Пракуратура Мінскай вобласці санкцыянавала ўзяцце пад варту дырэктара ААТ «Вішнявецкі-агра», паведаміла старшы памочнік пракурора вобласці Ларыса Пархімовіч.
Нагадаем, падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў 15 верасня гэтага года супрацоўнікамі УБЭЗ УУС Мінаблвыканкама сумесна з групай БЭЗ Клецкага РАУС з доказамі злачынства, пры атрыманні хабару, быў затрыманы кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства Стаўбцоўскага раёна. Ён вымагаў і атрымаў хабар у 20 тыс. долараў ЗША ад намесніка кіраўніка адной з фермерскіх гаспадарак за заключэнне паміж згаданымі суб'ектамі гаспадарання дагавора арэнды зямель сельскагаспадарчага прызначэння на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна для вырошчвання бульбы і за выкананне ўмоў згаданага дагавора ў частцы забеспячэння рэалізацыі правоў фермерскай гаспадаркі па выкарыстанні зямлі ў адпаведнасці з умовамі прадастаўлення.
Пяцідзесяціпяцігадовы жыхар Клецкага раёна падазраецца ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 430 КК (атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры).
Папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе праводзіцца ўпраўленнем Следчага камітэта па Мінскай вобласці.