lada.kz

lada.kz

Падчас другога этапа сумесных з Расіяй вучэнняў «Цэнтр-2015» у Актау на паўднёвым захадзе Казахстана патанулі чацвёра ваеннаслужачых тэрміновай службы. Пра гэта 18 верасня паведаміла Tengrinews.kz са спасылкай на прэс-службу міністэрства абароны Казахстана.

Інцыдэнт адбыўся падчас праходжання эпізоду «высадка марскога дэсанта і блакаванне плацдарму» ў пяці кіламетрах ад палігона «Аймаша». У мора выйшлі шэсць адзінак БТР-80 і 52 вайскоўцы.

Пераадолеўшы каля 150 метраў па моры, чатыры адзінкі БТР-80 патанулі з-за моцнага парыву ветру і высокіх хваляў.

Дзве адзінкі БТР выйшлі на бераг.

Загінулі чацвёра ваеннаслужачых тэрміновай службы — траім з іх было па 19 гадоў, чацвёртаму — 23.

Міністр абароны Казахстана Імангали Тасмагамбетаў даручыў тэрмінова высветліць падрабязнасці і прычыны. Па выніках папярэдняга расследавання міністрам прынята рашэнне аб адхіленні ад пасады чатырох ваеначальнікаў. Далейшы іх лёс вызначыць суд.

«Першапачатковыя высновы паказваюць, што дадзены інцыдэнт адбыўся па прычыне прыняцця няслушнага рашэння пры адпрацоўцы практычнага эпізоду высадкі марскога дэсанту пры адсутнасці дэсантна-высадачных сродкаў», — гаворыцца ў распаўсюджаным паведамленні.

Сумесныя вучэнні Расіі і Казахстана пачаліся 14 верасня. Паводле легенды манеўраў, расійскія і казахстанскія ваенныя павінны прадухіліць міжнародны канфлікт і нейтралізаваць ўзброеныя фармаванні на цэнтральнаазіяцкім напрамку.

Усяго ў вучэннях задзейнічаны больш за 95 тысяч вайскоўцаў, а таксама больш за 7 тысяч адзінак ўзбраення і ваеннай тэхнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?