Вайскоўцы Усходняй ваеннай акругі не накіроўваліся ў Сірыю, яго падраздзяленні перамяшчаюцца ў планавым парадку толькі ў межах УВА, заявілі ў прэс-службе акругі.

«Ва Усходняй ваеннай акрузе здзіўленыя спробамі карэспандэнтаў інтэрнэт-выдання прывязаць паўсядзённую дзейнасць падпарадкаваных войскаў да падзей на Блізкім Усходзе. Перамяшчэнні воінскіх часцей і падраздзяленняў ваеннай акругі ў рамках мерапрыемстваў баявой падрыхтоўкі ажыццяўляюцца ў планавым парадку выключна ў межах Усходняй ваеннай акругі», — сказалі прадстаўнікі вайскоўцаў.

Раней расійскае выданне «Газета.ру» апублікавала сведчанні неназваных ваенных, якія сцвярджаюць, што іх у тэрміновым парадку перакідваюць ў Сірыю, пры гэтым пісьмовых загадаў пра гэта яны не бачылі, а прадстаўнік Генштаба, які выступаў перад імі ў частцы, заявіў, што загад аб камандзіроўцы сакрэтны.

Член Савета па правах чалавека Сяргей Крывенка распавёў bbcrussian, што ў СПЧ паступіла ўжо некалькі запытаў ад ваенных і іх сваякоў, якіх камандаванне рыхтуе да камандзіровак у нейкую гарачую краіну. Адзін з іх і быў накіраваны ў мінабароны.

У СПЧ настойваюць, што калі інфармацыя, якая змяшчаецца ў зваротах, слушная, то адпраўка ваенных праводзіцца з парушэннем закона.

«Прэзідэнт Расіі мае поўнае права ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі адпраўляць у іншыя краіны ваенны кантынгент для падтрымання міру і бяспекі, але трэба выконваць прадугледжаную законам працэдуру», — растлумачыў Крывенка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?