Вялізная папулярнасць у інтэрнэце, увага медыяў і запрашэнне на дзяржаўныя канцэрты. Народны ансамбль «Крыніца» стаў вядомым па ўсёй Беларусі дзякуючы песні пра любоў да Аляксандра Лукашэнкі.

Як гэта змяніла іх жыццё – эксклюзіўны рэпартаж «Белсату» з вёскі Новыя Мілевічы Жыткавіцкага раёна.

«А Лукашэнка ўсё рабіць умее, умее жаць, умее і пахаць…» 

Раней гэта была звычайная вясковая песня пра актуальнага старшыню калгасу або перадавіка-камбайнера. Толькі падстаўлялі патрэбнае прозвішча. Цяпер жа гэта песня ад жанчын з Новых Мілевічаў выключна пра былога старшыню калгасу, былога палітрука Аляксандра Лукашэнку.

Лідзія Маркевіч, гурт «Крыніца»: «Нам падабаецца прэзідэнт наш. Таму мы яе і выконваем. Яна нам падабаецца і падабаецца наш кіраўнік».

У народным ансамблі «Крыніца» кажуць, што песню «К нам едзе Лукашэнка» яны спявалі яшчэ 5 гадоў таму, падчас папярэдніх выбараў. Тады гледачы з самаробнай агітацыі пасмяяліся.

Алена Тарсан, гурт «Крыніца»: «Міліцыя стаяла – мы баяліся-баяліся».

Ганна Дуброўская, гурт «Крыніца»: «Старыя людзі, думалі, пасадзяць мо за гэта».

Але ў турму за абразу прэзідэнта жанчыны не селі. Пасля таго, як песня пра камбайнера Лукашэнку стала інтэрнэт-хітом, імі скарысталася ідэалагічная машына.

Вядоўца канцэрту: «Яны такія шчырыя, такія сапраўдныя».

Гурт «Крыніца» запрасілі ў Віцебск, на гала-канцэрт ад каналу ОНТ, па-сутнасці, у межах перадвыбарнай агітацыі.

«Прэзідэнтаў многа мы відалі, за Лукашэнку ў свеце лучшэ нет…»

Паспявалі перад чыноўнікамі з выканкамаў і актывістамі БРСМ ды вярнуліся дадому, у Жыткавіцкі раён. А тут нічога не змянілася.

Ніна Лінкевіч, былая ўдзельніца гурта «Крыніца»: «Трэба, каб нам і дарогу адрамантавалі. Бо ў нас вельмі кепская дарога».

Лідзія Маркевіч, гурт «Крыніца»: «Я 4 км езджу на рэпетыцыю на ровары, і вясной, і ўзімку, і летам. Дарога ў нас не ахці».

Выканаўцы песні пра любоў да прэзідэнта жывуць у вёсцы, якую мясцовыя ўлады, не саромеючыся, назвалі бесперспектыўнаю. Таму дарогу не рамантуюць, замест крамы – аўталаўка час ад часу прыязджае. Інтэрнэту – паглядзець сваю ж песню – няма і не будзе. Таму што ў Новых Мілевічах няма і не будзе моладзі.

Ганна Мацукевіч, гурт «Крыніца»: «З’язджаюць, бо тут няма што рабіць. Была ферма, і тую знішчылі».

Сакрэт шчасця па-мілевіцку вельмі просты: у іх ёсць тэлевізар, дзе дзяржаўныя тэлеканалы распавядаюць, як добра ў Беларусі, і як кепска за мяжою.

Ганна Дуброўская, гурт «Крыніца»: «Нам усё добра. Нам прэзідэнт падабаецца тым, што няма вайны ў нас, мы жывем пад мірным небам. Нашыя дзеці служаць у Беларусі, нікуды наш прэзідэнт не адпраўляе іх далей».

Тут у кожнай хаце жыве не больш за адну асобу. Гэтая вёска памірае. Памірае, але славіць правадыра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?