Віленскі аэрапорт будзе закрыты з 14 ліпеня па 18 жніўня 2017 года. Паветраную гавань закрыюць на 35 дзён для рэканструкцыі ўзлётна-пасадачнай паласы (ВПП) даўжынёй 2,5 км, паведамляе delfi.lt.

Дырэктар Віленскага аэрапорта Артурас Станкявічус сказаў, што вялікую частку палётаў перанясуць у Каўнас. У Каўнаскім аэрапорце да павелічэння патоку пасажыраў пачнуць рыхтавацца з наступнага года: будзе адкрыты дадатковы тэрмінал для прыбылых пасажыраў, дадатковы тэрмінал для тых, хто адлятае, дадатковая стаянка для машын.

Падчас рэканструкцыі УПП пакладуць каля 174 тыс. кв.м асфальту. Падлічана, што рэканструкцыя абыдзецца ў 27 млн еўра.

Па словах Станкявічуса, закрыццё аэрапорта ўлетку (у разгар турыстычнага сезону) абумоўлена тым, што для рэканструкцыі патрэбна сухое надвор'е. «Для кладкі асфальту патрэбная высокая тэмпература, таму вясной гэта рабіць нельга», — растлумачыў Станкявічус.

Кіраўнік Літоўскай асацыяцыі гасцініц і рэстаранаў Эвалда Шышкаўскене сказала, што прадстаўнікі гасцінічнага сектара спадзяваліся, што рэканструкцыю будуць праводзіць вясной ці восенню, калі турыстаў няшмат. Яна мае намер абмеркаваць сітуацыю з уладамі Каўнаса і Каўнаскага раёна. «Для нас гэта месяц жалобы, бо гэта ліпень — сярэдзіна сезону. У 2016-2017 гадах у Вільні плануюць адкрыць 6 новых гасцініц. Верагодна, што іх адкрыццё перанясуць на 2018 год», — сказала Шышкаўскене.

Турыстычныя кампаніі маюць намер звярнуцца да ўладаў з просьбай стварыць магчымасць для пераездаў турыстаў з Вільні ў Каўнас і назад.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0