вул. К.Маркса

Менгарвыканкам прыняў рашэньне не адсяляць жыхароў дамоў на вуліцы Карла Маркса ў часе ейнай рэканструкцыі, паведаміў старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Віктар Нікіцін сёньня на прэсавай канфэрэнцыі.

Паводле ягоных слоў, у выніку перамоў горадабудаўнічых службаў з ініцыятыўнай групай грамадзян, якія жывуць на гэтай вуліцы, знойдзейна кампраміснае рашэньне. Яно палягае ў тым, што будуць пераселеныя жыхары кватэр, разьмешчаных на першых паверхах. Гэта адзінкі, і грамадзяне з задавальненьнем пагадзіліся пераехаць у іншыя дамы.

«Пры вырашэньні гэтага пытаньня горадабудаўнічыя службы не дапрацавалі, — прызнаў Віктар Нікіцін. — У працэсе распрацоўкі канцэпцыі рэканструкцыі вуліцы Карла Маркса пад пешаходную зону на ўчастку ад вуліцы Валадарскага да вуліцы Камсамольскай на першапачатковым этапе ня ўлічвалася меркаваньне людзей. Ня дзіва, што гэтая канцэпцыя ня выклікала асаблівага энтузіязму ў жыхароў».

Прынята рашэньне абмежавацца добраўпарадкаваньнем дваравых тэрыторый, прывядзеньнем у належны выгляд фасадаў дамоў, будаўніцтвам парковак ды іншых аб’ектаў інфраструктуры.

«Мы выбачыліся перад грамадзянамі за сваё няўменьне працаваць зь людзьмі, якое ў рэшце рэшт прывяло да канфлікту, — сказаў Віктар Нікіцін. — Адсяленьне грамадзян для нас не самамэта. Пры распрацоўцы гэткіх праектаў надалей мы будзем выносіць іх на шырокае абмеркаваньне, улічваць патрабаваньні дзейнага заканадаўства й інтарэсы жыхароў дамоў».

У цэлым, адсотак грамадзян, якія пратэстуюць супраць адсяленьня пры зносе індывідуальнага сэктару, напрыклад, невялікі — каля 4%, дадаў ён.

Горадабудаўнічыя службы сталіцы распрацавалі канцэпцыю рэканструкцыі вуліцы Маркса, якая мела на ўвазе перапрафіляваньне першых паверхаў пад аб’екты гандлю, грамадзкага харчаваньня й абслугоўваньня. Канцэпцыя прадугледжвала два этапы: стварэньне пешаходнай зоны, якая актыўна выкарыстоўвалася б месьцічамі, і надалей перапрафіляваньне пад аб’екты сацыяльнай інфраструктуры асобных жылых дамоў, дзе нарматыўна, паводле ацэнкі камітэту па горадабудаўніцтве, не забясьпечвалася жылая функцыя.

Цяпер распрацоўваецца праектна‑каштарысная дакумэнтацыя рэканструкцыі вуліцы Карла Маркса з улікам наяўнай сытуацыі, паведамляе БЕЛТА.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў, што таксама жыве на вуліцы Карла Маркса пракамэнтаваў рашэньне гарадзкіх уладаў наступным чынам:

«Мы чакалі гэтага рашэньня. Яно стала вынікам згуртаванасьці грамадзянаў у адстойваньні сваіх правоў. І мы ўдзячныя ўладам, за тое, што пачулі наш голас».

Глядзі яшчэ:
Жыхары вуліцы Маркса бароняць свае гнёзды + фота Андрэя Лянкевіча
Жыхароў вуліцы Маркса выселяць на ўскраіны

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0