Рубель — тоўстая жэрдка, якой уціскаюць на возе сена, снапы, салому і пад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Том 4, стар.719.

Яшчэ за савецкім часам пачуў камічную гісторыю пра аднаго калгаснага старшыню. Старшыня той паехаў у вобласць на семінар кіраўнікоў аграсектару, звечара выпіў з калегамі і ўвесь семінар пакутаваў ад пахмельнай млосці. Па абедзе яго пацягнула на сон, але вось, пачуўшы, што п’янчуг і нядбальцаў трэба біць рублём, знянацку ачуўся, пажвавеў і нават пазначыў гэты момант у сваім нататніку.

Наступнага ранку, вярнуўшыся ў сваю сельгасарцель, старшыня рашуча тупаў па вясковай вуліцы, а ўгледзеўшы ў прыдарожнай канаве сукаваты рубель, падхапіў яго і так, з даўгой жардзінай на плячы, зайшоў у калгасную кантору. Пры гэтым здзёр пярэднім канцом парык з галавы сакратаркі, якая кінулася адчыняць дзверы, а заднім канцом падрапаў твар сакратару ЦК КПСС Капітонаву на стэндзе членаў Палітбюро. І не толькі твар, але і само прозвішча, у выніку чаго Капітонаў ператварыўся ў Пітонава.

Убіўшыся ў кабінет, старшыня паставіў сукаваты рубель у кут, побач з пераходным Чырвоным сцягам, і загадаў сакратарцы выклікаць да яго механізатара Капітановіча, які на тым тыдні ехаў на трактары праз раку і кульнуўся з моста.

Капітановіч, вядомы на ўсё акругу п’янюга, увайшоў у кабінет бестурботнай хадой, з папіросінай у зубах, з агідаю трымаючы ў выпрастаных пальцах аркуш паперы. Гэта была заява на звальненне. Трактарыст іх пісаў пасля кожнага свайго п’янага выбрыку. Механізатараў у калгасе бракавала, а таму старшыня кожнага разу браў той выдзерты з журнала тэхнікі бяспекі лісток, але не падпісваў. Але гэтым разам, нават не зірнуўшы на заяву, гаспадар кабінета схапіў рубель і з усяго маху заехаў п’янтосу ў лабешнік. Небарака паваліўся на падлогу, папоўз да дзвярэй і атрымаў па карку. Старшыня гнаўся за ім да самага парога. І не толькі за механізатарам, але і за сакратаркай, якая, пабачыўшы раз’юшанага шэфа, таксама рынула да выхаду. Сакратарка з механізатарам разам спатыкнуліся на парозе, пакаціліся з высокага ганка і потым, падхапіўшы з-пад ног згубленыя аблавух і парык, прычым сакратарка з перапуду нацубіла аблавух, а механізатар той самы жаночы парык, разбегліся ў розныя бакі.

Вусцішная гісторыя гэтая згадалася, калі пасля чарговага абвалу рубля я атрымаў нішчымную пенсію і мыліў вуснамі, пераводзячы яе ў даляры. Згадаў не проста так, а з поўным усведамленнем таго, што ўсе сённяшнія фінансавыя праблемы сканцэнтраваныя ў самой заганнай назве беларускіх грошай. Бо яна, назва, не проста двухсэнсоўная, але ў граматычным плане даволі недарэчная.

Нашы браты па няшчасці, выходзячы, а хто й выпаўзаючы, са складу Савецкага Саюза, назвалі свае грошы дарэшты лапідарна і абапіраючыся на гістарычныя традыцыі. Літ, лат, лей, сум, сом, лары, драм… Паколькі ў нас сваёй гісторыі не толькі не ведаюць, але і баяцца, беларускія грошы назвалі беларускім рублём: 15 літараў плюс прагал. Паспрабуй, змясці такую колькасць літар на scoreboard exchange у якой-небудзь Маскве. Ці не таму ў маскоўскіх абменніках іх адмаўляюцца прымаць.

Наогул, слова «рубель» — размова, вядома, не пра сукаватую жэрдку, а пра грошы, — жывасілам прыцягнутае з расейскай мовы. У Сярэднявеччы грошы ў Расеі, у адрозненне ад Еўропы, не адбівалі, а секлі, па-расейску «рубілі». Беручы пад увагу такую этымалогію, наш рубель, на добры лад, варта назваць секелем.

Мяне, вядома, могуць упікнуць. Маўляў, шапялявыя людзі будуць называць грашовую адзінку «шэкель», і ўзнікне блытаніна з валютай Ізраіля. Аднак ці варта з-за таго лагапедычнага дэфекту адмаўляцца ад такой красамоўнай і арыгінальнай назвы.

Пагадзіцеся, куды зручней трымаць у руцэ не сукаватую жардзіну, а паўнавартасны секель. Ды і апівуды разам з тымі, хто раней гнаўся за даўгім рублём і якіх увесь час ганілі на старонках друку, уздыхнуць з палёгкай, бо як ты іх паб’еш секелем? І, галоўнае, курс беларускай валюты, які цяпер падае, будзе стаяць так, як яшчэ ніхто і нідзе не стаяў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0