Незалежная назіральніца Наталля Гарачка сёння не ўстала, калі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў галасаваць на свой участак. Мы патэлефанавалі жанчыне, каб даведацца, як гэта было.

«Камісія складалася з супрацоўнікаў гэтага ўніверсітэта [Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізкультуры і спорту — «НН»], быў прадстаўнік ЛДПБ, КПБ, Саюза жанчын. Усе падняліся, калі Лукашэнка зайшоў, ён пачаў ціснуць рукі. Я рукі не падала.

Бо лічу, што ён, як чыноўнік, не стварыў умоваў для развіцця Беларусі. Такім чынам я паказала стаўленне да яго людзей, не тых, хто з года ў год яго аблізваюць, а простых людзей Рэспублікі Беларусь.

Ён спрабаваў падаць руку мне, але я не ўстала, нават не паглядзела ў яго бок, то ён руку прыбраў.

Ведаеце, не страшна было. Некалі я ў адзіночку стаяла на Кастрычніцкай плошчы з бел-чырвона-белым сцягам і балонікам, дзе быў перакрэслены партрэт Лукашэнкі. Нехта з журналістаў сфатаграфаваў і змясціў у часопіс з цудоўнай фразай:

«Улада баіцца тых, хто яе не баіцца, і не любіць тых, хто любіць яе». Усе, хто мяне ведае, да мяне ставяцца паважліва.

Я была незалежным назіральнікам ад прафсаюза РЭП, таксама я дапамагаю незарэгістраванай праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву». Яшчэ ў мяне грамадзянская арганізацыя «Беларускі ўкроп», якая займаецца дапамогай Украіне.

Дастаткова цяжка было трапіць на ўчастак Лукашэнкі. Некаторых людзей не зарэгістравалі, майго напарніка прыбралі з участка. Прыехалі з яго працы, пачалі палохаць звальненнем.

Са мной была яшчэ дзяўчынка з АГП Марына. Яна таксама не ўстала, калі прыйшоў Лукашэнка. Толькі мы ўдзвюх сядзелі.

Большасць назіральнікаў былі фіктыўнымі. Яны добрыя знаёмыя сябраў камісіі, віталіся за руку людзьмі, што прыходзілі галасаваць, абдымаліся. Гэта ж асаблівы ўчастак. Там людзі з Драздоў, спартсмены.

Назіральнікі гэтак сама стаялі, калі прыязджаў Віктар Лукашэнка з дзіцём, ён праз паўгадзіны прыехаў пасля бацькі.

Калі Лукашэнка зайшоў у кабінку, то адразу адзін за адным прыйшло 111 чалавек на галасаванне. У іншыя гадзіны было нашмат меней.

На ўчастку было 2681 выбарцаў. Паводле нашых падлікаў, на галасаванне прыйшло 1368 чалавек, то бок крыху болей за 50%. Афіцыйныя ж лічбы, што прагаласавала 2053 чалавекі. А за Лукашэнку афіцыйна прагаласавала 1403 чалавекі, па нашых падліках столькі нават не прыйшло галасаваць.

Я займаюся грамадскай дзейнасцю ад 1996 года, калі было створанае аб’яднанне «Асацыяцыя шматдзетных бацькоў Савецкага раёна горада Мінска». Мы прасоўвалі праект закона аб ільготным крэдытаванні шматдзетных сем’яў. Ад 2000 года я актыўна ўдзельнічала ва ўсіх акцыях пратэсту. На Акрэсціна была аднойчы — у 2006 годзе пасля першага дня суда над Аляксандрам Казуліным. Сядзела ў камеры з рудой дзяўчынай, якая ўжо памерла, Хрысцінай Шацікавай.

Усе мае чацвёра дзяцей таксама ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці. Былі ў «Зубрах», на Плошчы. Дачка Юлія сёння таксама была назіральніцай».

* * *

Наталлі Гарачцы 49 гадоў. Яна нарадзiлася у Мiнску. Скончыла Мiнскi тэхналагiчны тэхнiкум. Мае трох сыноў i дачку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?