Дэлегаты VI з'езда Камуністычнай партыі Польшчы, якая адбылася 9-18 кастрычніка 1932 ў Беларусі. Кружочкам пазначаны Юзэф Міцэнмахер. 

Дэлегаты VI з'езда Камуністычнай партыі Польшчы, якая адбылася 9-18 кастрычніка 1932 ў Беларусі. Кружочкам пазначаны Юзэф Міцэнмахер. 

Cпецслужбы даваеннай Польшчы мелі вялікі поспех у выкараненні Камуністычнай партыі Польшчы, аплёўшы сеткай інфарматараў гэтую нелегальную і цесна звязаную з Масквой арганізацыю. Яны так глыбока праніклі ў структуры партыі, што гэта стала адной з прычын ліквідацыі КПП Сталіным.

9 лютага 1934 года, вёска Пяcчанка пад горадам Скідаль, што ля Гродна. Было ўжо поначы, калі на дарозе, крадучыся, з’явіліся двое маладых людзей, якія выразна хацелі застацца незаўважаным. Пятро Вагась і Павел Сыралевіч, стрыечныя браты і члены Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі (якая, як і Камуністычная партыя Заходняй Украіны, была аўтаномнай часткай Камуністычнай партыі Польшчы), меліся выканаць смяротны прысуд. Ішлі яны па душу Уладзіміра Каскевіча, асуджанага райкамам КПЗБ.

Каскевіч не належаў да партыі, камуністы падазравалі, што ён быў інфарматарам паліцыі, і гэтага было дастаткова, каб забіць яго. Страляць меўся 20-гадовы Вагась, прызначаны для гэтай задачы як сакратар мясцовай ячэйкі камсамола Заходняй Беларусі. Сыралевіч быў добраахвотнікам і меўся «прыкрываць тылы».

Узброеныя пісталетамі, стрыечныя браты падышлі да хаты Каскевіча. Праз акно Вагась убачыў Каскевіча, які хадзіў па пакоі, і зрабіў у яго бок некалькі стрэлаў. Паспеў яшчэ пабачыць, як мужчына ўпаў, і пачуць крык яго сястры, а затым нападнікі пабеглі ў кірунку суседняй вёскі Бубны. Калі па дарозе Сыралевіч абагнаў Вагася, той зноў выцягнуў пісталет і стрэліў стрыечнаму брату ў патыліцу, выконваючы другі прысуд раённага камітэта КПЗБ.

Што зрабіў Каскевіч

Падзеі ў Пясчанцы былі часткай абвешчанай камуністамі вайны супраць польскіх агентаў спецслужбаў, якія дзейнічалі ў іх арганізацыі. Праўда, ані Каскевіч, ані Сыралевіч інфарматарамі не былі. Годам раней, 16 студзеня 1933 года, Каскевіч падкінуў у хлеў суседа Тэадора Бубна два камуністычныя транспаранты, а трэці таемна вывесіў у вёсцы. Затым паведаміў паліцыі, кажучы, што вінаваты Бубен — вядомы ў вёсцы камуніст. Каскевіч зрабіў гэта не па загадзе польскіх службаў, а з уласнай ініцыятывы, бо быў з суседам моцна пасвараны.

У ходзе расследавання паліцыя высветліла, што Бубен не меў дачынення да камуністычнай агітацыі і ўзяліся за Каскевічa, абвінаваціўшы яго ў фальсіфікацыі доказаў. Жаданне адпомсціць суседу каштавала яму дорага: мала таго, што яго чакала крымінальная справа, дык ён яшчэ і ледзь не загінуў. Аднак яму пашанцавала, бо стрэлы ў акно аказаліся не смяротнымі, і ён быў толькі паранены. Застрэлены Вагасём Сыралевіч таксама не меў ніякіх сувязяў з польскімі службамі, якія змагаліся супраць камуністычнай агентуры.

Смерць правакатарам!

«Правак», або правакатар – так у шэрагах камуністаў называлі агентаў польскіх спецслужбаў і ставіліся да іх, як найвялікшых ворагаў. Як і любая нелегальная арганізацыя, што вядзе падрыўную дзейнасць, КПП надавала вялікае значэнне канспірацыі. Таму падчас яе III з'езду, што адбыўся ў канцы студзеня — пачатку лютага 1925 года пад Масквой, было вырашана, што ў дачыненні да здраднікаў і інфарматараў трэба прымяняць тэрор. Партыя абвясціла новы лозунг: «Смерць здраднікам і правакатарам!» Гэты лозунг стаў распаўсюджвацца ў партыйнай прэсе, а забойцы агентаў паўставалі на яе старонках як героі і сапраўдныя рэвалюцыянеры.

У 1926 годзе пры Палітбюро ЦК КПП была створана Камісія па бяспецы на чале Віктарам Жытлоўскім, які быў звязаны з савецкай бяспекай. Ён павінен быў высочваць агентуру ўнутры партыі і змагацца з ёй. У гэтым выпадку КПП магла таксама разлічваць на падтрымку савецкіх спецслужбаў, для якіх адным з прыярытэтаў выведнай дзейнасці было распазнанне дзеянняў польскіх уладаў, скіраваных супраць камуністаў, і барацьба з імі.

КПП зацвердзіў парадак вынясення смяротнага прысуду ў дачыненні да меркаванага інфарматара або здрадніка. Станіслаў Вышкоўскі, намеснік пракурора Гродзеншчыны, у дакладзе ад 11 красавіка 1937 года заўважыў: «З цыркуляраў ЦК КПЗБ 1927, 1928, 1929 гадоў вынікае, што права выдачы прысуду ў дачыненні да асоб, якія стаяць на службе ў паліцыі, павінны мець арганізацыйныя адзінкі, пачынаючы ад раённага камітэта. Прысуд раённага камітэта меў быць адпраўлены на зацвярджэнне ў ЦК, які, у выпадку яго зацвярджэння, і выконваў яго сіламі свайго баявога апарату».

Фрагмент рапарта пракурора.

Фрагмент рапарта пракурора.

З прысудаў партыі

Пасля III з’езда камуністы пачалі маштабна караць смерцю рэальных або меркаваных агентаў. Адным з першых стала забойства Аляксандра Кузьмы ў 1926 годзе, інфарматара паліцыі, якія спрабаваў пранікнуць у арганізацыю. «Амаль з першых дзён працы Сойма нашы дэпутаты сталі аб'ектам цікавасці польскай палітычнай выведкі. Яе агенты часта прыходзілі на нашы сходы з прапановамі працы для беларусаў. Асабліва актыўным быў нейкі Кузьма. Ён прапанаваў адкрыць беларускую школу ва Уселюбе. (…) Камуністы з вёскі Ярэмічы нейкім чынамі даведаліся, кім насамрэч ёсць Кузьма, запрасілі яго да сябе, і там забілі яго арматурынамі. (…) Яго цела кінулі ў Нёман», — пісаў у сваіх успамінах беларускі дзяяч Васіль Рагуля, у 20-я гады дэпутат Сойма, а пазней сенатар.

Кузьму забіла група камуністаў на чале з сакратаром райкама КПЗБ, 27-гадовым Уладзімірам Царуком. Падчас польска-бальшавіцкай вайны Царук быў салдатам 10 Мінскага палка ЧК, а затым быў адпраўлены на тэрыторыю Польшчы (ён быў родам з Заходняй Беларусі) для вядзення камуністычнай дзейнасці. Пасля забойства агента Царука і яго саўдзельнікаў хутка знайшла паліцыя. Яны былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне.

Падобныя забойствы сталі адбывацца ва ўсіх рэгіёнах Польшчы. 16 сакавіка 1928 года на падставе рашэння ЦК КПЗБ ў Вільні быў забіты былы член таго ж ЦК Міхал Гурын-Маразоўскі. Ён павінен быў даваць паказанні супраць камуністаў. 29 мая 1928 года ў Гродне загінуў Герасім Мірук — інфарматар, які распрацоўваў камуністычную арганізацыю вёскі Лаша. 7 лістапада 1928 года ў Вільні быў забіты Натан Шварцайг, кандыдат спісу № 13 (камуністычнага) на выбарах у Сойм, абвінавачаны камуністамі ў правакацыі.

У 1925—29 гадах толькі ў трох паўночна-ўсходніх ваяводствах Польшчы — беластоцкім, віленскім і наваградскім — было выканана 48 падобных забойстваў. Смяротныя прысуды агентам выдаваліся так часта, што ў чэрвені 1929 года КПП змяніла правілы для іх зацвярджэння: з гэтага часу раённыя ячэйкі не мусілі чакаць зацвярджэння прысуду праз ЦК, а яго выкананнем мелі займацца мясцовыя актывісты. Выканаўцы альбо вызываліся добраахвотна, альбо абіраліся па жэрабі. Цэнтральны Камітэт трэба было толькі інфармаваць пра выдачу і выкананне прысуду, а таксама наступны лёс выканаўцаў. Спрошчаная працэдура мела зрабіць барацьбу супраць правакатараў масавай.

«Камуністычная партыя выкарыстоўвае індывідуальны тэрор супраць асоб, якія засталіся на службе органаў бяспекі, і акты гэтага тэрору разглядае як адну з формаў барацьбы з дзяржаўным апаратам», — пісаў у дакладзе, прысвечаным камуністычнаму тэрору, А. Выкасінскі, кіраўнік аддзела грамадскай бяспекі беластоцкага ваяводства. Паводле яго слоў, мэтай тэрору была поўная пацыфікація разведвальнай дзейнасці спецслужбаў.

Пасля выканання прысуду КПП часта выпускала ўлёткі, што інфармавалі пра прычыны забойства і заклікалі да салідарнасці з іх выканаўцамі.

Сапраўднай зоркай камуністычнага тэрору стаў Сяргей Прытыцкі, якому было 20 з нечым гадоў. 27 студзеня 1936 года падчас суда над камуністамі ў Вільні ён спрабаваў забіць агента Якуба Стральчука, які сведчыў супраць іх. Стральчук быў паранены, але выжыў, а затрыманаму паліцыяй Прытыцкаму пагражала смяротнае пакаранне. КПП арганізавала кампанію салідарнасці са зняволеным: выпусціла плакаты з яго выявай, а камуністычная прэса пісала пра яго як пра узор для пераймання, чалавека, які хацеў справядлівасй кары для здрадніка працоўнага класа. У выніку смяротны прысуд Прытыцкаму быў зменены на пажыццёвае зняволенне. Усё гэта накручвала спіраль тэрору, і недахопу ў жадаючых выконваць партыйныя прысуды сярод камуністычнай моладзі не было.

Контратака Дэфензівы

Палітычны аддзел Дзяржаўнай паліцыі насіў розныя назвы: Аддзел IV-D, Інфармацыйная служба, Палітычныя паліцыя, а ў размовах яго часцей называлі Дэфензіва альбо Дэфа. Супрацоўнікі Дэфензівы змагаліся супраць шпіянажу і падрыўной дзейнасці, і менавіта яны ўдзельнічалі ў барацьбе супраць камуністаў. Як вынікае з унутраных справаздач, польскія службы былі добра інфармаваныя аб мэтах, дзейнасці, кадрах і стасунках, якія склаліся ў КПП. Былі выпадкі, калі на стол кіраўніцтва Дэфензівы траплялі справаздачы з сустрэч лідараў польскіх камуністаў, праведзеных у Маскве. Бескампрамісная вайна, аб'яўленая КПП правакатарам, ускладняла пошук новых агентаў, але камуністы не здолелі цалкам ліквідаваць інфарматараў, якія праніклі ў партыю.

Адказам Дэфензівы стала шырокая кампанія дэзінфармацыі, мэтай якой было пусціць намаганні камуністаў па ілжывым следзе. У якасці прыкладу можна прывесці лёс згаданага вышэй Паўла Сыралевіча. 13 сакавіка 1933 года ён быў арыштаваны разам з іншымі мясцовымі камуністамі па абвінавачанні ў спробе гвалтоўнага змянення канстытуцыйнага ладу Польшчы, за што арт. 93 Крымінальнага кодэкса прадугледжваў нават пажыццёвае зняволенне. Аднак 18 жніўня Сыралевіч, які займаў самую высокую пасаду ў партыі сярод арыштаваных, быў нечакана выпушчаны з турмы ў Гродне і аддадзены пад нагляд паліцыі. Ён адразу ж уцёк і пачаў хавацца ў сяброў, наведаўшы, у прыватнасці, сваяка і ўдзельніка камуністычнага падполля Пятра Вагася. Праз апошняга ён звярнуўся да кіраўніцтва партыі з просьбай арганізаваць яго ўцёкі ў СССР. «Я заб'ю чацвярых здраднікаў і ўцяку ў Расію», — сцвярджаў ён. Для гэтага ён купіў пісталет, 45 патронаў і чакаў, пакуль партыя выдасць наступныя прысуды здраднікам. Ён не ведаў, што 4 лютага 1934 года на пасяджэнні раённага камітэта КПЗБ ў Скідалі смяротны прысуд выпішуць і яму.

Як пісаў у рапарце віцэ-пракурор Вышкоўскі, падазрэнне, што Сыралевіч знаходзіцца на службе ў паліцыі, узнікла ў галовах яго таварышаў, бо інакш яны не маглі растлумачыць, чаму яго выпусцілі з турмы. Ён, у рэшце рэшт, займаў важную пасаду сакратара гродзенскага камсамольскага камітэта. І менавіта таму партыя вырашыла пазбавіцца ад Сыралевіча. На самай справе, перадача Сыралевіча пад паліцэйскі нагляд была часткай плана Дэфензівы, які павінен быў пасеяць сумненні ў вернасці Сыралевіча партыі і дапамагчы ў прыкрыцці рэальнага агента, які працаваў у структурах гродзенскіх камуністаў.

Суперагент Міцэнмахер

Юзэф Міцэнмахер (1903—47)

Юзэф Міцэнмахер (1903—47)

Аўтарам тактыкі, прыкладам якой з'яўляецца выпадак Сыралевіча, быў, хутчэй за ўсё, Генрык Кавецкі, намеснік дзяржсакратара ў Міністэрстве ўнутраных спраў. У 1928 годзе ён завербаваў члена КПП Юзэфа Міцэнмахерa. 26-гадовы камуніст, які таксама выкарыстоўваў імя Мечыслаў Рэдыка, у наступныя гады зрабіў кар'еру ў КПП — стаў членам ЦК, некалькі разоў ездзіў у СССР, дзе прайшоў навучанне. У дадатак да перадачы Дэфензіве каштоўнай інфармацыі, па даручэнні Кавецкага ён пачаў прасоўваць ідэю пра існаванне сеткі агентуры ў партыі. Размаўляў пра гэта з таварышамі, пераконваючы іх, што такая вялікая колькасць няўдач павінна быць вынікам дзейнасці агентаў.

Згодна з указаннямі Кавецкага, Міцэнмахер кідаў падазрэнні на членаў КПП, якія перайшлі ў партыю з некамуністычных груповак.

Шмат намаганняў прыклаў да ачарнення Альфрэда Лямпэ, члена ЦК КПП, а раней габрэйскай партыі Паалей Цыон, і Сільвестра Ваявудскага, былога члена Польскай вайсковай арганізацыі і супрацоўніка выведкі, якія перайшлі на бок камуністаў. Будучы ў Маскве, Міцэнмахер выказваў свае «падазрэнні» прадстаўнікам савецкіх службаў, якія сачылі за польскімі камуністамі, і зерне сумневу падала ў добрую глебу.

У Маскве і сапраўды не было ніякіх ілюзій адносна існавання агентаў ўнутры КПП, КПЗБ і КПЗУ — пра гэта сведчылі шматлікія судовыя працэсы. У 1928 годзе ў Беластоку асудзілі 133 членаў КПЗБ, ў 1929-м у Гродне — 75, а ў 1934-м на вялікім працэсе ў Луцку асудзілі 55 членаў Камуністычнай партыі Заходняй Украіны. Праз два гады былі арыштаваныя члены Цэнтральнага вайсковага аддзела КПП, якія дзейнічалі ў польскай арміі. Усё гэта адбылося дзякуючы поспехам агентуры.

«Падазрэнні» Дэфензівы пра тое, што той ці іншы лідар КПП з’яўляецца агентам, выкарыстоўваліся ва ўнутрыфракцыйных бойках партыі, за чым з цікавасцю назіралі савецкія спецслужбы.

У 1931 годзе па прыбыцці ў СССР савецкія спецслужбы арыштавалі Сільвестра Ваявудскага, а ў 1933-м аналагічны лёс напаткаў Ежы Чашэйку-Сахацкага, які раней уваходзіў у ППС (ён скончыў жыццё самагубствам, скочыўшы з акна пятага паверха падчас допыту на Лубянцы). Саветы ўсур’ёз пачалі паляваць на падазраваных агентаў, і першы ўдар быў накіраваны на людзей, якія прыйшлі ў КПП з іншых партый.

Дэфензіва вывела Міцэнмахерa з гульні ў 1933 годзе, інсцэніраваўшы яго смерць, а ў прэсу пайшла інфармацыя, што ён загінуў у выніку ўнутраных «разборак» у КПП. Напярэдадні знікнення агент старанна расказваў, што нібыта напаў на след інфарматара з самай вярхушкі КПП. Пазней пад псеўданімам Ян Антоні Рэгула Міцэнмахер напісаў кнігу «Гісторыя Камуністычнай партыі Польшчы ў святле фактаў і дакументаў», якая раскрывала закулісную дзейнасць партыі і мела скіраваць падазрэнні ў супрацоўніцтве з польскімі спецслужбамі на партыйныя вярхі.

Канец КПП

У канцы 30-х на загад Сталіна НКВД расправілася практычна з усім кіраўніцтвам КПП. Як агенты «польскага фашызму» былі расстраляныя Юльян Ляшчынскі-Ленскі, генеральны сакратар ЦК КПП, 12 з 19 членаў ЦК, 15 з 18 кандыдатаў у члены ЦК і вялікая колькасць шараговых актывістаў. У час вялікай чысткі рэпрэсіі закранулі таксама іншая камуністычныя партыі, але з КПП Сталін абышоўся вельмі жорстка. 16 жніўня 1938 года Камінтэрн абвясціў, што КПП і яе аўтаномныя часткі КПЗБ і КПЗУ цалкамі кантралююцца польскімі спецслужбамі, і распусціў партыі.

Альфрэд Лямпэ, да арышту якога спрычыніўся Міцэнмахер, па стане на 1938-ы адбываў 15-гадовы тэрмін у польскай турме, але ў рэзалюцыі аб роспуску КПП яго ўсё роўна назвалі здраднікам і правакатарам. Аднак лёсу таварышаў ён не падзяліў — пасля вераснёўскай паразы трапіў у заняты Саветамі Беласток, наладзіў кантакт з Вандай Васілеўскай і ў выніку стаў адным з арганізатараў Саюза польскіх патрыётаў і дывізіі Касцюшкі. Ён памёр ад сардэчнага прыступу ў Маскве 10 снежня 1943 года.

Палкоўнік Штэфан Маер, адзін з кіраўнікоў даваеннай польскай выведкі, быў перакананы, што рашэнне аб роспуску КПП было прынята пад уплывам дэзінфармацыйнай кампаніі польскіх службаў. А намеснік міністра Кавецкі меў асабістую нагоду для радасці — яго меркаванне, што камуністаў у II РП можна знішчыць рукамі камуністаў, спраўдзілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?