Актывіст апазыцыі з Мастоў Алесь Зарамбюк сёньня цягам двух з паловай гадзін знаходзіўся на гутарцы ва ўпраўленьні КДБ па Гарадзенскай вобласьці.

«Паказалі мае фотаздымкі з ушанаваньня памяці братоў Каліноўскіх у Сьвіслачы 27 кастрычніка, а таксама з сустрэчы з Аляксандрам Мілінкевічам у Мастах 4 лістапада. У выніку, папярэдзілі мяне аб крымінальнай адказнасьці па артыкуле 342 КК «Арганiзацыя i падрыхтоўка дзеяньняў, якiя груба парушаюць грамадзкi парадак». Прапаноўвалі падпісаць тлумачэньні, але я адмовіўся. За мяне гэта зрабілі панятыя. Размову вёў капітан Алег Жывушка, у кабінэце таксама прысутнічаў яшчэ нейкі чалавек, але ён прадставіўся. Прапаноўвалі, каб размова запісвалася на відэа, але я адмовіўся. На большасьць пытаньняў адказваў, што ня памятаю, ці адмаўляюся сьведчыць супраць сябе. Цікавіліся маім стаўленьнем да Аляксандра Мілінкевіч», — кажа Алесь Зарамбюк.

Гэта другі візыт у КДБ Алеся Зарамбюка, першы быў летась падчас сьледзтва па крымінальнай справе «Маладога фронту».

«Я лічу, што такім чынам мяне хочаць запалохаць і абмежаваць ад палітычнай дзейнасьці. Чэкістаў цікавіла, ці буду я ўдзельнічаць у вулічнай акцыі 25 Сакавіка», — кажа палітык.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0