Недзе ўвесну 1991 года, мо ў сакавіку, да порта Хайфы прычаліў велізарны паром з Грэцыі, і з ягонага чэрава разам з агромністымі грузавікамі выкаціўся ярка-чырвоны «масквіч»…

Пакуль пакінем яго на здзіўленне ізраільцян, якія мо ўпершыню ўбачылі такі цуд, і вернемся ў Мінск, у восень 1989 года, калі Міхаіл Бойка, намеснік генеральнага дырэктара аб’яднання «Белаўтамаз» па эканамічных пытаннях, заявіў аб тым, што па ўласным жаданні пакідае працу і КПСС. Ад пасады яго вызвалілі, а вось з партыі так проста, без цырымоніі, сысці не далі. Выключылі з фармулёўкай «за памылкі ў развіцці кааператыўнага руху…». Па заводзе папаўзлі чуткі, што ў яго знайшлі мільён.

Водгаласы даходзілі і да мяне, калі я цікавіўся гэтай гісторыяй і наведваў самыя розныя начальніцкія кабінеты, ажно да ўрадавых. На пытанне, адкуль узяўся гэты мільён, або паціскалі плячыма, або адказвалі проста і выразна: няўдалага эканаміста з усімі трыбухамі купіў Яўхім Гурыс, старшыня кааператыва «Бярэзіна».

Бойку я не ведаў, а вось знаёмства з Яўхімам было даўняе, гадоў з дваццаць. З таго моманту, калі я прыгнаў на станцыю тэхабслугоўвання новенькі «Масквіч-408», які бязбожна паядаў масла. Гурыс быў тады інжынерам АЗЛК па гарантыі, галоўным, так бы мовіць, «масквічоўскім» доктарам у Мінску. У чысцюткім сінім халаце з фірмовым знакам, што па тым часе было надзвычайнай навіной, ён сеў за стырно і стаў праслухоўваць аўто, сапраўды як доктар хворага… І надалей я не аднойчы меў магчымасць упэўніцца, што не памыліўся ў першым уражанні. Памятаю, як засмуціўся, калі на іншай станцыі тэхабслугоўвання (слова «сэрвіс» яшчэ не ўжывалася) да машыны падышлі два ну зусім хлопчыкі яшчэ, гадоў мо пятнаццаць. Трэба было бачыць, як па-майстэрску яны працавалі! «Дзе навучыліся, хлопцы?» — «У школе, у вучэбна-вытворчым камбінаце, цяпер на практыцы». — «А хто настаўнік?» — «Гурыс Яўхім Майсеевіч. Мо чулі? Во!» — і адзін з іх, хударлявы і бялявы, высока ўзняў замаслены палец.

…Пра тое, што Яўхім стаўся кааператарам, я дазнаўся ці не на два гады раней, калі выпадкова сустрэў яго ў фае Інстытута тэхнічнай эстэтыкі побач з ярка размаляваным, незнаёмай канструкцыі прычэпам да легкавіка. Вакол тоўпіліся людзі, Яўхім нешта ім тлумачыў…

Кааператыў прыдумаў не Яўхім. Яўхім прыдумаў прычэп.

Кааператыў прыдумаў вядомы пісьменнік, сусед па цешчыным лецішчы.

Прыглядаўся, прыглядаўся, як Яўхім поркаецца са сваім дзецішчам у гаражы, ды і папракнуў: маўляў, «не па-грамадзянску» рабіць такі добры і такі патрэбны народу прычэп у адзіным экзэмпляры… Карацей, кааператыў быў створаны па знаёмстве вядомага пісьменніка з генеральным дырэктарам «Белаўтамаза».

Знаёмства знаёмствам, але Яўхім насамрэч прыдумаў і зрабіў вельмі добры прычэп. Калі ён выставіў яго перад заводакіраўніцтвам побач з мазаўскім «Зубранём», любому хоць трохі дасведчанаму чалавеку было зразумела, што «ТОМ-650» (такое пазней Яўхім надаў прычэпу імя) дае «Зубраняці» вялікую фору: прасцейшы і больш надзейны ў эксплуатацыі, больш тэхналагічны ў вытворчасці і, урэшце, прыгажэйшы… А галоўнае — значна таннейшы.

Дарэчы, пра «ТОМ» — «Творчае аб’яднанне механікаў». Насамрэч, аб’яднанне Гурыса з механікай. Спачатку назва была іншая — «Мустанг». Сакратар парткама скрывіўся: «Не наша…» — «Добра, хай будзе «ТОМ»…

Зрэшты, назвы яшчэ не было, калі адмыслоўцы на чале з генеральным параўноўвалі два прычэпы. Пасля чаго справа пайшла…

Я прапускаю падрабязнасці гэтай справы — сілы, час, грошы і нервы, што былі патрачаны на выраб доследнага ўзору і яго выпрабаванні. Прапускаю сістэму разлікаў ды іншых узаемаадносін з заводам, у каторага Яўхім купляў па рознічных коштах камплектуючыя і катораму спраўна аплачваў усе паслугі. У тым ліку паслугі рабочых у пазаўрочны час — з імі і з цэхам пафарбоўкі былі заключаны адпаведныя дамовы… Але галоўнае — і Бойка, і генеральны дырэктар М.Лаўрыновіч убачылі перспектыву, пра што сведчыў шэраг загадаў па пашырэнні вытворчасці «ТОМаў». Гаворка нават была пра стварэнне дзяржаўна-кааператыўнай фірмы. «Зубраня», што праўда, і без «ТОМа» быў нарасхват. Але толькі на ўнутраным рынку. На знешнім — абсалютны нуль. Карацей, справа патыхала валютай.

…Перадапошні са згаданых загадаў з’явіўся літаральна перад апошнім — аб спыненні ўсялякіх адносін з кааператывам. Як, зрэшты, і з астатнімі двума дзясяткамі, што былі створаны пры заводзе.

Распараджэнне аб разво-дзе Лаўрыновіч аддаў па тэлефоне непасрэдна з Камітэта народнага кантролю БССР, куды яго запрасілі, каб паказаць міну, якую ён і ягоны намеснік па эканоміцы падклалі пад сістэму дзяржаўнага кіравання вытворчасцю. У «міне» той былі два запальнікі: некалькі лакальных страйкаў на заводзе — сярод іншых было патрабаванне хутчэй пераходзіць да рынкава-кааператыўных форм гаспадарання. Другі запальнік — Гурыс нечакана-негадана «разбагацеў». Па меркаванні злавеснага КНК — пры актыўнай і карыслівай дапамозе Бойкі і згубе пільнасці з боку генеральнага.

Пракуратура Заводскага раёна распачала следства.

…Гурыс «разбагацеў», калі прадаў тэхнічную дакументацыю на с в о й выраб чатыром заводам СССР. Прычым усе яны адшукалі яго самі. «Бабруйскферммаш» (сёння «Бабруйскаграмаш») — пасля таго, як на выпрабаваннях разваліўся нямецкі прычэп. Адэскі аўтазборачны — калі адмовіўся ад «Зубраняці» з-за нізкай тэхналагічнасці, састарэлай канструкцыі, доўгіх клопатаў і вялікіх выдаткаў, звязаных з пастаноўкай на вытворчасць. «ТОМ-650» быў пастаўлены на серыйную вытворчасць за … чатыры месяцы. І сёння адмыслоўцы ведаюць кошт такога кароткага тэрміну…

Як прыстойны чалавек, Гурыс прыйшоў да Лаўрыновіча: маўляў, не пярэчыце? Хаця мог і не пытацца. Генеральны ўсміхнуўся: «Ды ну, яны нам не канкурэнты…» Тое праўда, попыт на прычэпы да легкавікоў бязмежны…

Слова «разбагацеў» я бяру ў двукоссі па адной прычыне: грошы, якія Гурыс атрымаў у якасці аўтарскай платы, планавалася ўкласці ў развіццё вытворчасці, то бок ператварыць у к а п і т а л. Яму і сапраўды надакучыла поркацца ў гаражы. А каб перанесці вытворчасць «ТОМаў» у заводскі цэх, перш-наперш трэба было набыць абсталяванне. Да таго ж Гурыс зрабіў мотаблок. У тым жа гаражы, пакуль у адзіным экзэмпляры…

Трэба сказаць, што іншага капіталу ў Гурыса не было — цягам года кааператыў жыў толькі за грошы ад продажу чарговага прычэпа. З 18, што паспеў зрабіць у гаражы…

Ну а чым быў для эсэсэраўскай эканомікі прыватны капітал, як не тым каменем, якім безабаронны біблейскі герой запусціў з прашчы ў закаванага ў браню велікана?!

Нагадаю: адчуваючы пад СССР тэктанічныя зрухі, яго кіраўніцтва цягам распачатай перабудовы бездапаможна намагалася скіраваць мілітарысцкую эканоміку на пераадоленне татальнага дэфіцыту, то бок на так званую «вытворчасць тавараў народнага ўжытку», у асноўным праз стварэнне кааператываў. У 1988 годзе быў прыняты Закон «Аб кааперацыі ў СССР», які павінен быў стымуляваць развіццё кааперацыі. Такім чынам, кааператары першымі сталі на шлях свабоднага рынку. Чаго Сістэма, у якой існаваў СССР, заклапочаная сваёй будучыняй, перажыць не магла. Унутры сябе яна была гатовая спарадзіць і знесці любую хлусню, карыслівасць і ўсеагульную зладзеяватасць. Загразшы ў граху і трасучы перад народам прасцірадламі сваёй ідэалагічнай цнатлівасці, яна не здольная была нарадзіць дзіця без выродлівасці. І калі падрослы малец перастаў слухацца маці, яна залямантавала: спекуляцыя… нажыва… распродаж айчыны! Вядомыя «вашывыя блохі» — гэта адтуль…

Сёння ўсё гэта пазабывалася, сталася мо толькі матэрыялам для дысертацый. Але прыгледзецца, дык і сёння Галіяф жывы, толькі ў абліччы так званага алігархату, які непарыўна, нібы сіямскія блізняткі, спалучаны з уладай. А тады, напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя, Сістэма выставіла свайго Галіяфа, уклаўшы ў яго рукі вельмі моцную зброю: КНК, пракуратура, суд, міліцыя, дзяржарбітраж, паклёпніцкія артыкулы ў прэсе, у прыватнасці, фельетон у «Вожыку» пад назвай «Гурыс і Ко». Апошняя зброя асабліва каварная, да таго ж з антысеміцкім, у духу часу, душком. Як яшчэ вырашаць пракуратура з міліцыяй, судамі ды арбітражам? А мы ўжо ведаем: стацца багатым без крадзяжу немагчыма. Унь, матуля ягоная дзясяткамі выкідае на сметнік пустыя бляшаначкі з-пад ікры, па начах, каб ніхто не бачыў… І што з таго, што бабульцы 90 гадоў? Хітраванцы ж, вядома… Абакраў Гурыс завод, далібог абакраў… З-за гэтых гурысаў нават рубель абясцэніўся, народ збяднеў, дзяржава рушыцца…

Мо хтосьці і сёння так лічыць. Але нагадаю: зброя ў тагачаснага Галіяфа аказалася не вельмі прыдатнай. Як ні намагалася пракуратура спачатку «прышыць» крымінал, то бок крадзеж, а потым высмактаць з кааператыва «Бярэзіна» вялізныя грошы на карысць «Белаўтамаза», нічога ў яе не атрымалася — Гаспадарчы суд пазоў адхіліў. Мо і не адхіліў бы, каб не бліскучы адвакат Яўхім Лапушын. Я быў на разглядзе той справы. Такой доказнай, а не толькі, як гэта больш звыкла, эмацыйнай, прамовы адваката я больш ані ў якіх судах не чуў.

Выйграў Гурыс і ў раённым судзе, аднавіў закрыты кааператыў і рахунак з грашыма, якія чакалі пераўтварэння ў капітал. Не дачакаліся. Разам з Гурысам, якому бойка з Галіяфам каштавала не толькі здароўя, але і веры ў тое, што страшыдла сканала.

…Так з’язджаць у Ізраіль, як гэта зрабіў Гурыс, яшчэ ніхто не з’язджаў. На грошы, што мусілі змярцвела чакаць свайго часу, купіў так званы «суперМАЗ» — агромністую фуру з прычэпам. Якая-ніякая, а ўсё ж гарантыя больш-менш упэўненага пачатку новага жыцця. Што праўда, такі продаж прыватнай асобе наўрад ці быў дазволены. Але ці кіраўніцтва завода адчувала перад Гурысам вінаватасць, ці проста памятала, як ён ледзь не падлеткам, з 16 гадоў, пачынаў тут сваё працоўнае жыццё, як без адрыву ад гэтага жыцця вучыўся ў БПІ, як здабываў перамогі для Беларусі і завода на ўсесаюзных спаборніцтвах аўта- і мотагоншчыкаў…

Адным словам, пагрузіў Гурыс у той «суперМАЗ» свой чырвоны «масквіч», згаданы мотаблок, жонку і любага, невядомай дваровай пароды, адданага Кешу… У Польшчы «гарантыю» разам з мотаблокам вымушаны быў прадаць — яшчэ на мяжы нехта з мытнікаў падлічыў, якое мыта прыйдзецца заплаціць за ўвоз у Ізраіль…

Праз два месяцы пераадольвання розных, часам небяспечных дарожных і бюракратычных цяжкасцей чырвоны «масквіч» з Гурысамі выкаціўся з парома на ізраільскае ўзбярэжжа.

Праз паўтара года Гурысы вярнуліся ў Мінск. Па афіцыйнай версіі — Кеша не знайшоў агульнай мовы з ізраільскімі суродзічамі.

Вярнуліся без анічога, нават без чырвонага «масквіча». Але на выпадак новай бойкі з Галіяфам — з «каменьчыкам». Не за пазухай, у кішэні — з характарыстыкай, адрасаванай усім аўтасэрвісам свету.

Генеральны дырэктар ізраільскай сеткі па продажы і абслугоўванні «БМВ» не стрымліваў хвалебных эмоцый на адрас свайго галоўнага механіка. Але яго самога не ўтрымаў…

Новай бойкі, аднак, не адбылося — Яўхім і Галіяф прызвычаіліся адзін да аднаго, у жыцці, якое стварыла свой іншы працяг, сваю іншую гісторыю, жывуць побач. Але тое, што засталося ў мінулым, раз-пораз нагадвае пра сябе весткамі пра датычных да гісторыі з гурысаўскім прычэпам.

Апошняя — зусім сумная: памёр Яўхім Лапушын. У Чыкага, куды з’ехаў ад Галіяфа ў сярэдзіне 90-х.

Міхася Бойку ці не адразу пасля звальнення з завода купілі «акулы імперыялізму» з Нью-Ёрка. Падазраю, што за трохі большыя грошы, чым той, па чутках, гурысаўскі «мільён». Памятаю, як пры знаёмстве ўразілі мяне ягоны прыгожы адкрыты твар і натхнёная маладосць…

МАЗ, што ні дзень, памірае, не дае яму дыхнуць нованароджаны Галіяф. Калісьці мо так і напішуць: «Пасля доўгай працяглай хваробы…»

Але ёсць і добрая вестка — ад прычэпа «ТОМ-650». Жывы, кожны дзень нараджаецца на заводзе «Бабруйскаграмаш», па сейфах і кабінетах каторага чвэрць стагоддзя таму пракуратура шукала нібыта скрадзеную Гурысам тэхнічную дакументацыю.

Што праўда, дадалося да яго дзецішча і новае імя — «Бабраня». На мой густ, дык вельмі пяшчотнае.

Але ж добра вядома, у якога нястомнага працаўніка вырастае ў рэшце рэшт ласкавае бабраня.

І з якімі зубамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?