Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка даў інтэрв'ю вядучаму праграмы Бі-бі-сі Newsnight Марку Урбану. Інтэрв'ю было запісана 7 кастрычніка.

Reuters

Reuters

Бі-бі-сі: Як вы думаеце, спадар Парашэнка, чаго хоча дасягнуць у Сірыі прэзідэнт Пуцін, ці не выкарыстоўвае ён ваенныя дзеянні там у якасці манеўру, адцягваючага міжнародную ўвагу ад таго, што адбываецца ва Украіне?

Пятро Парашэнка: Паслухайце, я думаю, абсалютна ясна, што ён хоча глабальнай нестабільнасці. І роўна 18 месяцаў таму, калі расійскія салдаты з'явіліся ў Крыме, спрабуючы дэстабілізаваць абстаноўку і здзейсніць анексію ў стылі аншлюсу 1938. І роўна 15 месяцаў таму, калі расійскія салдаты з'явіліся ў Данбасе, і мы прадставілі доказы прысутнасці расійскіх салдат і расійскіх рэгулярных войскаў побач з тэрарыстамі, якіх Расія падтрымлівала і забяспечвала танкамі, ракетамі, ракетнымі сістэмамі залпавага агню і гэтак далей. І цяпер, калі яны з'явіліся ў Сірыі, — мэта адна і тая ж.

Губляючы эканамічную канкурэнтаздольнасць, губляючы ўнутраную падтрымку і стабільнасць, Расія хоча расхістаць глабальны парадак бяспекі.

Пасля расійскай агрэсіі ў Крыме і Данбасе цалкам разбураная пасляваенная сістэма сусветнай бяспекі, заснаваная на Статуце ААН і эфектыўнай рабоце Савета Бяспекі ААН.

Цяпер мы маем запускі крылатых ракет з Каспійскага мора, атакі знішчальнікаў ў небе над Сірыяй і поўную дэстабілізацыю ўсёй сітуацыі, у гэтым няма сумневу.

Але, думаю, Расія атрымае зусім іншы вынік. Гэтак жа, як мы прадэманстравалі дзейснасць нашай каардынацыі з Еўропай, Злучанымі Штатамі і ўсімі трансатлантычнымі партнёрамі і спынілі расійскую агрэсію, і эфектыўным механізмам санкцый «папрасілі» Расію заплаціць за абсалютна безадказныя, агрэсіўныя паводзіны ў адносінах да Украіны.

Бі-бі-сі: Ёсць меркаванне, што Уладзімір Пуцін хоча прымірэння сітуацыі на ўсходзе Украіны. Ці верыце вы ў гэта, і калі так, то ці дае гэта шанец пачаць працэс прымірэння?

Пятро Парашэнка: У нас няма ніякіх сумневаў, мы за апошнія паўтара года прыклалі гіганцкія намаганні да гэтага.

З самага пачатку, у чэрвені 2014-га, адразу пасля прэзідэнцкіх выбараў, яшчэ перад сваёй інаўгурацыяй я прадставіў свой мірны план, які затым атрымаў назву Мінскіх пагадненняў.

Мы зрабілі гэта ў нармандскім фармаце ў вельмі сімвалічны дзень — D-day [дзень высадкі саюзнікаў у Францыі ў 1944], на сустрэчы з канцлерам Меркель і прэзідэнтам Аляндам, якія прадстаўлялі не толькі Германію і Францыю, але ўвесь Еўрапейскі саюз. І я заявіў, што ў аднабаковым парадку ўкраінскія войскі спыняць агонь на 10 дзён, і прасіў Расію спыніць агрэсію і падтрымаць перамір'е.

Затым мы рабілі тое ж самае 5 верасня, затым 19 верасня мінулага года, затым было 10 лютага [2015]. Кожны раз мы прасілі Пуціна спыніць агонь, і ў адказ атрымлівалі безадказныя паводзіны.

І цяпер, калі былі сустрэчы 24 жніўня ў Берліне, 27-га — у Бруселі, затым падчас Генеральнай Асамблеі ААН — у вельмі эфектыўнай каардынацыі дзеянняў з прэзідэнтам ЗША Абамам і лідарамі Еўрапейскага саюза, — гэта даказвае, што сустрэча ў Парыжы 2 кастрычніка была вельмі добра падрыхтаваная.

У нас доўгі спіс доказаў таго, як адказна Украіна выконвае ўсе самыя дробныя пункты Мінскіх пагадненняў.

Наадварот, Расія працягвае наступальныя дзеянні, не выконвае перамір'е, не вызваляе ўкраінскіх закладнікаў, якія незаконна ўтрымліваюцца на акупаванай тэрыторыі і ў самой Расіі; не адводзіць цяжкія ўзбраення і нават атакуе, асабліва назіральныя місіі АБСЕ, калі інспектары траплялі пад абстрэл. Вядзецца нават электронная барацьба супраць беспілотнікаў АБСЕ.

У нас былі доўгія пяцігадзінныя перамовы, і мы казалі, што спроба правесці фальшывыя, незаконныя выбары на акупаванай тэрыторыі багатая небяспекай разбурэння ўсяго мірнага працэсу і Мінскіх пагадненняў.

І зноў добра скаардынаваны падыход прынёс вынік: менш чым 24 гадзіны таму расійскія паўстанцы абвясцілі, што адмяняюць усе незаконныя выбары і пачынаюць выконваць наша пагадненне.

Гэта першыя пазітыўныя навіны за апошні час.

І другое — ужо цэлы тыдзень выконваецца поўнае перамір'е. І я пачаў спадзявацца, што яно пачне перарастаць у кволы, але мір.

Вы першымі даведаецеся пра тое, што сёння быў абстраляны бульдозер, адпраўлены для рамонту сістэмы водазабеспячэння. Две процітанкавыя прылады абстралялі трактар.

Чацвёра ўкраінскіх працоўных былі цяжка параненыя, і гэта паказвае, што гэты працэс вельмі кволы, і міру ў нас, на жаль, няма.

Бі-бі-сі: Ён кволы, але вы кажаце, што бачыце некаторыя прыкметы прагрэсу ў тым, што выбары ў гэтых двух рэгіёнах былі адмененыя. Але ці зможаце вы, са свайго боку, прыняць рашэнне аб выбарах? Бо, на думку некаторых, украінскі парламент не спяшаецца прымаць заканадаўства, якое дазволіла б правесці выбары па ўсёй краіне.

Пятро Парашэнка: Гэта вельмі добрае пытанне, Марк. Украіна за апошнія 18 месяцаў прадэманстравала ўсяму свету, што ў нас самыя свабодныя і самыя справядлівыя прэзідэнцкія выбары

25 мая гэтага года мы правялі цалкам свабодныя і справядлівыя парламенцкія выбары, і цяпер мы гатовыя даказаць гэта зноў і спецыяльна запрасілі назіральнікаў ад Савета Еўропы, ад Еўрапейскага парламента, ад нацыянальных парламентаў — з усяго свету.

У дэмакратычнай краіне проста не існуе іншых інструментаў выбару народных прадстаўнікоў, і гэта ключавы момант для палітычнага рэгулятара — мы гатовы правесці свабодныя і справядлівыя выбары там, на акупіраванай тэрыторыі Данбаса.

Адзінае, што нам трэба — проста каб замежныя войскі былі прыбраныя з гэтай тэрыторыі. Выбары павінны прайсці па ўкраінскіх законах, адпавядаць стандартам АБСЕ і павінны быць пацверджаныя міжнароднымі назіральнікамі.

Наш парламент гатовы ўлічыць спецыфіку гэтых выбараў. У нас 1,5 млн ўнутрана перамешчаных асоб, якім давялося пакінуць тэрыторыю з-за расейскай агрэсіі, і ў дэмакратычным грамадстве мы павінны даць ім магчымасць прагаласаваць, мы павінны паважаць закон.

Галоўнае — гэтыя выбары павінны быць свабоднымі, справядлівымі і прызнанымі.

Нам трэба распачаць некалькі важных крокаў, але першы крок — прыбраць замежныя войскі з акупіраванай тэрыторыі, гэта ключавое пытанне, галоўны элемент свабодных выбараў. Мы адкрытыя да супрацоўніцтва пад наглядам АБСЕ.

Бі-бі-сі: Калі менавіта вы маеце намер прымяніць законы аб ваенізаваных фарміраваннях? Бо «Правы сектар», батальён «Азоў», некаторыя з гэтых ваенізаваных фарміраванняў працягваюць функцыянаваць, і гэта стварае праблемы.

Пятро Парашэнка: Перш за ўсё, мы прадэманстравалі, што ўкраінская дзяржава і ўкраінская ўлада кантралююць сітуацыю ў краіне.

Шмат разоў расійская прапаганда вінаваціла ўкраінскі бок у тым, што ўкраінскія ваенізаваныя групоўкі парушаюць рэжым перамір'я. Мы спецыяльна запрасілі прадстаўнікоў АБСЕ, і іх мандат распаўсюджваецца на ўсю Украіну.

І няма ніводнага сігналу АБСЕ аб тым, што ўкраінскі бок парушае, таму што няма ні адной ваенізаванай групоўкі на лініі судакранання. Там толькі рэгулярныя войскі, вельмі добра дысцыплінаваныя, што захоўваюць перамір'е і ўсе ўмовы пагаднення, дасягнутыя ў Мінску.

І калі б такая група з'явілася дзесьці, наша паліцыя хутка б раззброіла іх і ўзяла сітуацыю пад кантроль.

Але гэта абсалютна няправільная інфармацыя. Усе замежныя журналісты, якія працуюць па ўсёй Украіне, бачаць цалкам мірную абстаноўку ва ўсіх гарадах: Кіеў, Львоў на захадзе, Харкаў, Днепрапятроўск і Запарожжа на ўсходзе — нідзе няма гэтай праблемы.

Бі-бі-сі: Толькі сёння мы чулі рэпартаж пра збіцці, якія здзяйсняе «Правы сектар». Менавіта таму я і задаў вам сваё пытанне. Бо ёсць сведчанні, што яны па-ранейшаму функцыянуюць.

Пятро Парашэнка: Калі вы кажаце аб сітуацыі на памежнай лініі, мы неадкладна рэагуем гэта, і паліцыя рэагуе.

«Правы сектар» — не ваенізаваная групоўка, гэта палітычная арганізацыя, вельмі радыкальная. І мы прыкладаем усе намаганні, каб падтрымліваць закон і парадак ва ўсёй Украіне, уключаючы лінію падзелу з Крымам.

Але там стаіць не «Правы сектар». Гэта прадстаўнікі крымскіх татараў — насельніцтва Крыма, якое жыве там стагоддзямі. Ва ўмовах акупацыі палітыка Расіі — фактычны генацыд: арыштоўваюць іх прадстаўнікоў, не дазваляюць весці палітычную дзейнасць, забіваюць іх актывістаў.

Гэта форма рэакцыі крымскіх татараў. Я абсалютна ўпэўнены, што акцыя будзе праходзіць у рамках правапарадку, а калі нешта адбудзецца, будзе неадкладнае расследаванне, і тыя, хто парушае закон і парадак, панясуць адказнасць.

«Правы сектар» зрабіў ясную заяву, што гэта не іх акцыя, і яны настойваюць, што гэта была правакацыя. І гэта спецыфіка гібрыднай вайны. Але калі вы думаеце, што папярэдняга адказу дастаткова, то вырашаць вам.

Бі-бі-сі: Я хацеў бы запытацца ў вас аб сітуацыі ў Крыме. Вядома, заходнія лідары і прадстаўнікі НАТА выступалі са шматлікімі заявамі аб тым, што яны не прызнаюць анексію Крыма Расіяй. Вы не баіцеся, што па меры таго як праходзяць месяц за месяцам, пра ўсё гэта, і пра вас, проста забудуцца?

Пятро Парашэнка: Карціна абсалютна ясная — і з пункту гледжання нацыянальнага ўкраінскага заканадаўства, і з пункту гледжання міжнароднага права, і глабальнай бяспекі.

Расійскія войскі анексавалі тэрыторыю суверэннай незалежнай Украіны, парушаючы двухбаковае пагадненне, Будапешцкі мемарандум, Статут ААН і многія іншыя міжнародныя дакументы.

Мы настойваем, што расійскія войскі павінны сысці з Крыма, і гэтая тэрыторыя павінна быць вернута Украіне. У нас на гэта больш чым дастаткова аргументаў — юрыдычных, гуманітарных, сацыяльных і іншых. І мы ніколі не прымем тое, што здарылася.

І мы рады, што больш за сто сяброў ААН галасавалі на Генеральнай Асамблеі ААН, патрабуючы неадкладнага вываду расейскіх войскаў.

На жаль, гэта можа стаць вельмі небяспечным прэцэдэнтам. Калі міжнародная супольнасць прыме такія паводзіны Расіі тут, у Крыме, то ў наступны раз расійскія войскі могуць з'явіцца дзе заўгодна — у Еўропе, на Блізкім Усходзе. Дзе заўгодна.

І я думаю, што каардынацыя, салідарнасць і глабальнае адзінства, прадэманстраваныя агульным падыходам да анексіі Крыма, павінны быць вельмі моцнымі.

Бі-бі-сі: Вы напэўна бачыце прыкметы таго, што некаторыя краіны, асабліва ў Еўропе, хочуць аднавіць ранейшыя адносіны з Расіяй. Вы не турбуецеся, што ад вас могуць адвярнуцца? Не можа быць так, што, задзейнічаўшы расійскія войскі ў Сірыі, Уладзімір Пуцін дамагаецца менавіта гэтага: замарозіць украінскі канфлікт і прымусіць заходнія краіны змяніць сваю пазіцыю па Украіне?

Пятро Парашэнка: Калі вы пытаецеся мяне, у чым Украіна і свет маюць патрэбу больш за ўсё, я скажу — нам патрэбныя адзінства і салідарнасць.

Салідарнасць з Украінай і адзінства паміж усімі сябрамі Еўрапейскага саюза, трансатлантычнае адзінства і глабальнае адзінства.

І гэта глабальнае адзінства было ярка прадэманстравана ў ААН, і да гэтага шмат разоў. Адзінства Еўрасаюза было прадэманстравана падчас Рады ЕС, калі прымалася рашэнне пра санкцыі.

І санкцыі сапраўды дзейнічаюць, і гэта адзін з нешматлікіх эфектыўных інструментаў, які матывуе Расію садзіцца за стол перамоваў. Тут пытанне не толькі ва Украіне, таму што мы тут змагаемся не толькі за суверэнітэт Украіны. Мы змагаемся за дэмакратыю і свабоду, за нашыя каштоўнасці, якія аб'ядноўваюць нас у еўрапейскую нацыю, у глабальную цывілізацыю.

Гэта вельмі проста: дапамога Украіне ў гэтай сітуацыі — гэта ўнёсак у бяспеку і абарону Еўрапейскага Саюза, як мінімум. Таму што Расія зараз зноў хоча стварыць пояс нестабільнасці ад Сірыі да Украіны. Калі Расія перамагае дзесьці — гэта набліжае канфлікт да межаў ЕС, і стабільнасць і бяспека ў ЕС і ў свеце будуць зніжацца.

Вось сэнс таго, што адбываецца для любой краіны.

Але я не бачу кіраўнікоў дзяржаў, якія паказвалі б, што гатовыя весці справы з Расіяй «як звычайна», гэта няпраўда.

Расея плаціць значна больш высокую эканамічную цану, чым Еўрапейскі саюз.

Украіна праходзіць праз вельмі сур'ёзныя выпрабаванні — але мы не патрабуем, каб войскі ЕС, ЗША ці яшчэ кагосьці прыйшлі на нашу тэрыторыю. Мы абараняем сваю краіну самі.

Але калі вы кажаце пра «бізнэс як звычайна», гэта не пытанне грошай, гэта пытанне каштоўнасцяў.

Я думаю, што Еўрапейскі саюз аб'ядноўваюць агульныя каштоўнасці, а не грошы. Гэта вельмі важна.

Таму мы і падпісалі пагадненне аб асацыяцыі з Еўрасаюзам, таму мы, я як лідар украінскага народа спрабую рэфармаваць сваю краіну, каб прынесці сюды еўрапейскія каштоўнасці, каб адпавядаць крытэрам для магчымага будучага ўступлення ў ЕС.

Гэта жыццёва важна для нас.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?