Фота Сяргея Гудзіліна

Дарога дахаты — гэта заўсёды шлях па краіне мараў, якія ахінаюць цябе пяшчотнай цеплынёй надзеі і веры. Ідзеш на сваёй хвалі, адзначаеш непрыкметныя тутэйшым жыхарам змены, заўважныя толькі табе аднаму — даўно вандроўніку і госцю ў краі дзяцінства. І спадзяванні надаюць яшчэ больш упэўненасці ды шырыні кроку.

Няхай студзень казыча вушы ды нос, чаравікі слізгаюць па рыпучым снезе, а на плячо цісне двухпудовая торба, запоўненая бруднай бялізнай, кнігамі ды прысмакамі для родных. Чацвертая гадзіна, а ты шпарка нясешся пад халодным зорным небам, сам-насам з цэлым светам, у задавальненні ад свайго адзіноцтва. Як тыя зоркі, што раз за разам мільгацяць і знікаюць у цені, шчаслівыя ад падараванага камусьці святла.

Я ведаю кожны ўзгорачак на гэтай дарозе ад горада да вёскі, кожнае дрэўца і яр. Кожны дарожны знак і павароты, па якіх можна дайсці да самага гарызонту. Іду па цемры, у абдымках з маёй лунаючай фантазіяй. Разгортваю сабраную за шматлікія гады калекцыю родных краявідаў і аб’ядноўваю іх у разнастайныя панарамы, якія жывуць у часе і прасторы. Вось ледавік — паміраючы, ён нараджае Раку і дае жыццё беларускай Швейцарыі. Узгоркі, якія нагадваюць прыемныя жаночыя формы і пад якімі спяць магутныя волаты. Нават у гэты час ад рэдкага бляску вясковых хат цягне недасяжнай цеплынёй. У імкненні да яе я крочу яшчэ шпарчэй і адчуваю, як схаваныя пад швэдрам і курткай струменьчыкі павольна збягаюць па спіне.

Як толькі звярнуў з галоўнай дарогі ў бок роднай вёскі, на мяне адразу невыносным цяжарам абрынуліся мірыяды сняжынак. Непрыемна білі ў твар, джалілі ў шчокі, залазілі ў вушы і, расплаўленыя, заставаліся цвёрдай коркай на шаліку. Я ішоў навобмацак, ужо праз некалькі хвілін ногі пачалі правальвацца ў гурбах снегу.

Завіруха з усяе моцы абрынулася на мяне, адзіную сваю ахвяру ў радыусе некалькіх кіламетраў. Такая гульня была мне недаспадобы, але выйсці з яе я не мог. Па чарзе расплюшчваючы вочы, я бачыў не далей за ўласны нос, і таму цягнуўся хутчэй інтуітыўна, чым па фізічных арыенцірах. Некалькі разоў спыняўся, адварочваўся ад шалёнага рою, каб перавесці дух, абцерці цвёрдую корку з шаліка, і зноў абмотваў ім твар.

Першапачатковы душэўны запал даўно знік. Некалі ўпэўнены крок ператварыўся ў блытанае шкандыбанне, кіраванае толькі адчуваннем блізкасці гарачай гарбаты ды цёплага ложка. Ногі не жадалі паглыбляцца ў амаль па калена нацягнутыя завірухай гурбы. Вочы ўсё часцей заплюшчваліся, стомленыя амаль двухдзённай адсутнасцю сну ды цяжкай дарогай.

Раптам я спатыкнуўся і ўпаў тварам у снег. Я ляжаў як віртувіянскі чалавек, не ў стане ні ўзняцца, ні перакуліцца на ператвораную ў лядзяк спіну.

Вочы заплюшчыліся, і на мяне разам са снегам праз адчыненае неба наваліліся сотні вар’яцкіх вобразаў. Кроў прынесенага ў ахвяру юнака. Яна сцякае з вялізнага каменя, размешчанага на вяршыні гары, да якой прытулілася мая вёска. Жанчыны ў вопратцы Евы, запрэжаныя ў плуг. Яны ноччу праводзяць разору вакол вёскі. Маладую дзяўчынку, цудам уратаваную ад цяжкай хваробы, што спустошыла ўсю ваколіцу. Акрамя нашай вёскі, куды яна прыйшла прасіць дапамогі і побач з якой яе пахавалі жыўцом. Дваіх каханых… Напярэдадні ўласнага вяселля тыя вяртаюцца з горада. За рулём п’яны таксіст, які ўрэзваецца ў вялізную таполю побач з вёскай. Ён выжывае. Яны — не. Застаюцца дзвюма зорачкамі на непрывабнага выгляду помніку, з супрацьлеглага боку ад знака з надпісам назвы вёскі.

Колькі я праляжаў — не ведаю, але калі ачуняў, то завіруха амаль скончылася. Адпачынак пайшоў мне на карысць, ды і вёска павінна быць побач. Праўда, торба дзесьці згубілася. Позірк намацаў яе абрысы за некалькі метраў. Але за крок да рэчаў я заўважыў два халодныя блакітныя агеньчыкі над імі. Яны свідравалі мяне, быццам крамянёвую сякеру. Страх ахапіў усё цела, паралізаванае раптоўным адкрыццём, што гэта вочы нейкага звера. Воўк?

Я даў драпака з усяе моцы. Адкульсьці з’явіліся яшчэ нядаўна зніклыя сілы. Ужо бачыў вяршыні старых таполяў на паўднёвым ускрайку вёскі, калі адчуў, што хтосьці бяжыць за мной. Гэта сапраўдны тупат, быццам барабаны.Я быў ужо ля самай вёскі. Унутраная радасць апанавала мяне і надала дадатковыя сілы. Але раптам заўважыў, што да бліжэйшых велічэзных дрэў не наблізіўся ні на крок. Быццам бег на адным месцы.

Жудасны барабанны гук ззаду набліжаўся. Азірацца я не стаў, баючыся яшчэ раз сустрэцца позіркам з халоднымі блакітнымі агеньчыкамі. Стаяць на месцы таксама не збіраўся, і таму звярнуў з дарогі, маючы намер дабрацца да найбліжэйшай хаты па дапамогу да яе гаспадароў.

Адразу ж па пояс праваліўся ў снег. Кожны крок даваўся з цяжкасцю. Паступова я заўважыў, што пераследу ззаду не чутно. Аднак, як высветлілася, я пайшоў не ў той бок і апынуўся побач з Ракой.

Страх адступіў, прыйшло шкадаванне аб згубленай торбе. Я сеў на беразе і пачаў думаць, што рабіць далей. Вёска ляжала быццам на далоні, але ўсё роўна здавалася недасяжна далёкай. Зноў стома апанавала мяне. Я глядзеў у бок дарогі, дзе спынілася машына, і цяпер асвятляла занесены завірухай кавалак шляху, не ў стане яго праехаць. Мне нават падалося, што яна развярнулася і спрабуе аб’ехаць вёску па праробленых мною слядох. З такой дзіўнай думкай я ўзняўся на ногі і вырашыў дабрацца да вёскі па схаванай лёдам рацэ. Снегу тут было значна менш, чым на адкрытай прасторы, што адчуў з першых крокаў.

Але не паспеў нават трохі прайсціся, як рака ажыла барабанным грукатам і праглынула мяне. Паглыбляючыся ў бездань цемры, я ўзіраўся ў адкрытае ў лёдзе акенца: праз усё неба на мяне глядзелі дзве невялікія зорачкі, якія, здавалася, імкнуліся дацягнуцца да мяне.

…Расплюшчыў я вочы ад пеўнікавага крэчу. Мяне ўсяго калаціла і прабірала трасца. Я сядзеў на снезе, спінаю абапіраючыся на слуп знака з назваю вёскі. Насупраць знаходзіўся помнік у гонар загінулых каханых, які ўзіраўся на мяне дзвюма зорачкамі-вочкамі. Побач стаяла торба. Сухога месца на мне не было, уся адзежа паспела ператварыцца ў ледзяную корку.

***

Васіль Герасімчык. Гісторык, літаратар. Нарадзіўся ў Васілевічах пад Слонімам. Жыве ў Гродне.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру