Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, выступаючы 17 верасня ў Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, заклікала студэнтаў падтрымаць выбары і прыйсці на выбарчыя ўчасткі.

«Дзяржаўны служачы — гэта найперш асоба, лаяльная да дзяржавы. Таму, калі вы будзеце разважаць, ісці вам на выбарчы ўчастак ці, можа быць, праігнараваць гэта мерапрыемства, вы павінны памятаць пра гэта», — сказала Ярмошына. 

Паводле меркавання старшыні ЦВК, «гаварыць пра поўную і ўсёпаглынальную свабоду чалавеку, які выбраў дзяржаўную службу, не даводзіцца». «Вы ўжо звязаныя абавязацельствамі з дзяржавай і, такім чынам, калі вы вучыцеся на бюджэтныя сродкі, вы павінны падтрымліваць усё тое, на што гэтыя бюджэтныя сродкі трацяцца, у тым ліку і выбары», — лічыць Ярмошына. 

Яна заўважыла, што на выбары траціцца «немаленькая сума»: 181 млрд. рублёў — на першы тур і 260 млрд. рублёў — калі выбары пройдуць у два туры. 

«Таму каб сродкі не былі патрачаныя дарэмна, і каб выбары ў нас адбыліся, вы ўсе павінны падумаць пра сваю адказнасць як цяперашнія выбаршчыкі і як будучыя дзяржаўныя чыноўнікі. Таму што, як бы ні змянялася ўлада і як бы ні сцвярджала новая каманда, што яна прыйдзе і зменіць усіх чыноўнікаў і набярэ новых, мы ўсе добра разумеем, што гэта чыстай вады папулізм», — заявіла кіраўнік ЦВК. 

У сваю чаргу рэктар Акадэміі кіраўнік Марат Жылінскі заклікаў студэнтаў аддаць свой голас «за будучыню, за незалежнасць, за Беларусь».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?