Дээскалацыя сітуацыі на Данбасе пазбаўляе Украіну магчымасці тлумачыць вайной павольнае рэфармаванне, а Расіі дае шанец на пазбаўленне ад санкцый Еўрасаюза.

Пра гэта піша ў польскім выданні «Gazeta Wyborcza» аглядальнік Томаш Бялецкі.

Прагназаваць, што будзе на Данбасе праз некалькі месяцаў, рызыкоўна, але цяпер там праходзіць найбуйнейшая дээскалацыя за ўвесь час з пачатку вайны. Таму ЗША і ЕС пачалі больш уважліва прыглядацца да «другога фронту» Украіны, адзначае аўтар артыкула.

А ўкраінскія змены прасоўваюцца значна павольней, чым хацелі б на Захадзе, адзначае Бялецкі.

На мінулым тыдні эксперт Цэнтра Карнэгі Балаш Ярабік падчас прэзентацыі новага дакладу аб украінскіх рэформах у Бруселі адзначыў, што рэформы надзвычай слабыя ў двух ключавых сферах: барацьбе з карупцыяй і змене праваахоўнай сістэмы.

Пры гэтым «замарожаны» канфлікт на Данбасе становіцца ўсё меней пераканаўчым аргументам украінскай ўлады ў апраўданне прамаруджання з рэформамі, піша Бялецкі.

Гэтыя апраўданні ўсё менш дзейнічаюць на простых украінцаў, якія «ва ўсіх апытаннях» называюць сярод галоўных прычын пагаршэння эканамічнага стану карупцыю, алігархаў, некампетэнтны ўрад і толькі затым вайну на Данбасе, гаворыцца ў артыкуле.

Між тым, заява прарасейскіх баевікоў аб «пераносе» так званых «мясцовых выбараў» на падкантрольнай ім частцы Данбаса ўскладняе спрэчку ў ЕС аб мэтазгоднасці працягу санкцый супраць Расіі.

Бялецкі адзначае, што ў адпаведнасці з умовамі Мінскіх пагадненняў спачатку павінны адбыцца галасаванні ў Данецку і Луганску, а ўжо потым Украіна атрымае кантроль над страчаным участкам мяжы, праз які Расія перакідае войскі і зброю. Пры гэтым у Маскве настойваюць на асаблівым статусе акупаваных тэрыторый Данбаса.

«Усё гэта паводле Мінскіх пагадненняў павінна было адбыцца да снежня, пасля гэтага ў студзені ЕС павінен быў перагледзець пытанне аб працягу або адмене санкцый супраць Расіі. Аднак цяпер гэты план зламаўся, паколькі выбары на захопленых тэрыторыях перанесеныя на наступны год», — гаворыцца ў артыкуле,

«А значыць, Расія можа і кантроль над мяжой Украіне не вяртаць, і пры гэтым пазбавіцца ад санкцый ЕС, паколькі ў Еўропе ўжо гучаць галасы аб тым, што Масква пачала супрацоўнічаць па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе і санкцыі не патрэбныя», — лічыць аўтар «Gazeta Wyborcza».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?