Дэпартамэнт ў справе энэргаэфэктыўнасьці пачаў акцыю «Мінус 60Вт у кожнай кватэры». Паводле пляну, грамадзяне маюць карыстацца лямпачкамі, якія спажываюць меней энэргіі. Наколькі эфэктыўныя розныя праграмы эканоміі? Дзе і як эканомяць?

У Менску і ў абласных цэнтрах цяпер абралі некалькі дамоў, жыхары якіх пагадзіліся на ўдзел у экспэрымэнце. Супрацоўнікі «Белэнэрга» замянілі лямпачкі ў іх кватэрах, апавяла прадстаўніца дэпартамэнту па энэргаэфэктыўнасьці Жана Зянькевіч:

«Там замененыя звычайныя лямпы напальваньня на энэргазьберагальныя лямпы расейскай кампаніі «Космас». Яны на бясплатнай аснове замянілі гэтыя лямпы. Гэта было напрыканцы лютага. Цягам сакавіка гэтыя паказаньні будуць замярацца, як памяняецца энэргаспажываньне».

Паводле спэцыяліста «Белэнэрга» Віталя Грызо, ня ўсе жыхары абраных дамоў пагадзіліся на ўдзел у такім экспэрымэнце.

«Прыкладна палова жыхароў у кожным доме, дзесьці больш, а дзесьці менш, у сярэднім палова жыхароў».

Неўзабаве пасьля экспэрымэнту, Дэпартамэнт ў справе энэргаэфэктыўнасьці плянуе распачаць акцыю «Мінус 60 Вт у кожнай кватэры». Спэцыялісты лічаць, што калі замяніць усе лямпачкі ў кватэры, то можа дасягнуць памяншэньня энэргаспажываньня да 20 кіляват штомесяц. Такія лямпачкі каштуюць у крамах 6 ‑10 тысячаў. Жана Зянькевіч сказала:

«Мы будзем заклікаць, каб кожны схадзіў у краму і купіў такую лямпачку за грошы і замяніў яе».

Паводле: Алесь Дашчынскі, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0