Расійскія блогеры, якія вядуць пошук у інтэрнэце сведчанняў расійскай ваеннай прысутнасці ва Украіне і ў Сірыі, апублікавалі доказы таго, што расійская авіяцыя нанесла ўдары некіраванымі бомбамі па жылых кварталах горада Тэль-Біса (Талбіса) — паўночнага прыгарада Хомса, кантраляванага адной з груповак «Сірыйскай свабоднай арміі».

Гэтыя бамбардзіроўкі, якія адбыліся 30 верасня, сталі аднымі з першых пасля таго, як раніцай таго ж дня Савет Федэрацыі РФ дазволіў Уладзіміру Пуціну выкарыстанне расійскіх войскаў за мяжой. Такую выснову, што цэнтр Тэль-Бісы бамбілі менавіта ВПС Расіі, а не сірыйская армія, аўтары расследавання робяць на падставе паведамлення сірыйскага дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва SANA. Пра гэты горад як цэль аднаго з удараў гаварылася і ў сюжэце расійскага тэлеканала «Расія».

Як сцвярджаецца ў расследаванні групы валанцёраў War In Ukraine (WIU), пра удары па густанаселеным цэнтры горада можна судзіць, параўнаўшы відэа бамбардзіровак, апублікаваных на канале групоўкі «Джэйш-аль-Таўхід» (Jaish al-Tawhid), з агульнадаступнымі спадарожнікавымі і іншымі здымкамі мясцовасці. «Джэйш-аль-Таўхід» — прадстаўнікі так званай «умеранай сірыйскай апазіцыі». У расследаванні прыводзяцца доказы таго, што менавіта яна кантралявала Тэль-Бісу на момант нанясення авіяўдараў.

Кадр з выпуску навін тэлеканала «Расія» з картай расійскіх авіяўдараў ў Сірыі.

Кадр з выпуску навін тэлеканала «Расія» з картай расійскіх авіяўдараў ў Сірыі.

Відэа наступстваў бамбардзіровак, апублікаванае на канале групоўкі Джэйш-аль-Таўхід на YouTube:

Параўнанне мясцовасці на відэазапісы і спадарожнікавых здымкаў Google дазволіла вылічыць, куды былі скінутыя бомбы:

Па кадрах відэазапісаў аўтары расследавання змаглі пацвердзіць, што Тэль-Біса на момант удару знаходзілася менавіта пад кантролем групоўкі «Джэйш-аль-Таўхід» — пра гэта сведчыць, у прыватнасці, эмблема групоўкі, размешчаная на адным з аўтамабіляў на відэа:

Падчас расследавання блогерам таксама ўдалося высветліць, які тып бомбаў ўжываюць у Сірыі расійскія вайскоўцы — гэта аскепкава-фугасныя авіябомбы ОФАБ-250.

Расейскія вайскоўцы прымацоўваюць бомбу «ОФАБ-250» для штурмавіка Су-25, кадр з сюжэту тэлеканала «Расія 24»

Расейскія вайскоўцы прымацоўваюць бомбу «ОФАБ-250» для штурмавіка Су-25, кадр з сюжэту тэлеканала «Расія 24»

Бомбы «ОФАБ-250», як вынікае з іх характарыстык, апублікаваных у інтэрнэце, з'яўляюцца некіраванымі і не лічацца высокадакладнай зброяй, пра прымяненне якой у Сірыі кажуць прадстаўнікі Міністэрства абароны Расіі. Паводле заяў прадстаўнікоў сірыйскай апазіцыі, у выніку бамбаванняў Тэль-Бісы загінулі больш за 30 мірных жыхароў, уключаючы жанчын і дзяцей. Прадстаўнікі расійскага камандавання адпрэчваюць гэтыя абвінавачванні і сцвярджаюць, што «выбіраюць мэты для нанясення удараў толькі ў адпаведнасці з атрыманымі разведдадзенымі і толькі за межамі населеных пунктаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?