Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына рада таму, што Мікалай Статкевіч не стаў нічыёй даверанай асобай на выбарах, паколькі ён, паводле яе слоў, «не адказвае за свае дзеянні». Пра гэта кіраўнік ЦВК заявіла 17 верасня на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. 

«У нас спрабаваў удзельнічаць у выбарах сядзелец, яму было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Цяпер ён на волі — гэта спадар Статкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты 2010 года, які ўзначаліў беспарадкі на плошчы Незалежнасці ў дзень выбараў 19 снежня», — сказала Ярмошына. 

Паводле яе слоў, на момант падачы заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы для вылучэння кандыдатаў у прэзідэнты на цяперашніх выбарах Статкевіч знаходзіўся ў месцах пазбаўлення волі, і таму ў яго наогул адсутнічала выбарчае права. «На сённяшні момант ён памілаваны і знаходзіцца на волі. Таму ён прапануе выбары, як ён кажа, адкруціць назад і зноў зарэгістраваць яго групу. Адразу ж магу сказаць, што нават калі б акт памілавання адбыўся раней, у выбарах ён удзельнічаць не мог бы, таму што ў нас не могуць быць зарэгістраваныя кандыдатамі ў прэзідэнты асобы з незнятай судзімасцю», — заявіла кіраўнік ЦВК. 

Пры гэтым яна ўдакладніла, што Статкевіч можа ўдзельнічаць у выбарах у якасці выбаршчыка, а таксама быць чыёй-небудзь даверанай асобай, «калі яго хтосьці пакліча да сябе ў каманду». «Ніхто яго, дзякуй богу, не паклікаў. Таму што ён проста рвецца ў бой, а ў даверанай асобы, скажам так, досыць шмат паўнамоцтваў — гэта правядзенне сустрэч з выбаршчыкамі, арганізацыя мітынгаў. Калі чалавек не адказвае за свае дзеянні, за свае ўчынкі, вядома, даваць яму такія высокія паўнамоцтвы, гэта будзе, напэўна, яўным пераборам», — лічыць Ярмошына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?