Заснавальнік аднаго зь першых беларускамоўных гіп-гоп праектаў «Чырвоным па Белым» (ЧпБ), уладальнік музычнага выдавецтва Ambasada Music Group і кампаніі Ambasada Entertainment, стваральнік і вядучы праграм "Black Beat" і "YoLife!", актор тэатру і публіцыст... Гэта ўсё адзін чалавек!

Пра творчасьць, грамадзкую пазыцыю і асабістае жыцьцё гаворыць самы шчыры рэпэр Беларусі — Ambasadar KROU.

ДГ: Ведаю пра існаваньне сольнага праекту Ambasadar KROU. Якім жа будзе твой альбом? Дзе яго шукаць? Як зьбіраесься працягваць сольную кар’еру?

АК: На сольным альбоме хачу крыху парушыць асабістыя тэмы. Будзе шмат гумару, сьцёбных гісторый. Адначасова, гісторый, над якімі варта задумацца, якія закрануць слухача сваім зьместам. А таксама гітовых, клюбных трэкаў, энэргічнай, якаснай музыкі. Мне хочацца зрабіць падвойны альбом, або лепш два альбома, якія выйдуць разам. Адзін — танцавальны, роўна Bounse, Crunk, Dirty South, Ragga, Jazz-Rap, G-Funk, Miami Bass, Drum’n’Bass, Rap-Core і гэтак далей, пераважна для клюбаў, у машыну, на хатнюю імпрэзу. Другі будзе вытрыманы ў вулічынай стылістыцы: жорстка, саркастычна, праўдзіва, агрэсіўна. Больш пра навакольле, не кранаючы палітыкі.

Пляную выдаць максымальна тысячу асобнікаў альбому, скажам, для калекцыянэраў, і адначасова выкласьці яго бясплатна ў інтэрнэт.

Сольную дзейнасьць, роўна як і дзейнасьць гурту “ЧпБ”, абавязкова буду працягваць. Мне хочацца рабіць розную музыку. З прыемнасьцю папрацаваў бы разам з гуртамі “Троіца”, “Гуда”, ужо дамовіўся з “Тав.Маўзэрам”. У галаве шмат розных цікавых ідэй пра творчасьць. Нельга трымаць гэтага ў сабе (усьміхаецца).

ДГ: Ambasada Music Group — гэта новы, першы незалежны беларускі музычны гіп-гоп лэйбал. Чым цяпер ён займаецца? Ці зьбіраесься прадусаваць беларускія гурты?

АК: Абавязкова. Бяз гэтага існаваньне лэйблу проста ня мае сэнсу. Жаданьне выдаць у мяне альбом ужо задэкляравалі гурт “Імператар”, рэпэры Вожык з ТО Лопата, Young Dogg, закранулі гэтую тэму і з “Тав.Маўзэрам”. Наагул, сытуацыя ў Беларусі з музычнымі выдаўніцтвамі вельмі дзіўная. Я ў свой час супрацоўнічаў з самымі буйнымі гіп-гоп лэйбламі Эўропы. На Захадзе лэйблы цалкам забясьпечваюць музыкаў: аплочваюць студыю, кліпы, рэкляму ў ТВ, часопісах, PR-мэнэджэраў. Музыка займаецца толькі і выключна музыкай. У нас жа, каб трапіць на той жа WEST Records, трэба ўжо мець кліп. Безь яго цябе проста ня возьмуць на лэйбал. А яны, у сваю чаргу, толькі наштампуюць кружэлкі і паставяць іх у “Містэрыю Гуку”. А хочаш у іншыя крамы — трэба самому выкупіць свае альбомы, бегаць па іншых музычных крамах і перапрадаваць. Цырк нейкі. Я хачу стварыць лэйбал з эўрапейскімі стандартамі.

ДГ: Альбом “Крывавы Сакавік”, што выйшаў у гэтым годзе, паказаў, што падзеі сакавіка-2006 для вас па-ранейшаму актуальныя. Якое значэньне мела Плошча для творчасьці гурту “ЧпБ”?

АК: Тут справа нават ня ў творчасьці, а ў нашай грамадзкай пазыцыі. Для “ЧпБ” любыя падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, маюць значэньне. Мы над імі разважаем, спрачаемся, робім высновы і пераказваем свае погляды ў нашых трэках. Мне вельмі спадабалася, як нехта са слухачоў назваў ЧпБ — “незалежная, аналітычная радыёпраграма”. Мы праводзім дыскусію, знаходзім новыя тэмы для абмеркаваньня.

ДГ: Некаторыя песьні “ЧпБ” напісаныя на словы беларускіх клясыкаў. Як прыйшла такая ідэя?

АК: У гэтым няма нейкага глыбокага сэнсу. Я паважаю беларускіх паэтаў мінулых часоў, але галоўнай падставай выкарыстаньня іх вершаў быў недахоп сваіх. Хаця таксама хацелася зьвярнуць увагу моладзі на паэзію. У Рэпе проста немагчыма выкарыстоўваць чужыя тэксты, бо МС — гэта чалавек, які мае заданьнем даносіць уласныя думкі, разважаньні. Тады я толькі пачынаў. Ніхто з нас нават ня думаў, што наш праект зробіцца такім папулярным, таму рабілі для сябе, не хвалюючыся пра тое, што нехта гэта скрытыкуе. На першым альбоме “Актуальная Тэматыка” каля паловы вершаў былі чужымі, на другім — “Вулічныя Байцы” — толькі некалькі трэкаў. Кажу “альбомы” зь вялікай нацяжкай, бо нават “дэма” іх нельга назваць. На апошняй плытцы, калі мы ўжо сур’ёзна заняліся творчасьцю, усе тэксты належаць толькі нам, таксама як і музыка.

ДГ: Якім будзе далейшае разьвіцьцё гурту “Чырвоным па Белым”?

АК: Пляны ў нас вялікія. Напэўна магу сказаць толькі, што “ЧпБ“ і далей застанецца гуртом, які будзе закранаць справы важкія, грамадзкія і актуальныя. Навокал штодзённа адбываецца маса падзей, тэм хапае. Наша задача ня так крытыкаваць, як зьвяртаць увагу людзей на пэўныя рэчы, якія адбываюцца побач і зьяўляюцца вельмі важнымі для нас як для народу, жыхароў, грамадзян сваёй Бацькаўшчыны.

ГРАМАДЗКАЯ ПАЗЫЦЫЯ

ДГ: Грамадзкая асоба — якой яна павінна быць?

АК: Грамадзкая асоба — чалавек, зь якога бяруць прыклад. Гэта агромністая адказнасьць і псыхалягічны цяжар, бо трэба паказваць свае найлепшыя рысы. Але, як і ва ўсім, варта старацца. Што тычыцца непасрэдна мяне, я хачу навучыць людзей шчырасьці, нават калі яна камусьці будзе не даспадобы.

ДГ: Шмат чаго з тваёй дзейнасьці накіравана на шырокую аўдыторыю, асабліва маладую яе частку. Што хочаш данесьці да сваіх слухачоў?

АК: Сам я зь невялікага правінцыйнага мястэчка на Палесьсі. У сталіцы ці вялікіх гарадах справы выглядаюць яшчэ больш-менш, у параўнаньні з малымі мястэчкамі. Там хлопцы і дзяўчаты сьпіваюцца проста жудасна, там пануюць наркотыкі, бессэнсоўныя бойкі, бандытызм. Справа ў тым, што яны ня ведаюць, што з сабою рабіць. Улады імі не цікавяцца, не даюць магчымасьці разьвіцьця. А навошта?! Дурнямі лягчэй кіраваць. Я хачу паказаць гэтай моладзі вартасьці жыцьця, данесьці свае думкі, па магчымасьці, быць для іх прыкладам таго, што можна зрабіць са сваім жыцьцём, як дасягнуць посьпеху.

З такой мэтай я стварыў сваю аўтарскую праграму YoLife!, якую ўжо хутка можна будзе пабачыць на тэлеканале БелСат. Адначасова запрашаю на суполку праграмы ў інтэрнэце — http://community.livejournal.com/yolife_tv, бо хачу рабіць яе разам з гледачамі. У праграме я раскажу, якія магчымасьці ёсьць у звычайнага маладзёна, які жыве ў невялічкім горадзе, ня мае шмат грошай, але мае амбіцыі. Пакажу, як можна прыемна і з карысьцю праводзіць вольны час, пазнаёмлю зь цікавымі людзьмі, якія дасягнулі посьпеху. Таксама мае гледачы даведаюцца, як жывуць маладыя людзі ў іншых дзяржавах. Перадача павінна атрымацца поўнай энэргіі, гумару, цікавай і карыснай інфармацыі.

Спадзяюся, змагу рэалізаваць і іншыя свае ідэі і праекты, накіраваныя на справу моладзі.

ДГ: Музыка па-над палітыкай ці яна павінна быць на варце грамадзкіх інтарэсаў?

АК: Гэта прыватная справа кожнага выканаўцы, у якую ніхто ня мае права ўмешвацца. Музыка настолькі разнастайная, што ў ёй знойдзецца месца і для адных, і для другіх. Навошта кідаць усіх у адзін мяшок? Нехта мае мэту рабіць музыку, якая будзе проста трапляць у вуха, нехта робіць такую музыку, каб пад яе танчылі, яшчэ нехта — з мэтай пераказаць свае думкі, заахвоціць да нейкіх дзеяньняў. А каго слухаць — гэта ўжо вольны выбар слухача, якога ніхто не прымушае слухаць тое, што яму не падабаецца.

ДГ: Як ставісься да адмены сацыяльных ільготаў у Беларусі?

АК: Я — лібэртарыянец, таму вельмі нэгатыўна стаўлюся да ўсіх сацыяльных вымыслаў, у тым ліку, розных ільгот. Справа тут у іншым. Ільгот увогуле не павінна быць, ніякіх, але, у сваю чаргу, павінныя быць зьліквідаваныя падаткі поўнасьцю, акрамя, скажам, пагалоўных 20-даляравых, якія пойдуць выключна на кантрактнае войска, паліцыю і мінімальную адміністрацыю. Усё іншае трэба спрыватызаваць шляхам ліцытацыі, як на аўкцыёне, каб канкурэнцыя выклікала зьніжэньне цэн і падвышэньне якасьці. Толькі ў гэтым выпадку тавары і паслугі ў нас будуць вельмі таннымі і адначасова якаснымі.

А ільготы?! Ну, няўжо вы верыце ў тое, што мы маем “бясплатнае” навучаньне або тую ж службу аховы здароўя? Гэта казка. За вашае навучаньне плоціце вы або вашыя бацькі ў падатках, таксама як і за мэдычнае абслугоўваньне і г.д. “Бясплатная” служба аховы здароўя каштуе столькі ж, колькі і платная, толькі да гэтага трэба далічыць яшчэ кошты ўтрыманьня агромністага Міністэрства аховы здароўя, адміністрацыі, масы ўраднікаў, падатковай, людзей, якія зьбіраюць падаткі, і масы іншых людзей. Нават ня трэба быць матэматыкам, каб убачыць, наколькі больш каштуе гэта “бясплатна”. Людзям не патрэбна міласьціна, яны самі змогуць зарабіць, калі дзяржава ня будзе ім у гэтым перашкаджаць.

Але (і гэта вельмі важна!) у гэтай канкрэтнай сытуацыі, калі мы плацім вялізарныя падаткі на гэтыя ільготы, на навучаньне, у нас яшчэ і забіраюць гэтыя ільготы, якія мы ўжо аплацілі ў падатку, або прымусова разьмяркоўваюць у нейкую вёску, тлумачачы гэта тым, што “дзяржава аплочвала ваша навучаньне, а цяпер час аддзячыць”.

Калі вас зацікавілі гэтыя факты — чакайце на маю кнігу, а таксама заходзьце на блог krou.livejournal.com, у якім я часта разьмяшчаю свае артыкулы і фэльетоны на гаспадарча-палітычную тэматыку.

ДГ: Што павінныя рабіць беларусы, каб нарэшце стаць незалежнымі?

АК: Зьмяніць сьвядомасьць. Але гэта адбываецца на працягу некалькіх пакаленьняў. Пазбаўленьне Лукашэнкі ўлады не вызваліць беларусаў. Спадзявацца, што адразу ўсё зьменіцца, нельга. Усё дасягаецца малымі крокамі. Трэба набрацца цярплівасьці і працаваць усім народам на нашу агульную карысьць.

ДГ: Як лічыш, ці магчыма на Беларусі стварэньне “вулічнай беларускай мовы”, пашырэньне яе ў побытавых сфэрах? Што для гэтага патрэбна рабіць?

АК: А яна ўжо існуе. Мову ствараюць людзі, а ня ўраднікі сваімі “ўказамі аб мове”.

АСАБІСТАЕ ЖЫЦЬЦЁ

ДГ: Чым абумоўленая таямнічасьць асобы Krou’а?

АК: Усё вельмі проста: таямнічасьць абумоўленая граматна і добра прадуманым PR’ам. А выдумаў гэтую таямнічасьць ня я, а вы — журналісты. Я проста выкарыстаў сытуацыю (усьміхаецца). Звычайны маркетынг. Але так было не адразу. Спачатку я таксама думаў пра бясьпеку з увагі на тэматыку маёй творчасьці. А тэматыка — гэта абсалютна не маркетынг, як некаторыя могуць падумаць, а шчырыя думкі, якія мы пераказваем слухачам у нашых трэках. Для мяне заўжды ў творчасьці, як і ў жыцьці, самым галоўным была — шчырасьць. Вось і прыклад адразу: хто б іншы шчыра прызнаўся, што яго “таямнічасьць” — гэта прадуманы маркетынг?! (усьміхаецца). Наша шчырасьць ня ўсім падабаецца, таму мы маем ня менш ворагаў, чым прыхільнікаў, бо многія проста ня любяць ці ня хочуць чуць праўды.

ДГ: Што лічыш найбольш важным у сваім жыцьці?

АК: Канечне, сем’ю. Ніхто не падтрымае цябе так, як самыя блізкія людзі. А любоў, падтрымка, ляяльнасьць — гэта вельмі істотныя рэчы.

ДГ: Якія асобы аказалі ўплыў на тваё станаўленьне?

АК: Перадусім, бацькі, родныя й каханыя людзі — на характар. На погляды й асабовасьць: Robert Kiyosaki — бізнэсовец з ЗША, мільянэр, Janusz Korwin-Mikke — польскі палітык, кансэрватыўны лібэрал (лібэртарыянец), Milton Friedman і Friedrich von Hayek — ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі па эканоміцы (лібэртарыянцы), Ludwig von Mises — эканаміст, філёзаф, аўтар выдатных кніг пра ідэі лібэралізму і Вольнага рынку, і Adam Smith — філёзаф, эканаміст, заснавальнік сучаснай эканамічнай тэорыі. Мабыць, многія чакалі, што пачуюць імёны нейкіх вядомых рэпэраў, але не, менавіта гэтыя людзі паўплывалі на маю асобу.

ДГ: «Ты маеш роўна столькі, колькі хочаш мець. А калі маеш замала, значыць, замала хочаш». Адкуль такі жыцьцёвы дэвіз? Ці атрымліваецца жыць згодна зь ім?

— Пачуў я яго ад сябра і калегі ў бізнэсе якіх сем год таму. Ад таго часу маё жыцьцё зьмянілася на 180 градусаў, у лепшы бок. Лічу гэты дэвіз за “залатую формулу” жыцьця. Чалавек павінен зразумець, што літаральна ўсё залежыць ад яго. Нешта такое як “лёс”, на які многія спасылаюцца, — гэта адмазка “лузэраў”, якія ў жыцьці нічога не дасягнуць. Лёс тут не пры чым. Лёс мяне накіраваў на рэп, але накіраваў бы на рок, я таксама дасягнуў бы і ў ім посьпеху. І так з усім. Калі ў нас нешта не атрымліваецца, трэба сябе запытаць: “Ці я зрабіў насамрэч УСЁ, каб гэтага дасягнуць? Ці насамрэч я ня мог зрабіць больш, альбо мне проста не захацелася, і я паддаўся?” Людзі павінныя зразумець, што ніхто ім не стварае перашкод, перашкоды ствараюць яны самі, у сваёй галаве.

Вось паспрабуйце сьціснуць кулак, наймацней, як толькі можаце... Сьціснулі? А зараз сьцісьніце яшчэ мацней. Атрымалася? І яшчэ мацней... Бачыце? Заўжды можна зрабіць больш, чым нам здаецца. Трэба толькі знайсьці ў сабе моцы, насамрэч моцна захацець!

Найчасьцей у мяне атрымліваецца жыць згодна са сваім дэвізам.

ДГ: Акрамя музычнай дзейнасьці ты займаесься акторскай, прадусарскай, рэжысэрскай, публіцыстычнай... Як усё пасьпяваеш?

АК: Яшчэ можна ўзгадаць, што пішу кнігу на гаспадарчую тэматыку, скіраваную, перадусім, да моладзі, якая пачынае думаць самастойна, але якой не хапае ведаў пра гаспадарку, самы важны элемэнт палітычнага жыцьця чалавека. Гэта так, між словам (усьміхаецца).

Пасьпець з усім, насамрэч, ня так цяжка, галоўнае – гэта ўмець добра расплянаваць заняткі.

ДГ: Што лічыш сваім найбольшым дасягненьнем?

АК: Тое, што ў 18 год я ўжо быў абсалютна самастойным. У 25 год, дзякуючы выключна сваёй працы і ўласным амбіцыям, магу сабе дазволіць вельмі заможнае, прыгожае жыцьцё. Няма чаго гэтага саромецца. Няхай моладзь мае добрыя прыклады. Трэба мары пераўтвараць у рэальнасьць. З мараў усё пачынаецца.

ДГ: Якія пэрспэктывы бачыш перад сабою?

АК: Я не пляную жыцьцё больш чым на пяць год наперад. Ведаю, што дасягну ўсяго, пра што мару, і таму не хвалююся за будучыню.

ДГ: У якім са сваіх заняткаў адчуваеш сябе найбольш рэалізаваным?

АК: Справа ў тым, што я не хачу, каб мяне ведалі толькі як рэпэра, або актора, або вядучага праграмы на ТВ ці палітыка. Я хачу ўвайсьці ў гісторыю як чалавек, што паўплываў на зьмену сьвядомасьці людзей. Да адных мае думкі дойдуць праз рэп, да іншых — праз публікацыі ў газэтах, кнігу, ролю ў тэатры, фільме і г.д. Таму я рэалізуюся ва ўсіх плынях, і ў кожнай роўна адчуваю сябе рэалізаваным. Аднак я знаходжуся толькі на пачатку дарогі і цэласна адказаць на гэтае пытаньне змагу толькі перад сьмерцю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?