Тры медалі прывезлі беларусы з 37-га чэмпіянату свету па армрэстлінгу, які праходзіў з 27 верасня па 4 кастрычніка ў Куала-Лумпуры (Малайзія). У спаборніцтвах удзельнічалі 764 спартсмены з 50 краін, паведаміў 9 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў Брэсце Віктар Братчэня, які заваяваў на чэмпіянаце два залатыя медалі (у спаборніцтвах на правую і левую рукі). Ён выступаў сярод паралімпійцаў у вагавой катэгорыі да 80 кілаграмаў. 

Паводле яго слоў, яшчэ залаты медаль на гэтым сусветным першынстве (на левую руку) сярод ветэранаў у вагавой катэгорыі да 100 кілаграмаў у Сяргея Сергеля з Баранавіч. Усяго на гэтых спаборніцтвах выступала пяць беларускіх атлетаў.

«Цяпер я дзесяціразовы чэмпіён свету. Гэтую мэту я паставіў перад сабой шмат гадоў таму, — сказаў Братчэня. — Зараз я хачу стаць дваццаціразовым уладальнікам узнагароды вышэйшай пробы на сусветным першынстве, таму давядзецца яшчэ паднапружыцца». 

Ён адзначыў, што ў Куала-Лумпуры выйшаў у фінал спаборніцтваў на правую руку з адным паражэннем. «Гэта быў тактычны пройгрыш. Я адчуў, што магу атрымаць траўму. І цяпер можна гаварыць: зрабіў правільна», — рэзюмаваў Братчэня. 

Ён падкрэсліў, што на чэмпіянат свету паехаў адразу пасля ўдзелу ў сусветных гульнях IWAS, якія праходзілі ў Сочы. 

«Упершыню ў праграму гульняў быў уключаны армрэстлінг. І я не мог іх прапусціць. Там заваяваў два сярэбраныя медалі: на правую і на левую рукі, — дапоўніў Братчэня. — На гэтых гульнях я выступаў адзін ад Беларусі. Дарэчы, па армрэстлінгу ў нашай краіны трэцяе агульнакаманднае месца. Так што і адзін ў полі воін». 

Братчэня сказаў, што нядаўна атрымаў запрашэнне з Амерыкі ўзяць удзел у сакавіку 2016 года ў міжнародным спартыўным фестывалі Arnold Classic, які праводзіць Арнольд Шварцэнегер. «Пакуль там не было ніводнага прадстаўніка з нашай краіны. Буду размаўляць са спонсарамі, і калі атрымаецца, абавязкова паеду», — заявіў спартсмен. 

Трыццацігадовы Віктар Братчэня жыве ў пасёлку Матыкалы Брэсцкага раёна, пачаў займацца спортам у 15 гадоў. Ён заслужаны майстар спорту. Трэніруецца дома, дзе ў яго абсталяваная спартыўная зала. У Братчэні 20 залатых, 13 сярэбраных і 6 бронзавых медалёў, заваяваных на чэмпіянатах свету і Еўропы, а таксама на кубках свету.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?