«Выбарчы працэс у Беларусі дэградаваў поўнасцю: раней не было нармальнага падліку галасоў, зараз няма і нармальнай агітацыі», — заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч 5 кастрычніка ў Мінску на прэс-канферэнцыі кампаніі назірання «Права выбару — 2015». 

«Мы бачым, што на гэтых выбарах няма нармальнай агітацыі і абмеркавання асоб кандыдатаў у прэзідэнты, няма абмеркавання пэўных праблем, якія існуюць у грамадстве», — сказаў ён. 

Паводле слоў Янукевіча, гэта «вельмі добра бачна на прыкладзе тэмы з расійскай ваеннай базай». «Менавіта падчас выбарчай кампаніі гучаць заявы з расійскага боку, што яны хочуць размясціць у Беларусі сваю ваенную базу. Гэта тэма вельмі балючая. Але мы бачым, што памкненні грамадзян абмеркаваць гэту тэму натыкаюцца на процідзеянне ўлад. У прыватнасці, падаваліся заяўкі прадстаўнікамі Партыі БНФ на правядзенне пікетаў, але атрымалі адмовы. Учора на арганізатараў сустрэчы выбаршчыкаў «За мірную, нейтральную Беларусь» былі складзеныя пратаколы», — сказаў ён. 

Янукевіч адзначыў, што сёлета ўлада звяла асвятленне дзяржаўнымі СМІ выбарчай кампаніі да агітацыі за самі выбары, за ўдзел у іх. «Менавіта ў такім ключы рэтрансліруюцца выказванні кандыдатаў у прэзідэнты», — падкрэсліў ён. 

«Дзеянні ўлад па змяненні заканадаўства, па яго прымяненні прывялі да таго, што на сёння грамадзяне Беларусі пазбаўленыя магчымасці рабіць свой выбар усвядомлена», — канстатаваў Янукевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?