Віктар Цярэшчанка, які не стаў кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, шукае пяць тысяч еўра для праходжання абследавання ў амерыканска-літоўскім шпіталі ў Вільні, паведаміў сябра яго ініцыятыўнай групы Сяргей Скрабец. 

Цярэшчанка мяркуе, што 28 жніўня быў атручаны. Разам з членамі ініцыятыўнай групы ён праводзіў сустрэчу ў сталічным кафэ «Грунвальд», пасля выпітага ў гэтай установе шклянкі маркоўнага соку яму стала дрэнна. У аддзяленні пульманалогіі 3-й гарадской клінічнай бальніцы, куды Цярэшчанку адвезла брыгада хуткай дапамогі, ён ачуняў праз некалькі гадзін пасля серыі ўколаў і кропельніцы. Дактары, паводле слоў палітыка, казалі, што ў яго адбылася алергічная рэакцыя — востры ацёк Квінке, і шэсць дзён яго лячылі ад алергіі, у тым ліку пры дапамозе гармонаў, хоць «алергія праходзіць за дзень-паўтара». Падчас УГД унутраных органаў, зробленага пацыенту 2 верасня ў бальніцы, адхіленняў выяўлена не было. 

У адной з дзяржаўных клінік дасведчаны медык на ўмовах ананімнасці правёў Цярэшчанку яшчэ адно УГД і выявіў павелічэнне ўнутраных органаў. Цярэшчанка таксама звярнуўся ў адзін з прыватных цэнтраў, прычым зрабіў гэта інкогніта, пад дзявочым прозвішчам маці. Вынікі зандзіравання паказалі, што ў яго апечаныя стрававод, страўнік і ўчастак дванаццаціперснай кішкі. 

«Цярэшчанка звярнуўся ў шпіталь, каб даведацца, колькі будзе каштаваць поўнае абследаванне, — паведаміў Скрабец. — У іх розныя цэны, але ў яго выпадку трэба зрабіць спецыяльныя дарагія даследаванні». 

Плануецца, што Цярэшчанка паедзе ў шпіталь на наступным тыдні. «Такі план, што да канца верасня трэба з'ездзіць, бо потым наогул нічога не знойдуць. Пытанне тэрміновае. Яму сказалі, што ў першыя суткі амаль усё раствараецца, але сякія-такія рэчывы можна знайсці, калі хутка прыедзе», — адзначыў Скрабец. 

Віктару Цярэшчанку было адмоўлена ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, бо са 130 тыс. подпісаў, сабраных у падтрымку яго вылучэння кандыдатам у прэзідэнты і пададзеных у выбарчыя камісіі, сапраўднымі былі прызнаныя менш як сем тысяч. Цярэшчанка паспрабаваў абвергнуць рашэнне ЦВК у Вярхоўным судзе, але суд яго скаргу не задаволіў. 

Цярэшчанка таксама ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 1994, 2001 і 2010 гадоў, але толькі адзін раз — у 2010-м — быў зарэгістраваны кандыдатам. Тады, паводле даных ЦВК, за яго прагаласавала 1,19% выбаршчыкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?