Віктар Цярэшчанка, якога Цэнтрвыбаркам не зарэгістраваў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, мае доказы таго, што яго атруцілі. Пра гэта ён заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 17 верасня.

Віктар Цярэшчанка на слуханнях па сваім пазове ў Вярхоўным судзе 16 верасня.

Віктар Цярэшчанка на слуханнях па сваім пазове ў Вярхоўным судзе 16 верасня.

Цярэшчанка нагадаў, што раніцай 28 жніўня ён разам з членамі ініцыятыўнай групы праводзіў сустрэчу ў сталічным кафэ «Грунвальд». Пасля выпітай у гэтай установе шклянкі маркоўнага соку яму стала блага. «Праз 3-4 хвіліны я адчуў здранцвенне, сэрца стала практычна некіраваным. Паспеў дайсці да туалета, прамыць страўнік, але потым упаў і страціў прытомнасць», — расказаў Цярэшчанка. 

Паводле слоў Цярэшчанкі, напярэдадні ён разам з калегамі абмяркоўваў план гэтай сустрэчы ў сваім офісе. «Гэта было запланаванае мерапрыемства, мы гаварылі ўслых, але не думалі, што ўсё гэта [атручванне] магло быць спланавана. <…> Тут у двары была машына, ажыццяўлялі знешняе назіранне. Мы вылічылі яе нумар», — сцвярджае Цярэшчанка. 

У аддзяленні пульманалогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы, куды пацярпелага адвезла 28 жніўня брыгада «хуткай дапамогі», ён ачуняў праз 2—3 гадзіны пасля серыі ўколаў і кропельніцы. Цярэшчанка адразу стаў прасіць урачоў прамыць яму страўнік, а таксама ўзяць узоры змесціва страўніка і аналіз крыві з вены, каб вызначыць, што трапіла ў яго арганізм. Аднак медыкі правялі толькі агульны аналіз крыві, узятай з пальца. 

Урачы, паводле слоў Цярэшчанкі, сказалі, што ў яго адбылася алергічная рэакцыя — востры ацёк Квінке, і шэсць дзён яго лячылі ад алергіі, у тым ліку пры дапамозе гармонаў, хоць «алергія праходзіць за дзень-паўтара». Падчас УГД унутраных органаў, зробленага пацыенту 2 верасня ў бальніцы, адхіленняў выяўлена не было. 

3 верасня Цярэшчанку выпісалі з бальніцы па яго просьбе. У эпікрызе напісана, што 1 верасня яго кроў праверылі ў лабараторыі 10-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, і вынікі паказалі адсутнасць алергічных рэакцый на прадукты харчавання. У бальнічным лісце ўказана, што Цярэшчанка непрацаздольны ў сувязі з «агульным захворваннем». 

Пасля выпіскі пацярпеламу прызначылі стацыянарнае назіранне ў 4-й паліклініцы ў мікрараёне Вяснянка. Паводле слоў Цярэшчанкі, калі дзеянне анестэзіі прайшло, і ён «адчуў, што ўвесь стрававод і страўнік баліць, асабліва пры глытанні», ён вырашыў самастойна прайсці абследаванне ў медустановах. 

У адной з дзяржаўных клінік дасведчаны медык на ўмовах ананімнасці правёў Цярэшчанку яшчэ адно УГД і выявіў павелічэнне ўнутраных органаў. Цярэшчанка таксама звярнуўся ў адзін з прыватных цэнтраў, прычым зрабіў гэта інкогніта, пад дзявочым прозвішчам маці. Вынікі зандавання паказалі, што ў яго апечаны стрававод, страўнік і ўчастак дванаццаціперснай кішкі. 

Па шырокае медыцынскае абследаванне Цярэшчанка таксама звярнуўся да замежных урачоў. Праверка па больш як 130 паказчыках выявіла парушэнне кровазвароту мозгу, гіперфункцыю нырак, запаленне стрававода, страўніка, дванаццаціперснай кішкі. «Таксама выяўлена, што было зроблена ўсё, каб у маім арганізме ўтварыліся тромбы», — сцвярджае Цярэшчанка. У заключэнні, дадаў ён, гаворыцца пра ўздзеянне на арганізм хімічных прэпаратаў. 

Бліжэйшым часам Цярэшчанка мае намер правесці поўнае медыцынскае абследаванне і лячэнне за мяжой, а пасля папраўкі будзе дамагацца разгляду ў гэтай справе і ставіць пад пытанне кваліфікацыю ўрачоў, якія яго лячылі. 

Віктар Цярэшчанка і яго каманда перакананыя, што за атручваннем стаяць спецслужбы. 

У сувязі з гэтым член яго ініцыятыўнай групы Сяргей Скрабец расказаў, што ў загадзя падрыхтаваным спісе давераных асоб Цярэшчанкі значыліся былы начальнік СІЗА №1 Алег Алкаеў і былы начальнік міліцэйскага спецназа Уладзімір Барадач. «Гэта людзі, якія адкрыта заяўляюць пра сваё дачыненне да [расследавання] знікнення, забойства палітыкаў», — заўважыў Скрабец. Ён лічыць, што наяўнасць у камандзе Цярэшчанкі названых людзей магла стаць адной з прычын атручвання. 

«Мы не чакалі, што спецслужбамі будзе арганізаваны замах на Віктара Цярэшчанку. Гэта сітуацыя ставіць пад сумненне адкрытасць, легітымнасць выбараў. Той націск, які быў аказаны на Віктара Цярэшчанку, яго сям`ю, беспрэцэдэнтны, мы лічым гэта недапушчальным», — падкрэсліў Скрабец. 

Віктару Цярэшчанку было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, бо са 130 тысяч подпісаў, сабраных у падтрымку яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты і пададзеных у выбарчыя камісіі, сапраўднымі былі прызнаныя толькі прыкладна сем тысяч. Цярэшчанка паспрабаваў аспрэчыць рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе, але суд яго скаргу не задаволіў. 

Цярэшчанка таксама ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў, але толькі адзін раз — у 2010-м — быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле даных ЦВК, за яго прагаласавала 1,19% выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?