У чацвер, 17 верасня, падчас свайго першага перадвыбарчага выступу па тэлеканале «Беларусь-1» кандыдат у прэзідэнты Таццяна Караткевіч паабяцала «не дзяліць людзей на правых і левых, рускамоўных і беларускамоўных, праўладных і апазіцыйных».

Паводле яе слоў, каб забяспечыць Беларусі развіццё, грамадзянам — працу і перспектывы, а дзецям упэўненую будучыню, неабходна «даць свабоду дзелавой ініцыятыве, зменшыць умяшанне дзяржавы ў эканоміку, развіваць новыя галіны, вывесці з крызісу прамысловасць, вярнуць уладу пад кантроль грамадства і забяспечыць сацыяльную абарону тым, хто ў ёй мае патрэбу».

Палітык адзначыла, што за час кампаніі пабывала «ў кожным другім горадзе Беларусі, сустрэлася з тысячамі людзей». «Усе прасілі распавесці аб іх праблемах, быць іх голасам, бо дзяржава ігнаруе меркаванне народа, праблемы звычайных грамадзян нікога не хвалююць, дзяржава іх не паважае», — сказала яна.

Караткевіч лічыць, што беларусы ўжо расплачваюцца за адсутнасць рэформаў.

«Апошнія дзевяць месяцаў пакупніцкая здольнасць заробкаў падае асабліва імкліва, — адзначыла яна. - Больш за 70 тысяч чалавек атрымліваюць іх з затрымкай, на буйных прадпрыемствах скарачэнні склалі каля 15%, людзей даводзяць да канца кантракту і звальняюць. Нядаўна я была ў Бярозаўцы, там размешчаны завод «Нёман», дзе з шасці тысяч працоўных месцаў засталося паўтары тысячы, з пяці печаў працуе адна. Нас палохалі шокавай тэрапіяй, але ў выніку шок ўжо ёсць, а вось сіл на тэрапію няма».

Караткевіч звярнула ўвагу на тое, што пяць гадоў таму на Усебеларускім сходзе ўлады абяцалі да сённяшняга дня падняць заробкі да адной тысячы даляраў.

«Але цяпер мы ледзь дацягваем да зарплаты ў 350 даляраў, гэта нават менш, чым было ў момант абяцання. Людзі зло іранізуюць: улада зрабіла нас мільянерамі, жабракамі мільянерамі», — адзначыла яна.

Па словах Караткевіч, у краіне «грошы абясцэньваюцца, заробкі падаюць, а вось цэны растуць і жыццё ўсё даражэй», аднак замест «рэформаў і мірных пераменаў» ўлада выбірае «новыя крэдыты і даўгавую яму». «Чыноўнікі ўсіх узроўняў здзяйсняюць памылку за памылкай, але плаціць за гэта павінны мы з вамі», — падкрэсліла яна.

Караткевіч адзначыла, што ўлады тлумачаць эканамічныя праблемы наступствам сусветнага крызісу. «Але ж сусветны крызіс ва ўсіх, дык чаму толькі ў нас ён такі балючы? Гэта як эпідэмія грыпу: у кагосьці насмарк, а хтосьці валяецца з тэмпературай 40 і выходзіць з сур'ёзнымі ўскладненнямі. Дыягназ аднолькавы, а наступствы розныя. Усё залежыць ад імунітэту і сілы арганізма. Менавіта неэфектыўнасць нашай эканомікі і сістэмы кіравання стварае такую сітуацыю, што любы «чых» у свеце ў Беларусі адгукаецца цяжкай хваробай», — заявіла кандыдат у прэзідэнты.

Улада вінаваціць усіх вакол, але толькі не сябе, падкрэсліла Караткевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?