У судзе Цэнтральнага раёна Мінска сёння разглядаюць справы за несанкцыянаваную акцыю, што прайшла 23 верасня на плошчы Свабоды ў Мінску.
Яе ладзіў экс-палітвязень Мікола Статкевіч, арганізаваўшы як сустрэчу выбарцаў з Лукашэнкам. Кіраўнік дзяржавы, чакана, на сход не прыйшоў. У акцыі ўдзельнічаў і экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. На акцыю сабралася ад 400 да 500 чалавек. Выступоўцы — Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімір Някляеў — у сваіх выступах зрабілі акцэнты на выбарчым фарсе, рэпрэсіях і недапушчэнні прысутнасці расійскіх войскаў у Беларусі. Яны запрасілі прысутных на акцыю 4 кастрычніка, што пройдзе пад лозунгам пратэсту супраць расійскіх базаў.
Някляеў сёння прыйшоў на ганак суда, але ў будынак ісці адмовіўся. «Навошта ісці ў суд, калі ні справядлівага правасуддзя, ні выбараў у краіне няма», — сказаў ён. У выніку Някляеў сышоў.
Лябедзька зайшоў у будынак суда, чакае пачатку працэсу. Статкевіча няма. Лябедзька кажа, што той адмовіўся ісці, бо не атрымаў позву належным чынам.
Лябедзька, дарэчы, знаходзіцца тут па дзвюх справах: за сход Статкевіча 23 верасня і за пікет каля ГУМа, што прайшоў 16 верасня, у памяць зніклых Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Юрыя Захаранкі, Дзмітрыя Завадскага. Тут маюць судзіць актывіста АГП, удзельніка пікета, Мікалая Казлова.
Справы Лябедзькі, Някляева і Статкевіча раскідалі па розных кабінетах, і суды праходзяць асобна.
Карэспандэнт «НН» прысутнічае на судзе над Анатолем Лябедзькам.
Суддзя кажа лідару АГП, што яго хадайніцтва аб адводзе суддзі адхілілі, зачытвае пратакол. Сам Лябедзька тым часам заліпае ў планшэце.
Суддзя пытаецца, ці зразумеў сп. Лябедзька пратаколы. «Не, — адказвае той, — я думаў, у нас выбарчая кампанія праходзіць».
Суддзя пытаецца, што ён рабіў каля ГУМа 16 верасня? Лябедзька адказвае, што праходзіць выбарчая кампанія. — «Якая?» — «У інтэрпрэтацыі ўладаў, выбары прэзідэнта. У маім уяўленні, выбары Лукашэнкі на пасаду», — адказвае Лябедзька.
Ён кажа, што ў праграме Лукашэнкі не было нічога пра зніклых. Распавядае, што колькі гадоў прайшло і нічога не робіцца.
Суддзя пытае: навошта заклікалі да байкоту?
Старшыня АГП адказвае: «Мы рабілі тое ж, што рабілі кандыдаты ў прэзідэнты, у тым ліку і Лукашэнка. Чаму наўпрост грамадзяне не могуць выказвацца, калі іх пазіцыя адрозніваецца?»
Пачынае расказваць суддзі пра эканамічныя праблемы, пра якія нічога не знайшоў у праграме Лукашэнкі.
Кажа, што арт.45 выб. кодэксу дае яму права ісці да людзей і агучваць сваю пазіцыю.
Кажа, што прапанаваў 11 кастрычніка людзям паехаць у грыбы, на рыбалку, да цешчы выпіць кілішак, гэта не забаронена
Сведка амапавец Алег Баразноў кажа, што Лябедзька 16 верасня заклікаў да байкоту, на заўвагі не рэагаваў.
Лябедзька паказвае на планшэце фотаздымкі з пікета і кажа, што амапаўца на іх няма. Амапавец кажа: «Дык вось жа я», — і тыкае пальцам у фота»
Лябедзька: «Дык Вы ж без формы»
Амапавец: «Такі быў загад».
Наступны сведка — участковы Цэнтральнага РАУС Мінска. Ён кажа, што ішоў 23 верасня каля Ратушы, заўважыў натоўп, вырашыў падысці бліжэй. Пацікавіўся, што тут, а там на ганку Лебедзько заклікаў байкатаваць выбары.
Участковы зазначае, што падышоў да Статкевіча і Лябедзькі, сказаўшы, што складзе пратакол і прапанаваў разысціся. «Не перашкаджайце нам, афармляйце што хочаце», — пачуў у адказ.
Лябедзька пытаецца, ці бачыў ён пікеты раней. Сведка адказвае, што там, дзё ён нёс службу, ніводнага не бачыў.
Наступны сведка — яшчэ адзін участковы Цэнтральнага РАУС Мінска. Ён распавядае пра пікет 16 верасня каля ГУМа. Кажа, што спытаў, ці ёсць дазвол. Лябедзька адказаў, што дазволу не трэба, і адмовіўся падпісаць пратакол. Лябедзька пытаецца, чаму пратакол не падпісаны двума сведкамі? Участковы адказвае, што сведак не знайшлося.
Наступны сведка прыйшоў у хатніх напаўспартовых штанах, гэта Аляксандр Лаўрэцкі, амапавец.
Яго апытваюць пра 23 верасня. Ён кажа, што як звычайна нёс службу, заўважыў натоўп, дзе Лябедзька заклікаў не хадзіць на выбары.
Лябедзька зноў паказвае фоткі на планшэце: «А дзе вы стаялі, калі ўсё чулі?» Амапавец паказвае: «Тут быў». Але на фотаздымках, ні Лябедзька, ні ён сам сябе не знаходзяць.
З'яўляецца яшчэ адзін сведка-амапавец Яноўскі. Лябедзька прапануе яму знайсці сябе на фота, той не знаходзіць.
Суддзя дазваляе лідару АГП выступіць. Той сцвярджае, што ў нас не выбары, а фарс: адны маюць канстытуцыйнае права на кантакт з выбаршчыкамі, іншыя такога права не маюць, і сведкі сенняшнія гэта пацвярджаюць.
Лябедзька сцвярджае, што сённяшні суд звязаны з акцыяй супраць расійскіх ваенных баз, якая павінна прайсці 4 кастрычніка ў Мінску.
Лябедзька: «Два сведкі проста схлусілі, яны сказалі, што чулі мае размовы з міліцыянтамі, але ж на фота сведак няма. іх загадзя праінструктавалі, як весці сябе на судовым працэсе».
Лябедзька кажа, што, згодна з артыкулам 45 Выбарчага кодэкса, даецца права абмяркоўваць праграмы кандыдатаў. І трэба ці сказаць, што выбараў няма, ці даць нармальна працаваць Выбарчаму кодэксу.
«Мы нічога не парушалі. але калі хочаце знайсці адказных, то я бяру адказнасць на сябе».
Анатоль Лябедзька атрымаў два штрафы: 5,4 млн і 1,8 млн рублёў.
Мікола Статкевіч за акцыю 23 верасня атрымаў штраф — 9 млн рублёў, Уладзімір Някляеў — 3,6 млн (20 б.в.). Але іх судзілі завочна, бо на працэс яны не з'явіліся.
Мікалай Казлоў аштрафаваны на 5,4 млн.
«Пасля 4 кастрычніка будуць закрываць на суткі», — пракаментаваў Лябедзька.
***
Нагадаем, што за сустрэчу з народам 10 верасня каля ГУМа Статкевіч атрымаў 7,2 млн штрафу.
Каментары