Прэм'ер-міністр Славакіі Роберт Фіца паабяцаў апратэставаць у судзе рашэнне Еўрасаюза размясціць у краінах-сябрах 120 тысяч бежанцаў.

Па словах прэм'ера, Славакія мае намер падаць позву ў cуд Еўрасаюза, размешчаны ў Люксембургу. Фіца адзначыў, што яго краіна не можа пагадзіцца з сістэмай квот ў цэлым. Паводле яго слоў, яна ірацыянальная і бессэнсоўная.

Сістэма квот была зацверджаная ў аўторак. План прадугледжвае перасяленне 120 тысяч мігрантаў па ўсіх краінах ЕС у адпаведнасці з квотамі для кожнай дзяржавы. Акрамя Славакіі, незадаволенасць гэтай сістэмай ужо выказалі Чэхія, Румынія і Венгрыя.

Славакія ўваходзіць у лік краін, якія абвясцілі аб увядзенні пагранічнага кантролю на фоне міграцыйнага крызісу ў Еўропе. Гэта азначае павелічэнне колькасці паліцэйскіх і выбарачныя праверкі дакументаў на мяжы з Венгрыяй і Аўстрыяй.

Кожны дзень тысячы мігрантаў, пераважна сірыйцаў, перасякаюць межы Еўрасаюза і спрабуюць прасунуцца ўглыб кантынента, спадзеючыся атрымаць прытулак у Германіі ці Швецыі.

Паводле ацэнкі ААН, сёлета колькасць мігрантаў у краіны Еўропы ўжо перавысіла 300 тысяч чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?