На сёньняшні дзень колькасьць насельніцтва нашай краіны складае 9 мільёнаў 689 тысяч чалавек, яшчэ ў 2000 годзе жыхароў было больш за 10 мільёнаў, пра гэта на сёньняшняй прэс-канфэрэнцыі паведаміў міністар статыстыкі і аналізу Уладзімер Зіноўскі.

Летась насельніцтва Беларусі зьменшылася на 29 тысяч чалавек. На 103 тысячы народжаных прыйшлося 132 тысячы памерлых. Прырост насельніцтва назіраецца толькі ў Менску. Цяпер у сталіцы жыве 1 мільён 814 тысяч чалавек, за восем гадоў колькасьць павысілася на 126 тысяч чалавек. Напрыклад, на Віцебшчыне за гэты ж тэрмін людзей паменшала на 96 тысяч.

Летась на тысячу чалавек па краіне прыходзілася 9 шлюбаў і амаль 4 разводы.

Грашовыя прыбыткі насельніцтва у 2007 годзе склалі 506 тысяч рублёў на душу насельніцтва. Найбольшыя прыбыткі ў Менску – 816 тысяч. Тады, як на Берасьцейшчыне толькі 407 тысяч.

Сярэдні заробак у Беларусі летась склаў 795 тысяч рублёў (369 даляраў ЗША). Найбольшыя сярэднія заробкі ў будаўнічай сфэры – каля мільёна. У сельскай гаспадарцы гэты паказчык складае толькі 453 тысячы.

Сярэдні памер пэнсіі напрыканцы мінулага году склаў 328 тысяч рублёў (152 даляры). 8,4 % хатніх гаспадарак маюць прыбыткі ніжэй за пражытачны мінімум. На Гомельшчыне такі паказьнік складае 12,7 %, у Менску – 2,1 %.

Чым большыя прыбыткі ў сям’і, тым больш яна аддае грошай на харчаваньне, і наадварот, кажа міністар. Увогуле, на харчаваньне беларусы выдаткоўваюць аж 41,5 % сваіх прыбыткаў, але штогод гэтая лічба меншае. З харчовых тавараў найперш насельніцтва набываецца мяса, хлебныя і малочныя прадукты.

На нехарчовыя пакупкі беларусы выдаткоўваюць 34,5 %. Разам з тым, штогод расьце колькасьць набытых аўтамабіляў, халадзільнікаў, пральных машынаў. На сто гаспадарак цяпер прыпадае 26 кампутараў. У сем’ях, дзе ёсьць дзеці, гэты паказьнік складае 40 кампутараў.

20,7 % жыхароў краіны маюць сталы доступ да Інтэрнэту. Каля 7 мільёнаў чалавек зьяўляюцца абанэнтамі кампаній мабільнай сувязі. Усё больш грошай беларусы выдзяляюць на культурныя і спартовыя відовішчы, а таксама на адпачынак. 7,4% прыбыткаў насельніцтва летась пайшлі на накапленьне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?