Хаця расейцы лічаць Беларусь самай блізкай ім краінай, яны знаёмыя зь ёй значна горш, чым зь меней сымпатычнай большасьці зь іх Украінай. Усё ж украінцы ўтвараюць другі па колькасьці этнас у Расеі, а беларусы нядаўна вышлі зь першай дзясяткі найбуйнейшых нацыянальнасьцяў.

За апошнія гады ў расейскай грамадзкай думцы нівэляваліся, адышлі ў цень старыя, часоў БССР, побытавыя, песьняроўска‑бульбяна‑трактарныя клішэ. Да іх зьвяртаюцца інэрцыйна, і ўсё радзей: проста Беларусь паступова зьнікла з інфармацыйнага фокусу расейскага абываталя ў параўнаньні, скажам, з краінамі Заходняй Эўропы і Амэрыкі.

Першы ў сьвеце расейска‑беларускі слоўнік і нямецкія млыны

Традыцыйна самы пашыраны і стабільны расейскі стэрэатып пра Беларусь сьцьвярджае, што беларусы — гэта тое ці амаль тое самае, што расейцы. Шкада, што і самі беларусы часта падыгрываюць гэтаму клішэ — ня столькі празь яго праўдападобнасьць, колькі праз пэўную рысу нацыянальнага характару. Гэтая ж рыса, калі б гісторыя склалася крыху іначай, не дазволіла б беларусам аспрэчваць уяўленьне пра тое, што беларусы — амаль тое самае, што палякі.

Прыгадваецца жарт з КВН, які выразна характарызуе стаўленьне расейцаў да беларусаў: маўляў, выйшаў першы ў сьвеце расейска‑беларускі слоўнік, дзе адзінае адрозьненьне — беларускае слова «Лукашэнка» замест расейскага слова «прэзыдэнт».

У той самы час унутры расейскага грамадзтва сустракаецца і дыямэтральна супрацьлеглы стэрэатып пра Беларусь — як пра заходнюю, эўрапейскую краіну. Прычына яго пашыранасьці і ў тым, што людзі схільныя распаўсюджваць на Беларусь свае веды і ўяўленьні пра суседнія зь ёй краіны. Гледзячы на кіраўніцтва Ўкраіны ці Літвы, складана ўявіць, што А.Лукашэнка беларускай мовай не карыстаецца і, тым болей, што нацыянальная мова можа гэтак дыскрымінавацца.

У Маскве і іншых буйных расейскіх гарадох часта сустракаюцца крамы, што спэцыялізуюцца на беларускім тэкстылі ці мэблі, але належаць расейцам і аздабляюцца расейцамі. Часта на гэтых крамах малююцца сярэднявечныя замкі, млыны і ледзьве не нямецкія вясковыя хаткі, што стварае нязвыклы, хаця прыгожы і жаданы вобраз Беларусі.

Магчыма таксама, такі спэцыфічны стэрэатып адлюстроўвае пэўнае «расчараваньне» чалавека ў клішэ пра беларуска‑расейскае падабенства, якое наступае ад першага павярхоўнага сутыкненьня з сапраўднай Беларусяй: выходзіць, што беларусы адрозьніваюцца ад расейцаў і імёнамі, і мовай, і культурай, і веравызнаньнем. Адзін мой знаёмы нават сьцьвярджаў, што «Беларусь — гэта каталіцкая краіна, як Польшча ці Чэхія».

Незразумелая беларуская мова

У свой час расьсьмяшылі камэнтары расейскіх тэлежурналістаў адносна візыту беларускага кіраўніка да Уга Чавэса. «Відаць, Лукашэнка так расчуліўся, што нават перайшоў на расейскую мову», — інтрыгавалі знаёмага зь беларускай моўнай сытуацыяй гледача журналісты аднаго з цэнтральных тэлеканалаў. Тлумачэньне фразы прыйшло праз сэкунду: «Магчыма, у Вэнэсуэле проста не знайшлі перакладчыка зь беларускай». Што да самой мовы, дык было цікава ўбачыць, як большая частка расейцаў абсалютна не ўспрымае яе на пісьме. «Украінская мова — зразумелая, а беларуская — зусім не». І сапраўды, на пісьме ўкраінская мова аб’ектыўна значна больш падобная да расейскай. Тое самае тычыцца пісьмовых сэрбскай ці баўгарскай.

У адным зь нядаўніх расейскіх экшн‑фільмаў самалёт пралятае над тэрыторыяй Беларусі, і службоўцы беларускай супрацьпаветранай абароны размаўляюць міжсобку па‑беларуску. Карціна, якая для сучаснай Беларусі зьяўляецца фантастычнай, расейцам падаецца цалкам натуральнай. У зусім сьвежым фільме «Cloverfield» ёсьць эпізод, дзе героі ў разбураным Нью‑Ёрку сустракаюць купку замежнікаў, якія лямантуюць на нейкай незразумелай мове. У расейскай вэрсіі дубляжу замежнікі размаўляюць… па‑беларуску.

Што казаць, такія забабоны выклікаюць усьмешку і нават маўклівае сарамлівае нежаданьне іх зьняпраўджваць.

Здушыць у абдымках «лепшую Расею»

Так, з аднаго боку, большасьць расейцаў хацелі б, каб Беларусь была ў складзе Расеі. Гэтае тыпова расейскае жаданьне любоўна душыць суседзяў у братэрскіх абдымках праяўляецца ў дачыненьні да Беларусі асабліва яскрава. Зь іншага боку, для многіх расейцаў Беларусь — гэткая недатыкальная краіна‑мара, і многім бы хацелася, каб сутнасна Беларусь далучыла да сябе Расею і распаўсюдзіла сваю дабрадзейную аўру на блудную Гіпэрбарэю, што пакаялася.

Супярэчлівае ўяўленьне расейцаў пра Беларусь — гэта нібы мара пра нейкую «лепшую Расею», населеную блакітнавокімі сьветлавалосымі славянамі пад кіраўніцтвам добрага цара, які робіць вуліцы чыстымі, платы пафарбаванымі, а пэнсіі высокімі. Яны шчыра вераць, што ў Беларусі адбылося тое, чаго так і ня зьдзейсьнілася ў Расеі за яе пяцісотгадовую гісторыю, нягледзячы на несупынныя сызыфавы намаганьні кіраўніцтва: пабудова агульнага шчасьця жорсткім прэзыдэнцкім дэкрэтам. Як аўтарытэтны апазыцыйны эканаміст Дзялягін, яны з сур’ёзным выглядам разважаюць пра дасягненьні беларускай эканомікі, наіўна грунтуючыся на афіцыйнай беларускай статыстыцы ці на эўфарычных допісах маскоўскіх блогераў пра аднадзённыя паездкі ў Менск.

Стэрэатыпы не закансэрваваныя ў часе. Паступова расейскія стэрэатыпы пра Беларусь разам зь яе іміджам эвалюцыянуюць у кірунку расчараваньня. За апошнія гады зьявіўся вобраз беларусаў‑гастарбайтараў: «Вот почему все мы едем в Москву — с голоду‑гду‑гду‑гду, с голоду‑гду», сьпявалі на песьняроўскі матыў карыкатурныя беларусы на чарговым расейскім гумарыстычным тэлешоў. Дзяржаўная прапаганда ў пэрыяды абвастрэньня напружанасьці з афіцыйным Менскам не ўпускае шанцу намаляваць красамоўны вобраз Аляксандра Лукашэнкі, што крадзе расейскі газ. Зрэшты, эксцэнтрычны прэзыдэнт зрабіўся самым яскравым сымбалем і ўвасабленьнем Беларусі, на вялікі жаль, для ўсяго сьвету, а ня толькі для Расеі.

Сьмешныя і абразьлівыя, фантастычныя і змрочна‑рэальныя, расейскія клішэ пра Беларусь супярэчаць адно аднаму і сьведчаць пра непраўдзівасьць аднаго, самага галоўнага стэрэатыпу — пра тое, што Беларусь і Расея маюць супольны лёс. Можна спадзявацца, што калі‑небудзь згасьне крывадушны патас пра «братэрства» і «падзелены народ», і на яго месца прыйдуць сухія добрасуседзкія ўзаемапаважлівыя стасункі. Хаця ўзаемныя стэрэатыпы, канечне, будуць існаваць і ў той далёкі ад нас час.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?