Супрацоўнік міліцыі, які вылікаў ва УУС Магілёўскага аблвыканкама дачку экс-кандыдата ў прэзідэнты Рыгора Кастусёва Кацярыну, не дапусціў парушэння заканадаўства, сцвярджаюць у абласной міліцыі. 

Нагадаем, учора Рыгор Кастусёў заявіў, што супрацоўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама на працягу некалькіх дзён спрабуе выклікаць на допыт яго дачку Кацярыну, пры гэтым адмаўляецца прыслаць позву. «Ён сказаў, што яму трэба з ёю пагаварыць наконт нумара яе тэлефона, якім Каця не карыстаецца ўжо пяць гадоў і наогул ужо забылася пра яго, — расказваў апазіцыйны палітык, угледзеўшы ў дзеяннях міліцыі спробу аказаць націск на яго праз родных з-за яго палітычнай дзейнасці.

21 верасня супрацоўнік УУС Магілёўскага аблвыканкама сапраўды прапанаваў Кацярыне Кастусёвай з'явіцца ва УУС для апытання паводле матэрыялу праверкі, які знаходзіцца ў вытворчасці, паведамілі БелаПАН у абласным правааахоўным ведамстве.

«У тэлефоннай размове Кастусёва К.Р. растлумачыла, што яна гатовая прыбыць ва УУС да 10.00 22 верасня. Ёй таксама было растлумачана, што позва, якая пацвярджала знаходжанне ва УУС, будзе ўручана ёй пасля правядзення апытання. 22 верасня грамадзянка Кастусёва К.Р. знаходзілася ва УУС з 10.00 да 10.35, дзе праведзена яе апытанне выключна па матэрыяле праверкі», — сцвярджаюць у абласной міліцыі.

Там таксама зазначаюць, што з боку супрацоўніка УУС не дапушчана парушэнняў дзейнага заканадаўства, таму што выклік для апытання мог быць ажыццёўлены як шляхам уручэння позвы, так і з выкарыстаннем іншых сродкаў сувязі (па мабільным тэлефоне).

«Пасля інфармацыі ў прэсе яны размаўляць сталі зусім па-іншаму, як сапраўды павінны. Прыслалі машыну за ёй, прывезлі позву, адвезлі ва УУС, там пагутарылі, яна падпісала тлумачэнні па справе і яе потым на машыне завезлі на працу», — расказаў БелаПАН Рыгор Кастусёў.

Ён зазначае, што яму ўсё-такі застаецца незразумелым, навошта ў міліцыю выклікалі яго дачку. «Я дагэтуль не магу зразумець, навошта яе цягалі. Яе паказанні па справе, я думаю, ніякай ролі для іх не адыгралі, і ўсё ён бы мог спытацца па тэлефоне. Калі б ён назваўся па-нармальнаму, а не адным іменем, і растлумачыў бы сутнасць справы», — сказаў апазіцыйны палітык.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?