Дзяржкаммаёмасьць выставіў на продаж за 1 базавую велічыню 39 аб’ектаў.

Дзяржаўны камітэт па маёмасьці абнавіў пералік аб’ектаў, якія падлягаюць продажу на аўкцыёнах з устанаўленьнем пачатковай цаны продажу, роўнай адной базавай велічыні (Br35 тыс., або 11 эўраў). Па стане на 28 лютага налічваецца 39 такіх аб’ектаў, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА у Дзяржкаммаёмасьці.

Самая вялікая колькасць аб’ектаў знаходзіцца ў Віцебскай вобласьці — 19. У вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёну на аўкцыёны выстаўляюцца 15 аб’ектаў. Гэта будынкі і збудаваньні, прыналежныя ўстанове «База — сховішча дзяржаўнага страхавога фонду дакумэнтацыі Рэспублікі Беларусь».

У пераліку ёсьць і недабудаваныя аб’екты са ступеньню гатоўнасьці 8‑40 працэнтаў. У Зэльвенскім раёне Гарадзенскай вобласьці за адну базавую велічыню прапануецца не завершаны будаўніцтвам капітальны будынак — рэабілітацыйна‑аднаўленчы цэнтр на 124 месцы.

У Дзяржкаммаёмасьці растлумачылі, што гэты пералік аб’ектаў маёмасьці, якія не выкарыстоўваюцца і выстаўлены на продаж за адну базавую велічыню, зацьверджаны пастановай урада ад 27 красавіка 2007 году нумар 541. Аб’екты знаходзяцца ў рэспубліканскай уласнасьці і падлягаюць уключэньню ў гаспадарчы абарот з 1 траўня 2007 году па 30 красавіка 2008 году. Першапачаткова ў пералік уваходзіла 69 аб’ектаў. У 2007 годзе на аўкцыёнах было прададзена 16 аб’ектаў. На некаторыя зь іх цана ў час аўкцыёну ўзрасла шматразова. У прыватнасьці, 5 аб’ектаў у Шклове (прамысловыя будынкі, склад і гараж) былі прададзены амаль за Br400 млн.

Цяпер абласныя фонды дзяржмаёмасьці праводзяць і плянуюць новыя аўкцыёны па продажы маёмасьці з пачатковай цаной за адну базавую велічыню. Мяркуецца, што аб’екты, якія застануцца, будуць унесены ў новы пералік маёмасьці, што не выкарыстоўваецца. Пералік будзе зацьвярджацца пастановай ураду ў красавіку‑траўні 2008 году.

Паводле дадзеных Дзяржкаммаёмасьці, у Беларусі цяпер налічваецца 13,5 тыс. аб’ектаў дзяржаўнай уласнасьці, якія не выкарыстоўваюцца або неэфэктыўна выкарыстоўваюцца і якія павінны быць уведзены ў гаспадарчы абарот. Прыкладна 25‑30 працэнтаў гэтых аб’ектаў прадугледжаны для продажу на аўкцыёнах або конкурсах. У гэтым працэсе будзе актыўна выкарыстоўвацца мэханізм іх рэалізацыі за адну базавую велічыню.

Паводле БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0