Сёлета тэлеканал «Лад» будзе ўпершыню трансьляваць велікодныя мерапрыемствы з удзелам папы рымскага Бэнэдыкта XVI. Пра гэта 13 сакавіка на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску паведаміў сакратар Беларускай рымска‑каталіцкай царквы ксёндз Аляксандар Амяльчэня.

Паводле ягоных слоў, 21 сакавіка а 22:10 на тэлеканале «Лад» пачнецца жывая трансьляцыя хроснага ходу ля рымскага Калізея на чале зь сьвятым айцом.

«Хросны ход ёсьць традыцыйным богаслужэньнем Вялікага посту. І раз у год такі хросны ход у рымскім Калізеі , гісторыя якога зьвязаная з катаваньнямі першых хрысьціян, праводзіць сьвяты пантыфік», — сказаў Аляксандар Амяльчэня.

Акрамя таго, паводле ягоных слоў, упершыню ў сьвяткаваньні ў Менску Вербніцы, 16 сакавіка, прысьвечанай уваходжаньню Ісуса Хрыста ў Ерусалім, будзе выкарыстаны элемэнт тэатралізацыі: у працэсію ля Архікатэдральнага касьцёлу Прасьвятой Дзевы Марыі ўключаць асла з чалавекам у ролі Ісуса Хрыста на ім.

«Белорусские новости»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0