьць фірмаў запрашае такіх людзей, якім можна як найменей заплаціць. А хто з майстроў пойдзе працаваць за 500.000? Вось і выходзіць: тое, што трэба будаваць за адзін месяц, будуецца шэсьць…

Будаўніцтва

Вось, нарэшце мы падышлі да прыватнага будаўніцтва. Цана 1 мэтра квадратнага новабуду складае 1000—1200 у.а. (гэта маецца на ўвазе кватэра ў будаўнічах фірмах). Калі ж пакупнік яе атрымае, то ён там ня зможа жыць. Таму што яму неабходна набыць дзьверы, плітку, падлогу, усё гэта ўсталяваць, паправіць хібы, зрабіць столю… Чаму ж гэта добра¬ўпарадкаваны дом на 150 квадратных мэтраў пад ключ каштуе столькі ж, колькі і неаздобленая кватэра ў 100 квадратных мэтраў? А таму што тут прысутнічае вольная якасная праца без пасярэднікаў. І гэта ўсё толькі на мясцовым узроўні. А як наконт усёй краіны?

Прапаную ўладзе ня біць людзей па галаве і руках, і тады мы дамо ўсяму рады. Лідэры апазыцыйных партыяў, апусьціце вочы долу, бо звычайна нацыя жыве штодзённым клопатам. Паабяцайце ім палёгку ў гэтым жыцьці. А грошы ляжаць пад нагамі — не перашкаджайце іх падымаць.

Ігар Дзенісюк, Берасьце

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0