Прэзідэнцкія выбары 11 кастрычніка зноў паказалі, што Беларусі яшчэ трэба доўга ісці па шляху да выканання абавязацельстваў АБСЕ па дэмакратычных выбарах.

фота Сяргея Балая, Tut.by

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, прадстаўленай сёння на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

«Гэта падкрэслівае неабходнасць палітычнай волі для правядзення ўсёабдымнага працэсу рэформ», — падкрэсліваецца ў дакладзе.

Назіральнікі БДІПЧ АБСЕ паказалі на некаторыя паляпшэнні і «ветлівае стаўленне» да місіі. Але «значныя праблемы, асабліва падчас падліку і звядзення вынікаў галасавання, падарвалі сумленнасць выбараў», адзначаецца ў дакладзе.

Пры гэтым падкрэсліваецца, што выбарчая кампанія і дзень выбараў праходзілі мірна.

«Гэта відавочна, што перад Беларуссю доўгі шлях, каб выканаць усе дэмакратычныя абавязацельствы, — сказаў спецыяльны каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў Парламенцкай асамблеі АБСЕ на прэзідэнцкіх выбарах у Беларусі, намеснік старшыні ПА АБСЕ Кент Харстэд. — Вызваленне палітвязняў і сардэчны падыход да назіральнікаў з'яўляюцца пазітыўнымі момантамі. Аднак тая надзея, якую нам гэта дало, не спраўдзілася. Улічваючы папярэднія абяцанні, я асабліва расчараваны недахопамі падчас падліку і сумавання галасоў. Мы спадзяёмся, што беларускі ўрад праявіць палітычную волю для паўнавартаснага працэсу рэформ, у чым мы гатовыя аказаць падтрымку».

У справаздачы адзначаецца, што ўсе кандыдаты змаглі правесці агітацыйныя кампаніі па ўсёй краіне і данесці свае пасланні без перашкод. Выбарчая кампанія «была сціплай, але стала больш актыўнай у апошнія два тыдні».

У той жа час адзначаецца, што толькі адзін кандыдат, чыя перадвыбарная платформа была сканцэнтравана на сацыяльна-эканамічных пытаннях, быў «адкрыта крытычна настроены ў дачыненні да дзейнага прэзідэнта». Гэта абмяжоўвала выбар выбаршчыкаў, гаворыцца ў справаздачы.

«Выбарчы працэс у дзень галасавання быў ацэнены пазітыўна на 95% выбарчых участках, дзе праводзілася назіранне, але вялікай колькасці назіральнікаў не дазволілі праверыць спісы выбаршчыкаў, а ідэнтычныя на выгляд подпісы зафіксаваныя на 47 участках», — гаворыцца ў справаздачы.

«Працэс падліку галасоў быў ацэнены адмоўна на 30% выбарчых участкаў, дзе праводзілася назіранне, што паказвае на значныя праблемы. Працэс сумавання вынікаў галасавання быў ацэнены як негатыўны і пазбаўлены празрыстасці на 25% выбарчых участкаў, дзе былі назіральнікі», - адзначаюць назіральнікі БДІПЧ АБСЕ.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?