Жыхары аграгарадка, што будуецца ў пасёлку Коханава Талачынскага раёну, перакрылі дарогу будаўнічай тэхніцы. На такія радыкальныя меры яны пайшлі з‑за таго, што вуліцы ператварыліся ў непраходную дрыгву.

Сёлетняй вясной аграгарадок паплыў у літаральным сэнсе слова. У часе праверкі прадстаўнічай камісіяй упраўленьня капітальнага будаўніцтва Талачынскага райвыканкаму аказалася, што дамкі сьпехам паставілі ў самых нізкіх мясьцінах.

Абышлася нядбаласьць праектавальнікаў, замоўцаў і ўсемагчымых наглядчыкаў і правяральшчыкаў у капейчыну. Дакладную суму назваць пакуль цяжка. Вядома толькі, што давядзецца будаваць абвадны канал.

Да ўсяго будаўнікамі і землекапальнікамі былі ўшчэнт разьбітыя дарогі. Да тутэйшых жыхароў ня можа праехаць ні хуткая, ні пажарнікі, ні міліцыя, ні чыноўнікі.

Мясцовыя ўлады зьвярнулі ўвагу на пратэстоўцаў і паабяцалі, што пусьцяць будаўнічую тэхніку па іншай вуліцы.

Мікалай Петрушэнка, Народныя навіны Віцебска

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0