Улады зь нейкіх цьмяных прычынаў адцягваюць заканадаўчае замацаваньне мэханізму іпатэкі.

Мэханізм жыльлёвай іпатэкі будзе замацаваны не раней за 2010—2015 гады. Такія тэрміны прадугледжвае зацьверджаная урадам Канцэпцыя будаўніцтва даступнага й камфортнага жытла. Дзіўная нясьпешнасьць у сытуацыі, калі чарга ахвотных займець ільготнае жытло па-ранейшаму складае 25 гадоў.

Іпатэка даўно выкарыстоўваецца ў суседніх краінах — Расеі і Польшчы — і ў тым ліку дзякуючы гэтаму там цэны на нерухомасьць у суадносінах зь сярэднімі заробкамі ніжэйшыя, чым у Беларусі.

Іпатэчныя крэдыты ў Маскве, напрыклад, выдаюцца пад 8—9 % гадавых, у ЗША цяпер — да 5,5 %, у Кітаі — да 6 %, прыводзяць зьвесткі naviny.by. Пры гэтым тэрміны выплаты крэдытаў складаюць 25—30 гадоў, тады як у Беларусі крэдыты можна атрымаць толькі пад 15 % і, як правіла, на тэрмін да 10—15 гадоў.

Некаторыя аналітыкі зьвязваюць сытуацыю на рынку нерухомасьці з інтарэсамі трымальнікаў уласнасьці і будаўнічых кампаній, якія пры цяперашняй сытуацыі атрымліваюць звышдаходы. Сабекошт пабудовы панэльнага жытла складае на сёньня для дзяржаўных будтрэстаў каля 300—400 даляраў за квадратны мэтар, тады як прадаюцца такія кватэры па 1700—2000.

Палітолягі бачаць у падтрыманьні завоблачных цэнаў на жытло спосаб кантролю за насельнцітвам. Калі б людзі былі здольныя самі зарабляць на пабудову жытла, яны сталі б вальнейшыя ў сваіх палітычных паводзінах. Цяпер жа ім застаецца спадзявацца на дзяржаўную кватэру або чаргу — тое самае было ў савецкі час.

На сёньня кв. мэтар жытла ў сталіцы Беларусі каштуе ў сярэднім 1950 даляраў, тады як у Варшаве — 3700. Пры гэтым сярэдні заробак варшавяка большы за менскі ў 4 разы (на студзень — 1800 даляраў). Тыя самыя прапорцыі захоўваюцца і ў правінцыі.

Да таго ж, якасьць сярэдняга жытла радыкальна лепшая ў Польшчы: там ужо не будуецца панэльных дамоў, якія ўсё яшчэ складаюць большасьць новых будоўляў у Беларусі, а доля асобных дамоў ці двуххатак вышэйшая на парадкі.

Што і казаць, беларуская канцэпцыя «даступнага і камфортнага» разыходзіцца з уяўленьнямі эканамістаў пра даступнасьць і постсавецкага пакаленьня — пра камфорт.

Маладым беларусам застаецца спадзявацца, што апазыцыя дасягне посьпехаў раней за «2010—2015 гады». Тады перамены на рынку жытла хіба што маглі б надысьці хутчэй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?