Праваахоўнікі затрымалі двух мужчын па падазрэнні ў прычыненні цяжкіх цялесных пашкоджанняў, паведамляе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.

Два хлопцы, якія паступілі ноччу ў бальніцу з ударамі і траўмамі, распавялі, што іх ліхтугі пачаліся з адпачынку ў начным клубе. Бліжэй да 4-й раніцы яны выйшлі на вуліцу і вырашылі злавіць машыну.

У аўтамабілі быў кіроўца з пасажырам. За паездку менш за кіламетр пацярпелыя хацелі заплаціць 150 тысяч рублёў, але па дарозе перадумалі і вырашылі знізіць цану. Кіроўца адмовіўся гандлявацца, завязалася сварка.

Тады кіроўца спыніў машыну, дастаў бейсбольную біту і пачаў збіваць двух сваіх пасажыраў. Пасля гэтага ён дастаў з кішэні аднаго з пацярпелых кашалёк і з'ехаў.

Пацярпелыя не запомнілі ні нумар, ні марку машыны, ні прыкметы нападніка.

Злачынцаў шукаў увесь асабовы склад аддзела крымінальнага вышуку Фрунзенскага РУУС. Паводле слоў першага намесніка начальніка раённага ўпраўлення падпалкоўніка міліцыі Аляксандра Палулеха, асобы падазраваных выявілі за два дні, а затрымлівалі іх пры падтрымцы спецпадраздзялення «Алмаз».

Як стала вядома, аматар памахаць бітай жыў у Дзяржынску і ўжо быў судзімы за разбой, крадзеж і супраціў міліцыі. Таксама ён пазбаўлены пасведчання кіроўцы за ДТЗ. У багажніку машыны знайшлі біту і рэчы пацярпелага.

Прыяцеля кіроўцы, 19-гадовага мінчука, таксама затрымалі і даставілі ў РУУС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0