Паводле зьвестак на раніцу, суботы у выніку сутыкненьняў паміж удзельнікамі акцый пратэсту і кітайскімі сіламі бясьпекі ў сталіцы Тыбэту Лхасе загінулі сама мала 10 чалавек.
Пэкін называе падзеі мяцяжом. У арганізацыі масавых беспарадкаў улады вінавацяць “тыбэцкіх сэпаратыстаў” і далай-ламу, які пражывае ў эміграцыі.
Праваахоўчыя органы Кітаю высунулі супраць удзельнікаў акцый пратэсту абвінавачаньні “ў забойстве мірных грамадзян, а таксама нападзе і прычыненьні фізычнай шкоды прадстаўнікам улады”. Разам з тым паліцыя паабяцала праявіць лістасьць у адносінах да тых, хто дабравольна здасца да натсупнага панядзелка”.
Хваляваньні ў Лхасе працягваліся цягам усяго апошняга тыдня. Ад панядзелка будыйскія манахі ладзяць маніфэстацыі з нагод 49-й гадавіны паўстаньня ў Лхасе, яко скончылася выгнаньнем духоўнага лідэра Тыбэту Далай-ламы. Да мірнага шэсьця тыбэцкіх манахаў далучыліся мірныя жыхары, у выніку чаго шэсьце перарасло ў самую масавую і нямірную дэманстрацыю за апошнія 20 год у рэгіёне.
У пятніцу хваляваньні ахапілі цэнтар гораду. Сутыкненьні працягваліся да глыбокай ночы, але да раніцы суботы – розьніца зь менскім часам складае + 8 гадзін – сытуацыя ў Лхасе стабілізаваася.
Эўрасаюз заклікае Пэкін мірна вырашыць канфлікт. Славенія, што старшынствуе ў ЭС, быў распрацаваны дакумэнт, у якім апроч ішых захадаў урэгуляваньня канфлікту прапаноўваецца адпусьціць усіх затрыманых.
Хваляваньні ў Тыбэце адбываюцца на тле маючых адбыцца ўлетку ў Пэкіне Алімпійскіх гульняў. Тыбэтцы хочуць прыцягнуць увагу сусьветнай супольнасьці да дзеяньняў кітайскіх уладаў, якія, на іх думку, парушаюць правы чалавека; яны патрабуюць больш свабоды – палітычнай і рэлігійнай.
Кітайскія ўлады, у сваю чаргу, знаходзяцца перад цяжкім выбарам. Менш чым за пяць месяцаў перад Гульнямі яны не жадаюць кровапраліцьця і паўтарэньня падзей, што мелі месца мінулай восеньню ў М’янме.
Тыбэт. Гістарычная даведка.
Варта адрозьніваць гістарычную вобласьць Тыбэт і Тыбэцкі аўтаномны раён (ТАР).
ТАР у Кітаі займае менш чым палову усяго гіст. Тыбэту (правінцыя У-Цанг і заходняя частка Кхаму), а насельніцтва ТАР складае траціну ад усяго насельніцтва гістарычнага Тыбэту. Тэрыторыя гістарычнага Амдо і астатняя частка Кхаму адміністрацыйна ўваходзяць у правінцыі Юньнань, Сычуань, Цынхай і Ганьсу.
Плошча гістарычнага Тыбэту – 2,5 млн кв. км. Сярэдняя вышыня тэрыторыі 4 000 м над узроўнем мора.
На тэрыторыі ТАР пражывае 2,4 мільёна тыбэтцаў і 190 тыс. іншых нацыянальнасьцяў (у асноўным хань – кітайцаў), на тэрыторыі гістарычнага Тыбэт жыве 5,2 млн тыбэтцаў і 3,6 млн інышх нацыянальнасьцяў.
За межамі Тыбэту ў выгнаньні жыве 134 тыс. тыбэтцаў, 100 тыс. у Індыі, 20 тыс. у Нэпале. На мяжы Тыбэту і Нэпалу знаходзіцца найвышэйшая гара ў сьвеце – Джамалунгма.